
Януковіч і тры лідары парламенцкай апазіцыі падпісалі ўгоду аб вывадзе Украіны з глыбокага палітычнага крызісу. Гэта адбылося ў Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Банкавай у Кіеве.
Дакумент змацавалі сваімі подпісамі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны. Спецпасланнік Пуціна Уладзімір Лукін адсутнічаў.
Перад гэтым пагадненне ўхваліла Рада Майдану. Яна дадала да яго дзве ўмовы: міністр унутраных справаў Захарчанка і генпракурор Пшонка мусяць пакінуць свае пасады.
Дэпутаты ад апазіцыі суправаджаюць аўтобусы з усходнеўкраінскім «Беркутам», якія пакідаюць украінскую сталіцу і кіруюцца ў месцы сваёй пастаяннай дыслакацыі. Гэта пачатак выканання дамоўленасцей.
Як перадаюць з Украіны, беркутаўцы не хаваюць сваёй радасці.
На працягу гадзіны пасля гэтага Вярхоўная Рада вярнула Канстытуцыю 2004 года. Таксама парламент вызваліў ад адказнасці ўсіх удзельнікаў падзей лістапада-студзеня. Зараз на працягу пяці дзён маюць быць адменены 70 законаў, якія стварылі падмурак для спаўзання ў дыктатуру.
Апошнім законам, які прагаласавалі ў пятніцу, быў акт пра дэкрыміналізацыю злачынства, за якую была асуджаная Юлія Цімашэнка. Проста заўтра яна можа выйсці на свабоду.
Гэта палітычная смерць Віктара Януковіча. Маральнай яго смерцю было рашэнне страляць у дэманстрантаў.
Каментары