Меркаванні2424

Беларуская глыбіня. Кралі і будзем красці

    А мытнік, стоячы воддаль,
    Не адважваўся нават
    Падняць вочы да неба;
    Але, б’ючы сябе ў грудзі
    Казаў: Божа! Будзь літасцівы
    Да мяне, грэшніка!
    Лукі 18:13

- Пілі і будзем піць! —здаравезны мужык, што падвозіць мяне да царквы на зачыненым абшарпаным белым бусе, у адказ на мае маралі з усяе сілы лупіць кулаком у стырно, — Кралі і будзем красці!

«Немец» нервова ўздрыгвае і калоціцца, ці то ад ямаў на дарозе, ці то ад уладарнага ўдару, ці то ад грымотападобнага басу. О, колькі спірту, цыгарэтаў ды каляровага лому перавёз гэты палонны «фальксваген» праз бліжэйшыя межы — не снілася аніякаму Гудэрыяну, генію тылавога забеспячэння, танкаваму генералу, што ужо на другі дзень вайны абсталяваў пад свой штаб пружанскі Палацык.

Кіроўцу, плячыстага бугая, можна лёгка ўявіць і разбойнікам, які выходзіць на шлях з чаканам, і савецкім партызанам, што, ярасна дыхаючы, прэ з вёскі ў лес тушу рэквізаванага вепрука, і ваяром, які глыбей насоўвае на галаву шалом перад Грунвальдам.

Яны такія, ціхія героі нашага часу. Каржаватыя. Суворыя. Ведаюць цану жыцця, смерці і дзвесце дваццаць восьмага артыкула крымінальнага кодэкса.
У заўсёдных трэніках, моўчкі адмыкаюць гараж; сапучы, распіхваюць ва ўсе шчыліны салона ды кузава дабро, выходзяць на двор, дастаюць з задняе кішэні зашмальцаваную мабілу, чэшуць грудзі і буркаюць: « Ну давай там... Як заўсёды, ага…»

— А ў кантрабандыста сталёвыя нервы, ён гуляе ў цемры ў небяспечныя гульні…Так і плыве, і віруе праз межы эпохаў ды гушчары, затканыя імглою, «Народны альбом».

На Каменным Логу затрымана 30 тысяч кантрабандных ружаў… У Гродне выяўленая фура з няўлічанымі камп’ютарнымі камплектуючымі на мільён даляраў… У Мінску канфіскавана 10 тон нелегальных бананаў на мільярд рублёў… Дзясяткі тысяч дзіцячых шапачак без аніякіх дакументаў… Дзесяць вясельных галубоў у скрыні для пальчатак…

З амаль 30 мільярдаў штук цыгарэтаў, што вырабляюцца ў Беларусі за год, 10 мільярдаў вывозіцца за мяжу краіны кантрабандай. Гадавы зварот ценявога цыгарэтнага бізнэсу ацэньваецца ў 690 мільёнаў даляраў. А колькі мы там вымольваем з чарговым расейскім траншам?

Мяжа з Украінай — пад 900 км. Мяжа з Расеяй — каля тысячы. Мяжа з Еўразвязам — 1,3 тысячы кіламетраў. Вось і лічыце.

І можна толькі здагадвацца, колькі мільярдаў складае кантрабанда самога рэжыму. Праславутыя растваральнікі, продаж зброі ў абыход санкцыяў і «вокны» на мытнях, калі міма чэргаў зачараваных дальнабояў праходзяць караваны трэйлераў ды эшалоны цыстэрнаў, даюць толькі туманнае ўяўленне: пяць блокаў цыгарэтаў, затараныя замест паветранага фільтра ў «газелі» пружанца — лёгкая зацяжка.

Але ж якія партыі для кантрабаса з аркестрам выконваюцца людам на памежным стане душы!..
Вось знакаміты берасцейскі «спіртавоз». Беларускі народ увальваецца ў вагоны, выломвае сядзенні, здымае борцікі ды смеццевыя бачкі, агаляецца, з трэскам здзірае з сябе серпантыны скотчу ды пералівістых пакункаў, запоўненых мутнай вадкасцю, піхае іх ва ўсе дзіркі… заціхае да мяжы, шклянымі вачыма глядзіць міма мытнікаў, каторыя ўсё ведаюць і каторым даўно абрыдлі гэтыя невідушчыя і запляваныя раніцы… а потым раптам зрываецца з месцаў, з грукатам адчыняе фрамугі і пачынае шпурляць пад адхон скруткі — быццам цягнік знянацку атакавалі вампіры.

Такім чынам: што незаконна ўвозяць у Беларусь? Машыны, бытавую тэхніку, вопратку, ежу, золата, дыяменты.

А вывозяць з Беларусі?

Цыгарэты. Спірт. Нарко-тыкі. А яшчэ — будучых прастытутак.

З Еўропы — лепшае жыццё ў асартыменце.

З Беларусі — поўны набор граху.

Увозім дабро.

Вывозім зло.

Няўжо злачынства — абкрадаць рэжым, які абкрадае нас? Анягож: тады мы самі проста робімся такімі, як яны.

Вядома, возяць, каб забяспечыць сям’ю; вядома, што насамрэч беларусы цяністымі сцежкамі праз раскроеныя акупантамі межы цягаюць скрыні да такіх жа карэнных беларусаў Падляшша, Віленшчыны, Смаленшчыны, Латгаліі…

Але ж: гэта крадзеж.

Пагадзіцеся, адно — нелегальна перапраўляць шрыфты і паперы для друку Бібліяў у падсавецкую Беларусь, маючы з гэтага не прыбытак, а смяротную рызыку;
другое — вывозіць з Ваўкавыска да гайнаўскіх сваякоў кабанчыка, забітага ў час афрыканскай чумы, прычым, магчыма, з той самай чумой; і ўжо зусім трэцяе — у прамысловых маштабах перці да суседзяў выпіўку, курыва… гераін… што там далей? Афганскіх падлеткаў?... цэлы вагон міс Брэст?...

Пружаны — ціхая сталіца дробнай беларускай кантрабанды. Польшча. Украіна. Расея. Літва… Растуць, растуць на ўзлесках Белавежскай ды Ружанскай пушчаў за высокімі платамі катэджы, быццам састаўленыя з агромністых цыгарэтных блокаў.

А навошта працаваць за тыя тры мільёны беларускімі, калі адзін удалы цыгарэтны рэйс — і маем тысячу еўра?
Дзеля крэдыту, над якім дзесяць гадоў дрыжаць і расплачваюцца? Дык на старэнькім бусіку за колькі месяцаў здабудзеш і болей. Катэдж. Кватэра дзецям. І рассякаюць па дарогах Пружаншчыны «мерсы» ды «бумеры», «Пантыякі» ды «Паршэ-кайен».

— Не ссы, у нас у раёне толькі тры чужыя, — кажуць тутэйшыя знаўцы дабра і зла. — Начальнік райаддзела, галоўны гэбіст і пракурор. Астатнія ўсе свае.

Усенародна змірымся, што красці, хлусіць і кантрабасіць — норма? Тады не трэба здзіўляцца, што годнасць і свядомасць запіхваюцца ў выпадковыя парожніны, свабода і мараль машынальна пералічваюцца на даляры, а дабро, у рэшце рэшт, паводле выгаднага курсу абменьваецца на зло.

А можа мы, беларусы, так і спадзяемся па жыцці — цішком, з абыякавым тварам ды шклянымі вачыма праскочыць мяжу, якая аддзяляе Рэспубліку Беларусь ад Валадарства Нябеснага? Пачасаць грудзі, зрабіць пару званкоў, націснуць на газ — і праслізнуць у такі блізкі і такі недасяжны рай міма Госпада Бога?..

Каментары24

Цяпер чытаюць

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі3

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчу заляцелі больш за два дзясяткі расійскіх дронаў, а не 101

Беларусь і Польшча сёння ўначы абменьваліся інфармацыяй пра расійскія беспілотнікі — генштаб Беларусі14

У Расіі Z-блогера запісалі пры абмеркаванні адкату на пастаўках гуманітарнай дапамогі3

Ціханоўская пра залёт расійскіх дронаў у Польшчу: Еўропа павінна адказаць адзінствам і сілай, каб спыніць гэтую агрэсію5

Apple прэзентавала ўльтратонкі iPhone Air, бяздротавыя навушнікі з функцыяй імгненнага перакладу і смарт-гадзіннік, які мерае ціск1

Дрон упаў на жылы дом у Польшчы

Дар‘я Шманай: Адчуваю сябе масквічкай31

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА48

У Новай Зеландыі бацька забраў траіх дзяцей і чатыры гады жыў з імі ў лесе. Ён загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі3

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць