Гарадзенскі канцэрт «Палаца» — знакавы ў гісторыі калектыву адразу з трох нагодаў.
Гарадзенскі канцэрт «Палаца» — знакавы ў гісторыі калектыву адразу з трох нагодаў. Пачынальнікі «фольк‑мадэрну» ў Беларусі выступалі легальна першы раз са свайго звальненьня зь «Белканцэрту» пасьля ўдзелу ў мітынгу ў 2004 г., а да ўсяго гралі тут сольнік упершыню за сваю гісторыю. Але ж галоўная нагода — 15‑годзьдзе гурту. Публіка відавочна затужыла па Хаменку ды кампаніі — квіткі разышліся за тыдзень да пачатку імпрэзы.
«Грошы невялікія, але ж даўно ня гралі канцэрту па квітках», — разважае дарогай Горадню Алег Хаменка, які ў апошнія гады займаецца больш радыйнымі справамі, чым музыкай. Аднак, пры канцы красавіка, гурт аднавіў кіпучую канцэртную дзейнасьць. Толькі што яны вярнуліся з Украіны — гралі на запрашэньне адміністрацыі Данецкай вобласьці ў тамтэйшай філярмоніі. І вось, не пасьпеўшы як сьлед адпачнуць, — музыкі кіруюць у Горадню.
Колісь «Палац» меў усё, пра што можа марыць тут музыкант: замежныя туры, дзяржаўную падтрымку, прыстойную кропку ды студыю, тэле‑ і радыёратацыі. Не адзін год яны выдатна спалучалі выступы на «Басовішчы» і «Славянскім базары», мелі павагу як з боку эстрадных мэтраў, так і любоў незалежнікаў. Ясна, што доўга так цягнуцца не магло. «Мусілі рабіць свой выбар у пэўны час. І я не шкадую пра сваё рашэньне», — так Хаменка згадвае той выступ на мітынгу, пасьля якога ўсе выступоўцы займелі немалыя праблемы з чыноўнікамі. У «Палаца» засталася хіба толькі павага ды любоў. Але ў цяжкі час удзельнікі гурту не разьбегліся, а працягвалі працаваць над новым матэрыялам, не пакінулі ідэі стварэньня м’юзыклу. І з радасьцю адгукнуліся на прапанову даць канцэрт у Горадні.
Жыцьцё ў Горадні віруе. На Савецкай сабралася купка маладзёнаў, якія абмяркоўваюць сваю чарговую акцыю пратэсту супраць руйнаваньня гістарычнага цэнтру. Туды‑сюды сноўдаюць байкеры, у гэты дзень акурат іхні сход праходзіць. Нейкая дэлегацыя кіруе ў бок мясцовай філярмоніі — там у гэты вечар сьвяткуюць яе 60‑годзьдзе. Да Тэатру лялек, дзе грае «Палац», не пад’ехаць — паўсюль людзі, вясельле за вясельлем, кілямэтровая чарга па піва. Мясцовыя даішнікі забясьпечваюць машынам гурту «зялёны» калідор, прыязная сустрэча з арганізатарамі: «А мы яшчэ дзьве гадзіны таму вам пад’есьці падрыхтавалі». Пляніроўка тэатру нагадвае менскі купалаўскі, але ж гарадзенскі збудаваны значна раней — у 1762 г. Тут добрая акустыка і таму нават кепскі апарат ня здолеў папсаваць сьвята.
«Палацаўцы» збудавалі свой выступ такім чынам, што на кожны год дзейнасьці прыпадала свая гісторыя ды песьня. Хаменка згадваў пра першыя гастролі і першыя прыгоды, казаў пра тое, як зьявілася ў рэпэртуары гурту тая ці іншая песьня. Асаблівую весялосьць у залі выклікала гісторыя пра твор «Волы»: «За тымі часамі мужыкі штогод выпраўляліся па соль у Крым. Шлях няблізкі, дык што рабіць здаровым мужыкам, на вазу седзячы? Якраз і мы пачалі выпраўляцца ў замежныя гастролі, таму надта блізкім аказаўся гэты сьпеў», — апавядае сьпявак пад агульны рогат залі. Цікава, што гарадзенская публіка не падпявала нават на «Новай канюшні», але слухалі зь вялікай прыязнасьцю. За ўвесь канцэрт хіба толькі купка чыноўнікаў пайшла з залі. Заўпэўніліся, відаць, што «Палац» напраўду апалітычны ў сваёй творчасьці. Залю асабліва кранула «Праваджала маці сына», якую Хаменка напісаў па матывах аднаго знойдзенага радка зь песьні, што сьпявалі паўстанцы Каліноўскага: «Самой песьні так і не знайшоў, давялося ўявіць, якой яна магла быць, і напісаць яе самому», — тлумачыць са сцэны Хаменка.
Дарогай дамоў «палацаўцы» шкадавалі пра адзінае: што ня здолелі сабраць разам з нагоды такой значнай даты тых, хто быў зьвязаны з гуртом раней. З «Палацу» выйшла нямала знаных музыкаў, якіх потым параскідаў лёс. Сёй‑той ужо перайграў з плоймай эстраднікаў ды альтэрнатыўнікаў — «палацаўцы» гралі і ў «Песьнярах» зь «Сябрамі», і ў «Ляпісе Трубяцкім» з «Крамай». З «Палацу» выйшлі паўнавартасныя музычныя праекты — «Крыві» ды «Юр’я». Вераніка Круглова жыве цяпер у Бэрліне, Юрась Белякоў змушаны зарабляць на жыцьцё ў Амэрыцы, Юры Выдронак ды Зьміцер Вайцюшкевіч шчыльна занятыя сваімі праектамі. Але ўсе, хто чуў «Палац», ведаюць — гэта музыка будзе вечнай!
Каментары