Каспараў: Украінцы гінуць за нас! А гэта рыэлтарская здзелка, каб узбагаціць сям'ю Трампа і прадаць Украіну!
Адзін з лідараў расійскай апазіцыі, былы чэмпіён свету па шахматах, віцэ-прэзідэнт World Liberty Congress Гары Каспараў выступіў у дыскусіі на Сусветным форуме па бяспецы ў канадскім Галіфаксе з вострай і эмацыйнай прамовай, у якой бескампрамісна раскрытыкаваў нерашучасць заходняга свету і заклікаў да максімальнай падтрымкі Украіны.

«Гэта найлепшае шоу, пра якое Пуцін не мог і марыць. Ніводнага прамога адказу. Гэта не пра тое, колькі ў вас зброі і боепрыпасаў. Гэта пра тое, ці гатовыя вы ваяваць і паміраць.
Добра, у вас ёсць канадская брыгада ў Латвіі. Які загад у гэтай брыгады? Ці адкрыюць яны агонь, калі расіяне перасякуць мяжу? Мы ведаем адказ. Вы будзеце тыднямі раіцца.
Я не разумею, як можна сур'ёзна абмяркоўваць здзелку, складзеную бізнэс-партнёрам Трампа!? Гэта рыэлтарская здзелка, каб узбагаціць сям'ю Трампа і прадаць Украіну! Як можна сур'ёзна абмяркоўваць, што Украіна павінна будзе аддаць умацаванні [умацаваны раён Славянска, Краматорска і гары Карачун], якія ратуюць Еўропу!?
Вы святкуеце гадавіну НАТА… НАТА слабое, НАТА не існуе, гэта фэйк, гэта проста чатыры літары: «Н», «А», «Т», «А».
Прычына, па якой вы ўсё яшчэ сядзіце тут і святкуеце тут, — гэта тое, што ўкраінцы паміраюць [за вас] кожную хвіліну. Гэта велізарнае самаахвяраванне! Калі б Украіне не выстаяла, расійскія танкі ўжо былі б у Польшчы!
Вы ўсе лічылі, што Украіна здасца. Вы прапаноўвалі Зяленскаму эвакуацыю. А ён сказаў: мне не трэба эвакуацыя, мне трэба зброя.
Чатыры гады Украіна ваюе за ўсю Еўропу! НАТА быў створаны для адной вайны — не для Афганістана, не для Сірыі — для адной задачы: зберагчы свабодную Еўропу ад расійскай агрэсіі.
Украіна — адзіная краіна, якая ваюе, а мы ўсё яшчэ абмяркоўваем: прымаць іх у НАТА ці не!? Украіна — адзіная краіна, якая выконвае тое, для чаго стваралі НАТА! І мы абавязаныя ім усім. Але ж не, давайце імі ахвяруем!
Зяленскі стаіць перад такім выбарам, я… нават не ведаю, як растлумачыць гэта. Як расійскі грамадзянін я таксама адчуваю сваю віну, таму не магу параіць яму паслаць Трампа куды далей.
Колькі сенатараў у нас тут? Хто-небудзь збіраецца сказаць Дональду Трампу, што ён не павінен гэтага рабіць!? У вас 85 галасоў, 85 — гэта больш, чым 2/3, то чаму гэты законапраект усё яшчэ знаходзіцца дзесьці пад сталом у Сенаце і яго ўсё яшчэ не прынялі!?
Пуцін, Сі Цзіньпін, астатнія — яны святкуюць гэта! А ў Расіі — паўночнакарэйцы, кубінцы, афрыканцы-«валанцёры». І мы ўсё яшчэ гаворым пра эскалацыю!?
На нашым баку ўсё — вайсковая, палітычная, эканамічная сіла, а мы ўсё яшчэ прайграем вайну.
Дзякуючы Украіне Расія ўсё яшчэ не выканала пуцінскай мары пра рэстаўрацыю Расійскай Імперыі. Але калі, не дай бог, Украіну вымусяць пайсці на такую «здзелку», то абсалютна ясна, што Пуцін рэалізуе сваю мару.
А вы, хлопцы, [будзеце] наступныя. Толькі змагацца вы не гатовыя», — заявіў Гары Каспараў.
Украіна на перамовах з ЗША адхіліла тры ключавыя патрабаванні «мірнага плана»
Стала вядома, якія гарантыі збіраюцца даць ЗША Украіне ў выпадку прыняцця мірнага плану
Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?
Поўная расшыфроўка злітых перамоў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа і прадстаўнікоў Пуціна Дзмітрыева і Ушакова
Каментары
А ўкраінцы гэта ведаюць? Што гінуць за расейскую апазіцыю?