Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»11

Мэнтальная нястраўнасьць

Чаму ў Менску паціраюць рукі, калі ў Самары Пуцін з Мэркель скубуцца? Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Буш у інтэрвію "Ройтэрз" выступіў з беспрэцэдэнтна рэзкай крытыкай палітыкі Пуціна. Перад гэтым у Самары з трэскам праваліўся саміт Расея — Эўразьвяз. Трохі раней няўдачай скончыўся ваяж у Маскву Кандалізы Райс. А на 9 траўня Пуцін фактычна правёў паралель між ЗША і трэцім райхам.

Што гэта, прэлюдыя да новай халоднай вайны? І ці выйграе ад гэтага трэнду афіцыйны Менск?

Дык вось, амэрыканскі прэзыдэнт выказаў сумнеў, што сябар Уладзімер вядзе краіну ў бок дэмакратыі. Стасункі Расеі з Захадам Буш без эківокаў назваў напружанымі. А сярод іншага — во на які ўзровень пытаньне выйшла! — закінуў Маскве і дыскрымінацыю польскага мяса.

Далося ў знакі гэтае мяса! Фармальна празь яго атрымаўся безвыніковым і саміт у Самары. Варшава, якую страшэнна пакрыўдзіла эмбарга, на знак помсты блякуе заключэньне новай дамовы паміж Расеяй і Эўразьвязам.

Між іншым, Польшчы ёсьць за што змагацца. Раней яна прадавала ў Расею мяса на 350 мільёнаў эўра за год (прыладна столькі каштуюць гандлёвыя прэфэрэнцыі Эўразьвязу для Беларусі). Масква закінула палякам тое, што яны гоняць пад выглядам свайго прадукту ці не індыйскую буйваляціну.

Хаця мяса, нібыта не адпаведнае санітарным нормам, — толькі падстава. Тут ў Масквы нястраўнасьць іншага кшталту. У прыватнасьці, Крэмль разьюшыла роля Варшавы ў памаранчавай рэвалюцыі на Ўкраіне. І роля Вільні таксама, дарэчы. Ці выпадкова перасохла неўзабаве труба "Дружбы" ў кірунку Мажэйкяйскага НПЗ?

Карацей кажучы, Крэмль ня можа зьмірыцца, што колішнія краіны сацлягеру і нават былыя "малодшыя сёстры" ня толькі выпалі са сфэры ўплыву, але і паказваюць палітычны нораў. Каса на камень. Асабліва крыўдна, што са старой Эўропай з абліччам а-ля Шродэр амаль што было паразумеліся, гешэфты ладзіць пачалі, а тут, халера іх бяры, вылезьлі нейкія палякі зь летувісамі! Зрэшты, і эстонцы з трансфэрам бронзавага жаўнера расстараліся...

Ад шэрагу аналітыкаў можна пачуць: расейскія вярхі наўмысна раскручваюць антызаходнія настроі перад хуткімі выбарамі Думы і прэзыдэнта. На тле канфрантацыі лягчэй адкідаць прэтэнзіі Захаду да "кіраванай дэмакратыі" крамлёўскага разьліву.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў схільны глядзець на калізію шырэй. Рэч ня столькі ў перадвыбарных гульнях, колькі ў паглыбленьні каштоўнаснага канфлікту між цяперашнім расейскім рэжымам ды заходняй дэмакратычнай супольнасьцю, лічыць наш экспэрт (дарэчы, пра тое самае кажуць і асобныя расейскія аглядальнікі).

Беларускія дзяржаўныя мэдыі камэнтуюць няўдалы ваяж Райс ды правал саміту ў Самары з кепска прыхаванай злараднасьцю. І рэч тут ня толькі ў прапагандысцкіх стэрэатыпах. "Паўнамаштабнай халоднай вайны ня будзе. Аднак гэтае заўважнае пахаладаньне — на карысьць беларускаму рэжыму, — лічыць Андрэй Фёдараў. — Масква пастараецца прыцягнуць бліжэй рэшту хаўрусьнікаў. А зрабіць гэта можна за кошт нейкіх прэфэрэнцыяў. Зь іншага боку, і Захад у такіх варунках будзе засьцерагацца надта ціснуць на беларускую ўладу, каб яна дзеля паратунку ня кінулася ў абдымкі Расеі".

Драматызм моманту для нашай краіны у тым, што аб'ектыўна зараз узмацніліся акурат чыньнікі збліжэньня з Эўропай. Масква сама, калі хочаце, туды Беларусь падштурхоўвае! Хаця б такі штрых: праз дыскрымінацыю польскага мяса затаварыліся і нашыя мясакамбінаты, не атэставаныя грознымі расейскімі правяральнікамі. У нашых інтарэсах, каб нафта і газ ішлі з Азіі ў Эўропу ў абыход Расеі (хаця айчынная прапаганда бязглузда радуецца таму, што высілкамі Крамля быў скамечаны энэргетычны саміт у Кракаве). Хіба мы ня зьведалі, што такое нафтагазавы шантаж, якога так баіцца Эўразьвяз?

"Калі б ва ўлады было шчырае імкненьне да збліжэньня з Эўропай, Беларусь вельмі хутка атрымала б ад Брусэлю ня толькі маральную падтрымку", — упэўнены Фёдараў.

Аднак шлях у Эўропу блякуецца мэнтальнасцю сёньняшняй улады. Заходнія каштоўнасьці як у Маскве, так і ў Менску выклікаюць ідэалягічную нястраўнасьць. Затое хто-кольвек тут пацірае рукі, калі Райс фігуральна б'ецца галавой аб крамлёўскую сьцяну, Буш сварыцца на Пуціна, а на саміце ў Самары расейскі прэзыдэнт скубецца з Мэркэль. І калі "пуцінскія хунвэйбіны" пасьля аблогі эстонскай амбасады у Маскве пераключаюцца на прадстаўніцтва Эўракамісіі.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Усе навіны →
Усе навіны

Закінуты санаторый на Браслаўскіх азёрах зноў трапіў на аўкцыён. Тры гады таму інвестар купіў яго за рэкордную суму

З 1 верасня ў беларускіх школах увядуць новыя прадметы8

Лінгвістычны ўніверсітэт цяпер будзе звацца іначай. Ранейшую назву Лукашэнка палічыў «мацернай»28

Тэйлар Свіфт абвясціла пра выхад новага альбома4

Марсіянскі метэарыт прадалі на аўкцыёне за вялікія грошы. Улады афрыканскай краіны пратэстуюць2

Сярэдні кошт арэнды кватэры ў Мінску павялічыўся на 10-15%

Удзельнікаў пратэстаў шукаюць па польскай кнізе з фотаздымкамі з маршаў6

Загінуў на вайне зяць Іосіфа Прыгожына5

На якія стыпендыі можна разлічваць пры вучобе на «Гісторыі» ў ЕГУ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць