Расійскі акцёр, які здымаўся ў серыялах «Вуліцы разбітых ліхтароў» і «Забойная сіла», загінуў на вайне з Украінай
27 лістапада 2024 года Вадзім Алфёраў выправіўся на першае баявое заданне ў Суджанскім раёне і прапаў без вестак. Родным пра гэта паведамілі толькі 23 снежня. Цела акцёра знайшлі ў траўні 2025 года.

Пра гібель акцёра Вадзіма Алфёрава, вядомага па ролях у тэлесерыялах «Вуліцы разбітых ліхтароў» і «Забойная сіла» паведаміў партал «Кино-Театр.ру». Алфёраў загінуў падчас удзелу ў баявых дзеяннях у зоне так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Паводле тых жа звестак, акцёр у кастрычніку 2024 года заключыў кантракт на службу ў расійскай арміі. Ён быў залічаны ў мотастралковыя падраздзяленні і адпраўлены выконваць «спецыяльныя задачы» на тэрыторыі Курскай вобласці.
27 лістапада 2024 года Алфёраў выправіўся на баявое заданне. 23 снежня ваенкамат паведаміў яго родным, што ён прапаў без вестак 28 лістапада ў Суджанскім раёне.
Цела было апазнана толькі 7 мая 2025 года.
Вадзім Алфёраў нарадзіўся 7 ліпеня 1974 года. Працяглы час працаваў у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным дзіцячым драматычным тэатры «На Няве». Сярод праектаў, у якіх ён браў удзел, таксама серыялы «Тайны следства», «Першы аддзел», «Неўскі».
Каментары
А зараз «Краіны разбітых лёсаў», і не ў кіно, а рэальна. І вашая ўласная краіна там жа.
Вы шукалі праўду не там.