Архіў

Зьміцер Бартосік. Рыа-Рыта

№ 09 (130) 1999 г.


Рыа-Рыта

 

На Новы год я атрымаў паштоўку. Нiчога дзiўнага ў тым, што сябра павiншаваў з Калядамi, вядома, не было. Калi б ня пара акалiчнасьцяў. Паштоўка прыйшла з суседняй вулiцы. I аддрукаваны гэты шэдэўр з выяваю шампанскага на тле Спаскай вежы быў на фабрыцы Гознака ў 1959-м годзе. Каб здагадацца, ад каго прыйшло нагэтулькi стыльнае вiншаваньне, чытаць подпiс было неабавязкова.

Упершыню я яго ўбачыў сярод тлуму й дыму грандыёзнай папойкi ў бары Дому лiтаратараў. Такiя папойкi нярэдка здаралiся напачатку 90-х. Ён прыцягнуў маю ўвагу перш за ўсё сваiм зьнешнiм антуражам. У iм усё з выклiкам дысанавала з дваццацiгадовай даўнiны iнтэр’ерам казённага кабачка для «сярэдняга зьвяна». Неверагоднай канфiгурацыi капялюш, галiфэ ўзору НКВД, як на парад надраеныя высачэзныя афiцэрскiя боты. I давяршаўся гэты маскарад незвычайнай жывасьцi поглядам. З такiмi позiркамi альбо выклiкаюць на дуэль, альбо адкрываюцца ў каханьнi.

Пасьля мы пазнаёмiлiся. На пытаньне «Вы хто?» чалавек адказаў: «Паэт», — прычым з такой iнтанацыяй неабвержнасьцi дадзенага факту, быццам назваў сваё воiнскае званьне. Але пачуўшы ў той жа вечар «Я нiколi ня лашчыў радкi свае, Я iх бiў па скулах i рэбрах, Каб яны рассыпалiся iскрамi I былi камусьцi патрэбны», я больш ня меў сумневаў наконт таго, з кiм маю справу. Пасьля былi блуканьнi агульнай кампанiяй па начным Менску, дзе на мосьце празь Сьвiслач я йзноў зьдзiвiўся, наколькi чалавек у галiфэ адпавядае непрэтэнцыёзнаму менскаму ампiру. «Ну, артыст, — думаў я тады, — толькi кабуры не хапае».

Пра тое, што артыст iграе абраную ролю ўсур’ёз, я даведаюся крыху пазьней. Калi да ягонага факстротнага вобразу дададуцца словы «арышт», «амэрыканка», «галадоўка», «рэанiмацыя». I словы расейскага паэта Кушнера «Времена не выбирают, в них живут и умирают» упершыню не пададуцца мне аксiёмаю. У Беларусi можна абраць сабе часiну на густ. I ня толькi пры дапамозе прычоскi цi дзякуючы пакрою гарнiтура.

Але летась, на вечаровай узьбярэжнай памiраючага крымскага курорту, куды нас занёс журналiсцкi лёс, я iзноў глядзеў на яго, нiбы ўпершыню. Дзiвячыся, як парою дакладна могуць супасьцi вобраз i вiдарыс, зьмест i форма. I справа тут ня ў моры, не ў вясёлых гуках джаз-банды, што разносiлiся далёка ўздоўж берагу, i не ў аскепках прамiнулае эпохi — усiх гэтых балясiнах ды калянадах. А ў тым, дзеля чаго жывуць паэты. Ён убачыў сваю музу. Яна, тыповая пастаральная пастушка, зь вялiкiмi блакiтнымi вачыма гандлявала нейкiмi бясхiтраснымi сувэнiрамi. I наўрад цi чакала сустрэчы з кавалерам у ядвабным гальштуку. Дагэтуль незвычайна ашчадны, ён скупiў ледзь не палову яе тавару й павёў у блiжэйшы дансiнг. Яна, у сваёй паркалёвай сукенцы i танных сандалетах i ён, у шырокага пакрою гарнiтуры i ў капелюшы, сярод джынсы, скуры ды аглушальных дэцыбэлаў выглядалi пэрсанажамi з даўно забытага кiно. Ён тэатральна запрасiў яе на танец пад нейкую папсовую драбядзень, што неслася з магнiтафону. Але ў ягоным танцы ўсё роўна ўгадвалася «Рыа-Рыта». А я сядзеў у куточку, жлукцячы пiва ды цiха ненавiдзеў сваю ролю статыста ў ягоным спэктаклi.

Мне цяжка ўявiць сытуацыю, пры якой я асабiста апрану на сябе галiфэ й хромавыя боты. I наўрад цi я кардынальна памяняю свае густы ў бок пышнагрудых «мiс 48-мы год». I шыракаполыя капелюшы мне таксама не пасуюць. Мне застаецца адно цытаваць. I калi раптам цёплаю летняю ноччу я апынуся ў кампанii нейкай панi, якая, мiлуючыся на роўны адбiтак поўнi ў водах Сьвiслачы, прагне ад мяне паэзii, мне ня трэба доўга напружваць памяць у пошуку адпаведнага моманту радочка. Я кажу ёй: «Мажлiва, я кахаю, Але ня так, як вы; Мажлiва, я хаваю Пад пахай нож крывы, I вы не рызыкуйце Са мной iсьцi ў кiно — Я блытаю часамi Жывую кроў зь вiном»...

На дзень народзiнаў паэт падараваў мне кiшанковы гадзiньнiк. Ягоны мэханiзм ня спынiцца, пакуль мая памяць будзе захоўваць паштоўку з далёкай вулiцы Сурганава i аблiчча яе аўтара. Невысокага чалавека з поглядам сямнаццацiгадовага, бязьмежна закаханага юнака, у дарагiм капелюшы, зь сiвiзною ў валасах.

Зьміцер Бартосік


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА13

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Італьянскі матацыкліст зрабіў сэлфі з медзведзянём. Пасля гэтага яго насмерць разарваў дарослы мядзведзь6

Дасведчанаму айцішніку з EPAM прысудзілі калонію за данаты. Пагражала да васьмі гадоў7

Выкладчык БНТУ ведае 14 моў — яго парады вельмі простыя4

Захворванні, якія пераносяць камары, становяцца сур'ёзнай праблемай у Еўропе3

Пад Мінскам каля Заслаўскага вадасховішча збіраюцца пабудаваць маштабны гасцінічны комплекс ФОТЫ5

Nutella падаражэе? Цэны на фундук падскочылі на 30% з-за неўраджаю1

Аятала Хаменеі так і не выйшаў з бункера? Яго няма на публіцы ўжо 25 дзён2

«Ну праедзь ты ўжо!»: у Адэсе мужчына не падзяліў дарогу са сваім адлюстраваннем ВІДЭА4

Маладая актрыса Коласаўскага тэатра, якая зачапіла людзей выказваннем пра беларускую мову, звальняецца15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА13

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць