Культура

Адам Міцкевіч. Крымскія санэты

Наш рух да вялікага наваградца Адама Міцкевіча, распачаты яшчэ ў ХIХ стагодзьдзі, роўны ўзыходжаньню, мэтанакіраванаму і незваротнаму. І чым бліжэйшыя мы да паэта, тым бліжэйшыя да саміх сябе. Ён – нашае самапазнаньне, найперш празь пераклады твораў. Можа, таму паэтычная спадчына А.Міцкевіча асвойваецца ў новых і новых беларускамоўных варыянтах яго вершаў і паэмаў. Прапаную чытачам «Нашай Нівы» свае пераклады зь Міцкевічавых «Крымскіх санэтаў». Уладзімер Мархель

Наш рух да вялікага наваградца Адама Міцкевіча, распачаты яшчэ ў ХIХ стагодзьдзі, роўны ўзыходжаньню, мэтанакіраванаму і незваротнаму. І чым бліжэйшыя мы да паэта, тым бліжэйшыя да саміх сябе. Ён – нашае самапазнаньне, найперш празь пераклады твораў. Можа, таму паэтычная спадчына А.Міцкевіча асвойваецца ў новых і новых беларускамоўных варыянтах яго вершаў і паэмаў. Прапаную чытачам «Нашай Нівы» свае пераклады зь Міцкевічавых «Крымскіх санэтаў».

Уладзімер Мархель

Крымскія санэты

Адам Міцкевіч

ХV

ДАРОГА НАД ПРОРВАЙ У ЧУФУТ-КАЛЕ

Мірза і Пілігрым

Мірза

Памаліся, кінь паводзьдзе, адвярніся ўбок,

Вершнік тут даверыць розум свой нагам каня;

Добры конь! Стаіць, глядзіць, якая глыбіня,

Край намацаў капытом, але ня ставіць крок,

Як завіснуў, ды туды ўжо не скіроўвай зрок,

Нібы студня Аль-Каіру, тая прападня,

І не для рукі бязь пёраў будзе вышыня;

Нават думку не пускай туды сваю здалёк,

Бо яна, як якар, кінуты ў ратунку дну,

Перуном спадзе ў прадоньне, за яго мяжу,

Лодку ў бездань пацягнуўшы за сабою ўміг.

ПІЛІГРЫМ

Я ж, Мірза, праз шчыліну сусьвету зазірнуў,

Там убачыў я – а што, па сконе раскажу,

Бо няма на тое словаў у людзей жывых.

ХVI

ГАРА КІКІНЭІС

МІРЗА

Зірні ў прадоньне – неба, лёгшае на доле,

То ж мора, дзе між хваляў птах-гары фігура:

Яе падбіла перуном заўчасна бура,

Яна вясёлкай пер’е разьвяла ў паўколе,

Схавала выспай сьнегу вод блакітных поле,

Ды той плывец вандроўны ў прорве – гэта хмура!

Зь яе грудзей на сьвет спадае ноч панура,

Ці бачыш стужкі бліскат у яе прыполе?

Маланка гэта! Стой, па-над бяздоньнем ногі,

Прышпорым коней і перасягнём цясьніну,

Скачу я, ты ж чакай гатовы без трывогі,

Як зьнікну з воч, на край скалы глянь праз хвіліну:

Як блісьне там пяро, то мой турбан ня згінуў,

А не, то для людзей няма туды дарогі.

ХVII

РУІНЫ ЗАМКУ Ў БАЛАКЛАВЕ

Той замак, што ў руінах звалены бяз ладу,

Ты за красу і варту меў, няўдзячны Крыме!

Цяпер далёкі пілігрым яго ўжо прыме

За чарапы гігантаў, дзе прытулак гаду.

На вежу ўзыдзеш, бач, у пыле заняпаду

Ёсьць надпіс, то й героя мо імя ў тым грыме,

Што страшыла чужых – забыта ўжо сваімі,

Як вусень, захінута лісьцем вінаграду.

Тут выштукоўваў грэк афінскія аздобы,

Адсюль манголу італьянец слаў паразу,

І з Мэкі прыхадзень выводзіў сьпеў намазу.

Сягоньня ж груганам тут не кружляць ізноў бы,

Нібы над местам, цалкам зьнішчаным заразай,

Дзе вежы ўзмахваюць харугвамі жалобы.

ХVIII

АЮДАГ

Люблю я з Аюдагу пазіраць у далі,

Дзе ўсьпененай чаргой валы йдуць за валамі

То чорнай чарадой, то срэбнымі клубамі,

То ў сьнежных пырсках і ў вясёлкавым крышталі,

На мель наткнуцца і раздробяцца на хвалі,

Абложаць узьбярэжжа, быццам бы кітамі.

Пасьля трыюмфу расстаюцца зь берагамі,

Згубіўшы за сабою пэрлы і каралі.

Паэце малады! Тваё такое ж сэрца!

Жарсьць часта ў ім сьпяшае з грознай бурай стрэцца,

Калі ж рука твая ўжо лютні дакранецца,

У забыцьцё сплывае, нібы ў тоні сховы,

І пакідае несьмяротнай песьні словы,

Зь якіх вякі сплятуць табе вянок лаўровы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста3

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста

Усе навіны →
Усе навіны

Каля 200 турыстаў апынуліся ў пастцы снежнай буры на Эверэсце

Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі17

Сёння пачынаецца абвяшчэнне нобелеўскіх прэмій2

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння6

«Жыццёвы цыкл штурмавіка — 12 дзён». Z-блогер шчыра прызнаўся, чаму не падпісвае кантракт з Мінабароны24

Фёдар Паўлючэнка: У чым не мае рацыі Юлія Міцкевіч? Турма што, робіць кагосьці лепшым? Прыгажэйшым? Багацейшым?24

Польшча замарожвае тэрміны разгляду спраў па міжнароднай абароне да сакавіка 2026 года9

Просты трук, як выбраць шкарпэткі патрэбнага памеру5

Пад Кіевам «мабілізавалі» ката. Вайсковец хацеў падарыць дзіцяці ката з прытулку, але забраў на вуліцы чужога3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста3

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць