Мільён еўра манеткамі. Інспектары паркоўкі ў Германіі падазраюць у крадзяжы гіганцкай сумы з паркаматаў
Паліцыя заявіла, што супрацоўнік муніцыпальных служб «у мностве выпадкаў» краў манеты з паркаматаў і клаў іх на банкаўскі рахунак, доступ да якога быў у яго жонкі.

У невялікім баварскім горадзе Кемптэн арыштаваны інспектар паркоўкі, якога падазраюць у тым, што ён разам са сваёй жонкай скраў больш за мільён еўра з паркаматаў на вуліцах, піша Бі-бі-сі.
Паліцыя заявіла, што супрацоўнік муніцыпальных службаў у шматлікіх выпадках краў манеты з паркаматаў і клаў іх на банкаўскі рахунак, доступ да якога быў у яго жонкі.
Пракуратура западозрыла крадзеж, калі адно з крэдытных агенцтваў адправіла ёй паведамленне аб магчымай схеме па адмыванні грошай. Германскае інфармагенцтва DPA паведамляе, што ў кастрычніку гэтага года пракуроры атрымалі звесткі, што на некалькі банкаўскіх рахункаў стала паступаюць наяўныя сродкі.
24 лістапада ў офісах, звязаных з падазраванымі, быў праведзены ператрус, у той жа дзень яны былі арыштаваныя. Інспектару паркоўкі 40 гадоў, а яго жонцы — 38, іх імёны не называюцца, паколькі ў Германіі законы аб недатыкальнасці прыватнага жыцця забараняюць публікаваць звесткі пра асобу людзей, пакуль яны не прызнаныя вінаватымі.
Інспектару паркоўкі і яго жонцы могуць быць выстаўленыя абвінавачванні ў 720 эпізодах крадзяжу.
Пакуль незразумела, на працягу якога менавіта часу падазраваныя маглі назапасіць настолькі вялікую суму шляхам крадзяжу манет з паркаматаў.
Мэр Кемптэна Томас Кіхле заявіў, што «ўзрушаны і засмучаны» тым, што адбылося. Ён таксама заявіў, што стварае камісію для «перагляду працоўных працэсаў, вызначэння магчымых недахопаў і распрацоўкі эфектыўных спосабаў іх ліквідацыі ў будучыні».
«Пакуль не завершыцца ўвесь працэс, павінен дзейнічаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці», — дадаў мэр горада.
Каментары