Кіно

«Вочкі» ў чужыя лёсы

26 і 27 чэрвеня ўпершыню ў Гродне ладзіўся шырокі паказ дакументальнага хрысціянскага кіно.

Завабіць гледача на такі жанр даволі цяжка. Аднак зала кінатэатра «Чырвоная зорка» падчас двух дзён паказу стужак-лаўрэатаў Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat была запоўнена цалкам.
Каля касы стаялі людзі і пыталі «лішні білецік»: квіткоў на ўсіх ахвотных гледачоў не хапіла.

Перад самым паказам да гледачоў звярнуўся рэжысёр «Беларусьфільма» Юрый Гарулёў, старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм:

— Скажу шчыра, што як рэжысёр дакументальнага кіно я не вельмі часта бачу такія запоўненыя залы. Таму застаецца толькі парадавацца, што ў Гродне вось так цікавяцца дакументальным кіно.

Фестываль праводзяць і ствараюць каталікі, аднак абсалютна на аднолькавых умовах на ім прысутнічаюць стужкі рэжысёраў і праваслаўнай канфесіі, і пратэстантаў.
Фестываль Magnificat з’яўляецца даволі ўнікальнай з’явай. Такіх міжнародных культурных падзей, якія збіраюць стужкі на духоўныя тэмы, паказваюць, як чалавек прыходзіць да веры, у свеце не так і шмат. Шмат гледачоў, якія чытаюць пра кінафестываль, хочуць таксама ўбачыць гэтыя карціны, аднак не маюць магчымасці трапіць на фестывальныя прагляды ў Глыбокае. Таму існуе такое мерапрыемства, як «Рэха фестывалю».

Гродзенскі двухдзённы паказ ладзіўся дзякуючы прадстаўнікам аргкамітэта фестывалю Magnificat: Ганне Віткоўскай, Аляксандру і Юрыю Лавышам, Андрэю Міскевічу.

З-за штодзённых клопатаў мы рэдка звяртаем увагу на жыццё вакол нас. Тысячы людзей са сваімі лёсамі абмінаюць нас, а мы збольшага ведаем, што набылі, куды паехалі ці якія праблемы на працы ў нашых сяброў і суседзяў. І штодзённы быт зацяняе нам яркія фарбы жыцця, якое сапраўды цікавае і каляровае.

Дакументальныя фільмы могуць зрабіцца «вочкамі» ў суседнія, а можа, і далёкія чалавечыя лёсы і гісторыі. Пасля прагляду трошкі больш ведаеш, чым жывуць людзі за белым мурам гродзенскай турмы і навошта туды ходзіць кс. Казімір Жыліс.
Стужка «Дзяўчаты, дзяўчаты» пра выхаванак Свята-Нікольскага манастыра на тэрыторыі Украіны.
Маленькія дзяўчынкі трапляюць у прытулак пры манастыры найчасцей з праблемных сем’яў, за свой кароценькі век яны ўжо паспелі пабачыць гора. Імі ў манастыры апекуюцца манахіні, спрабуючы ахінуць іх хрысціянскай любоўю і клопатам.
І што цікава: рэжысёр спытаў дзяўчат, кім яны мараць стаць. Большасць дзяўчынак рознага ўзросту выказалася за тое, каб у прафесіі абавязкова служыць людзям. Атрымаўшы любоў, дзіця, а пасля дарослы чалавек гатовы дарыць яе іншым.
Адваротнае можна было ўбачыць у фільме «Хлопец маёй сяброўкі». Малады святар, былы скінхэд, нефармал, на прыміцыйнай св. Імшы якога замест аргана граў рокавы гурт, працуе з моладдзю.
Малады чалавек сам перажываў падобныя праблемы, на могілках роднага мястэчка знаходзяцца некаторыя сябры юнацтва, якія памерлі ад наркотыкаў. І ён распавядае пра маладых праблемных хлапцоў, якія калісьці ў дзяцінстве недаатрымалі бацькоўскай і чалавечай любові, і таму зараз за ўвагу да сябе змагаюцца ўсімі спосабамі. Гэтая пустата, незапоўненая любоўю, штурхае хлопцаў да злачынстваў, алкаголю і наркотыкаў.

Вельмі кранальнай была стужка пра тэатр, у якім граюць людзі з сіндромам Даўна. Яна магла падацца цяжкай, а магла падацца і пазітыўнай: хворыя людзі пад апекай і пры падтрымцы так бы мовіць здаровых людзей здолелі рэалізаваць свае здольнасці — музычныя, акторскія… Яны адчуваюць сябе паўнавартаснымі асобамі.

Вось за гэтыя «вочкі» ў іншыя чалавечыя сусветы вялікі дзякуй рэжысёрам-дакументалістам і арганізатарам кінапрагляду. Хочацца спадзявацца, што паспяховыя паказы натхняць арганізатараў ладзіць такія вечары хрысціянскага дакументальнага кіно ў Гродне часцей.

Каментары

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены21

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Усе навіны →
Усе навіны

«Калісьці я кіраваў аддзелам пад 40 чалавек». Цімлід не знайшоў працу ў Польшчы і ўладкаваўся касірам12

«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры4

«Чорная жамчужына» сушыць вёслы»: тыкток у захапленні ад вялізнага фрэгата, які пабудаваў пенсіянер у Пінску ў сваім агародзе6

Беларус вырасціў гіганцкі перац — памерам з электрачайнік1

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары24

«Хлопцы гралі на гітары Ляпіса Трубяцкога». Як беларусы арганізаваліся, каб сустрэць нечакана вызваленых палітвязняў4

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла9

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком1

У ЗША 18‑гадовы зумер зарабіў $30 мільёнаў на дадатку, які лічыць калорыі па фота ежы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены21

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць