Архіў

Руслан Равяка. 4 м2

№ 32 (241), 6 жніўня 2001 г.


Руслан Равяка

4 м2

апавяданьне

Зьмітрок апошнім часам ня мог доўга знаходзіцца ў прыбіральні. У звычайнай, якую мае большасьць з нас, тых, хто жыве ў шэрых шматпавярховіках.

Раней штодзень Зьміцер залазіў туды, набраўшы стосы газэтаў, лістоў, дакумэнтаў, і працаваў там гадзінамі.

Шмат хто зь пісьменьнікаў, журналістаў, навукоўцаў дый проста заможных людзей мае асобныя працоўныя пакоі, з прыгожымі вялізнымі дубовымі сталамі. Зьміцер жыў у маленькай аднапакаёўцы, таму працоўным пакоем для яго была прыбіральня.

Я часта заходжу да яго. Раней амаль заўсёды адчыняла дзьверы Зьмітракова жонка — у баваўняным халаце на 4 гузікі. Яна прапаноўвала пачакаць у адзіным пакоі кватэры, а сама грукала ў дзьверы ўборнай: “Дзіма, выхадзі! К цебе Руслан прышоў!” Пасьля таксама ішла ў пакой, і мне даводзілася, яшчэ некалькі хвілінаў пазіраць ці на яе, ці на актораў лацінаамэрыканскіх сэрыялаў у старэнькім “Віцязі”.

Гэтак мы разам чакалі, пакуль Зьміцер падсумуе нейкія свае вынікі і выйдзе да нас, пад гукі голасна-бурлівага бачка.

Урэшце, жонцы надакучыла чакаць — і яна зьбегла з падобным да лацінаамэрыканца цыганом. Нягледзячы на тое, што кватэра пуставала, Зьміцер працягваў працаваць у сваім “пакойчыку”. Ён пачаў там-сям друкавацца, пра яго згадвалі добрым словам крытыкі. Але пра тое, дзе нараджаюцца ягоныя творы, ведаў толькі я. Зьміцер быў у той час апантаны ідэяй кнігі, якую зьбіраўся назваць “Думкі на ўнітазе”.

— Разумееш! — даводзіў ён мне за чаркаю. — У нашым імклівым жыцьці, у сучасным перанаселена-урбанізаваным сьвеце, чалавек знаходзіцца пад ціскам грамадзтва. Чужаніцы атачаюць асобу паўсюль — на вуліцы, на працы, у грамадзкім транспарце, у сям’і. Гэта выклікае нэрвовыя зрывы, занядбаньне Божага дару, дадзенага кожнаму з нас. Грамадзтва аплятае чалавека з маленства, зь дзіцячага садка. Таму адзінае месца, дзе асоба застаецца сам-насам са сваімі думкамі — гэта прыбіральня. Тамака чалавек адпачывае ад тысячаў іншых. 100 грамаў адзіноты, 4 м2 — вось што зараз патрэбна большасьці з нас.

— Добра, — кульнуўшы 100 грамаў размовы, кажу я. — Аднак, чаму толькі прыбіральня, а як жа ж адзіночка ў турме? Дарэчы, чаму зараз, калі кватэра твая належыць толькі табе, ты ўсё адно праседжваеш шмат часу там? — Я тыцнуў пальцам у бок дзьвярэй з чырвонай плястыкавай выявай сымбалю Брусэлю.

— У адзіночках сядзелі толькі за царом. Таму розныя там рэвалюцыянэры й леніны здолелі распрацаваць пляны рэалізацыі сваіх ідэяў. А як прыйшлі да ўлады, яны ж ня кідалі сваіх ворагаў у адзіночкі. Кажаш, шмат садзілі й месца не было? Не, браце, яны рабілі гэта адмыслова, каб не пакідаць асобу сам-насам! І сёньня тое самае, нават сьмяротнікаў трымаюць па двое. А наконт мяне…. Мабыць звычка, якую ня маю жаданьня зьмяняць.

Прыкладна празь месяц Зьмітрок пачаў выскокваць з прыбіральні праз колькі хвілін. Пасьля зьнервавана соўгаўся па кватэры, лаяўся, кляў усё й усіх ды выпіваў чарку гарэлкі. Аднак супакаеньне міналася хутка. Зноў ён, выварочваючы вантробы, пачынаў кідаць праклёны, зноў куляў чарку і да вечара напіваўся, як каморнік.

Праца спынілася, ляснуліся пад халеру ўсе тэрміны ў рэдакцыі. Рэдактар неаднаразова папярэджваў…

Адбылося ўсё гэта, з-за нейкага суседа наверсе, што прыдбаў котку. Калі тая пачала марцаваць, немым голасам заклікаючы да сябе катоў, гаспадар зачыніў яе ў прыбіральні. Енкі й лямант, падобны да плачу немаўляці, апанавлі “стаяк”, не даючы Зьмітру плённа працаваць. Акустыка ў савецкіх шматпавярховіках дай божа якая…

Праз тыдзень енкі сьціхлі. Зьмітрок з падвойным імпэтам узяўся за працу. Аднак празь якіх паўмесяца котка загуляла зноў. Божае стварэньне жадала пладзіцца й памнажацца, насуперак усялякім умовам гарадзкога жыцьця.

Мы пілі на кухні ў Зьмітра пад аддаленыя енкі, што несьліся з выцягу. Мой сябра прызнаўся, што толькі нядаўна зразумеў Глёбуса зь ягонай “Гісторыяй ката”.

Я прапанаваў яму схадзіць наверх — пагутарыць з гаспадаром коткі, хай звозяць яе да жывёльнага лекара. У найгоршым выпадку — даць грошай на апэрацыю.

Зьмітрок сабраўся быў адразу цягнуцца на размову, але я намовіў яго зрабіць гэта на цьвярозую галаву.

Назаўтра Зьміцер падняўся наверх, націснуў званок. Дзьверы адчыніла даўганогая маладзіца. Далей усё адбылося, як у дрэнных, але папулярных раманах…

Празь месяц, калі мой сябра ўваходзіў у ЗАГС, я быў побач у якасьці сьведкі. Свае кватэры маладыя зьмянілі на двухпакаёўку. Зьміцер кінуў пісаць і пачаў уласную справу, каб забясьпечыць сям’ю. Цяпер ён мае свой асобны дом, жонку, двух дзяцей і котку. Дзеці ходзяць у добрую школу, жонка працуе дырэктарам нейкай кампаніі. Зьміцер цяпер затрымліваецца ў прыбіральні толькі па патрэбе ці каб пералічыць грошы, схаваныя ад жонкі. Часу на іншае ўжо бракуе.

Котка жыве дагэтуль, штоквартал прыводзіць па колькі кацянятаў, якіх раздаюць сябрам, а лішкі топяць. Гэтая котка вельмі разумная — ня драпае мэблі, не кусае дзяцей, ня лётае па хаце, сама ходзіць у прыбіральню.

Пакуль дома нікога няма, яна сядзіць на ўнітазе, глядзіць у прастору сваімі блакітнымі вачыма й аб нечым думае. Пісаць котка ня ўмее…

5-9.06.2001

 

Каментары

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў24

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі2

Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць