Па выніках галасаваньня ў Палату грамадаў Тоні Блэр застаўся на Даўнінг-стрыт, 10, але ўжо цяпер ён можа пакаваць чамаданы. Псыхалягічная стомленасьць ад адных і тых жа твараў ва ўрадзе каштуе любой партыі ў сярэднім 3% папулярнасьці за час кожнага тэрміну.
Піша Лёлік Ушкін.
Вялікабрытанія — краіна дзівакоў: аўтобусы фарбуюць у чырвонае, машыны езьдзяць па левым баку, замест гарэлкі квасяць гарбату… Тое ж і ў палітыцы: не пасьпеў Тоні Блэр перамагчы на трэціх выбарах запар, як усе газэты пачалі пісаць, што ён мусіць сысьці ў адстаўку.
Каб зразумець фэномэн загадкавай ангельскай душы, трэба перамясьціцца ў часе ў 2000 год, калі Хелен Філдынг выдала другую частку бэстсэлеру «Дзёньнік Брыджыт Джонз». На старонках твору гераіня (партрэт тыповай сучаснай брытанкі трыццаці гадоў) спрачаецца зь сябрам Майкам аб электаральных сымпатыях:
— Я галасую за торы, і што? — вызерыўся на мяне Майк.
— Т-с-с, — прашаптала я, нэрвова азірнуўшыся.
— У чым праблема?
— Бачыш, — пачала я, — калі б я галасавала за торы, то стала б ізгоем грамадзтва. Гэта ўсё роўна, што ўехаць у «Кафэ руж» (тусовачнае месца ў Соха. — ЛУ) на кані ў атачэньні ганчакоў… Усім жа зразумела, што лейбарысцкая партыя падтрымлівае прынцыпы дабрыні і дзеяньня, інтарэсы геяў, маці-адзіночак і Мандэлы, а супрацьстаяць ёй высакамерныя мужчыны, якія крычаць, заводзяць інтрыжкі з усімі, хто трапляецца ім па дарозе, трахаюцца направа і налева, ходзяць у рэстаран «Рытц» у Парыжы…»
Мяркую, калі б Філдынг працягнула сэрыю да 2005 г., Брыджыт ужо ня так горача агітавала б за лейбарыстаў. Больш за тое, паколькі яна і Майк застаюцца жыць разам, прычым у прэстыжным раёне Нотынг-Гіл, цалкам магчыма, што пэрсанаж Філдынг увогуле не адчыніла б дзьвярэй агітатарам лейбарыстаў (у Англіі кандыдаты працуюць па прынцыпе «ад дзьвярэй да дзьвярэй», ходзячы па кватэрах выбаршчыкаў).
Прынамсі, на апошніх выбарах выявілася відавочная тэндэнцыя, што прыгарады, дзе жывуць багатыя сем’і сярэдняе клясы, зноў, як і ў 1980-я, пачалі абіраць торы.
Прычыны падзеньня папулярнасьці лейбарыстаў — асоба Блэра, які ўцягнуў краіну ў непапулярную вайну ў Іраку. Сёньня ў забягалаўках накшталт «Кафэ руж» лейбарысты — гэта адстой. Модны сярод моладзі дзякуючы нізкай квартплаце раён Вуд-Грын прагаласаваў супраць партыі Блэра.
Але лейбарысты перамаглі. У іх 356 мандатаў (мінус 35 у параўнаньні з тым, што было). У торы — 197 (+35), у лібэрал-дэмакратаў — 62 ( +8).
Два фактары спрыялі посьпеху лейбарыстаў.
Першы фактар — Гордан Браўн, міністар фінансаў, якога, як піша француская «Монд», «Блэр разумна выставіў на першы плян кампаніі». Браўн вядомы як архітэктар брытанскага эканамічнага цуду. Самая маленькая інфляцыя з 1960-х, самая маленькая іпатэка з 1970-х, самы маленькі ўзровень беспрацоўя за 29 гадоў, новая адукацыйная праграма, якую лейбарысты маюць намер запусьціць ужо налета.
Другі фактар — страх брытанцаў перад вяртаньнем да часоў Тэтчэр. «Жалезная лэдзі» і яе лібэральная палітыка — сапраўдны жупел для брытанцаў.
Торы, дарэчы, правялі роўную кампанію. Прынамсі, не было ляпаў, як у мінулы раз, калі лідэр партыі аскандаліўся тым, што ўзяў на працу ў якасьці рэфэрэнта жонку. Як вынік, колькасьць мандатаў, аддадзеных за партыю, трошкі ўзрасла. Але відавочна, атрымаць большасьць у ніжняй палаце з ідэямі тэтчэрызму проста немагчыма. Дзіва што адной зь першых рэакцый на вынікі выбараў стаў адкрыты ліст з заклікам «пакончыць з тэтчэрызмам», напісаны дэпутатам Даміянам Грынам.
Торы Грын піша: «Адно з таго, што далі нам гэтыя выбары, — тэорыі, зь якімі мы ішлі на выбары ў 1980-х і зь якімі намагаліся дабіцца сымпатыі брытанскага народу ў 1990-я. Трое выбараў мы былі ў трох варыянтах посттэтчэрысцкай канцэпцыі, выкарыстоўваючы эўрапейскую тэму або дыскамфорт ад эміграцыі як знак таго, што людзі незадаволеныя сучасным сьветам. Сапраўды, ёсьць шмат людзей з такімі думкамі, аднак не яны фармуюць базіс улады. Зьмена лідэра — гэта ідэальная магчымасьць набраць у лёгкія паветра і пакінуць Тэтчэр гісторыі. Многае з таго, што зрабіла «жалезная лэдзі», сапраўды заслугоўвае захапленьня, аднак яе інструкцыі адпавядалі 1980-м, а не XXI ст.» Торы можна цешыцца тым, што лейбарысты таксама знаходзяцца ў ідэйным крызісе.
Можна пагадзіцца зь «Нью-Ёрк Таймс», якая піша, што «Блэр заваяваў палітычны цэнтар». Аднак ён ахвяраваў пры гэтым левым флянгам, дзе поўзаюць канкурэнты.
Перш за ўсё, лібэрал-дэмакраты, якія зрабілі сабе імя на антываеннай кампаніі, што дала ім падтрымку ў мусульманскай камуне. У 40 акругах, дзе жыве шмат мусульманаў, перамаглі лібэралы. Найбольшы прыкол адбыўся у Манчэстэры-Вітхінгтоне, дзе вігі перамаглі, атрымаўшы на дваццаць адсоткаў болей, чым чатыры гады таму.
Па-другое, ультралевыя. Падчас выбараў усе погляды прэсы былі прыцягнуты да акругі Bethnal Green and Bow ва Ўсходнім Лёндане. Там выключаны за праірацкія настроі зь лейбарысцкай партыі Джон Галаўэй на 900 галасоў абставіў былога партайгеносэ. Кампанію Галаўэю праводзіла групоўка «Рэспэкт-адзінства» — кактэйль прафсаюзьнікаў, трацкістаў з Сацыялістычнай працоўнай партыі і тутэйшых мусульман.
Самае цікавае, што на гэтых выбарах упершыню ў гісторыі шматлікія леварадыкальныя груповачкі, галоўным чынам прыхільнікі ідэй Троцкага, здолелі скаардынаваць сваю дзейнасьць і, прынамсі, не замінаць адзін аднаму.
З улікам згаданых тэндэнцый (мадэрнізацыя праграмы торы і ціск з боку левых), а таксама такіх фактараў, як псыхалягічная стомленасьць ад адных і тых жа твараў ва ўрадзе (паводле падлікаў сацыёлягаў, гэта каштуе любой партыі ў сярэднім 3% папулярнасьці за час кожнага тэрміну), лейбарыстам наканавана зьмяніць лідэра.
У перадавіцы за 9 траўня «Гардыян» піша, што «галоўная інтрыга ня тое, хто пераможа, а калі Блэр перадасьць кіраўніцтва партыяй Гордану Браўну». Выданьне нават распрацавала плян дзеяньняў будучага кабінэту, прагназуючы левы паварот. А Робін Кук, былы дырэктар лейбарысцкага МЗС, ужо нават назваў тэрмін адстаўкі Тоні — чэрвень 2006 г., калі лейбарысты зьбяруцца на партыйную канфэрэнцыю.
Каментары