Някляеў арандаваў параход на Мінскім моры, каб прэзентаваць кнігу пра беспрацоўе
Прэзентацыю ледзь не сарвалі супрацоўнікі міліцыі, якія праз увесь горад ехалі за ўдзельнікамі імпрэзы.
Прэзентацыю ледзь не сарвалі супрацоўнікі міліцыі, якія праз увесь горад ехалі за ўдзельнікамі імпрэзы.
2 чэрвеня грамадская кампанія «Гавары праўду» прэзентавала кнігу «Сто абліччаў беспрацоўя». Пра месца правядзення мерапрыемства журналістам не паведамілі. Мікрааўтобус з прадстаўнікамі прэсы і сябрамі грамадскай кампаніі праз увесь горад суправаджаў міліцэйскі УАЗ. Канечным пунктам трывожнага маршруту стала Мінскае мора. Аказалася, што для прэзентацыі кнігі быў арандаваны прагулачны параходзік. Міліцыянты засталіся на беразе і нават не выйшлі з машыны. А журналісты і Уладзімір Някляеў з паплечнікамі адчалілі. Сярод гасцей някляева быў і лідэр беларускіх апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін.
Прэзентаваная кніга ўяўляе сабой зборнік гісторыяў жыцця 100 чалавек, якія не могуць сабе знайсці працу. Праблема беспрацоўя пададзена не ў звыклых статыстычных дадзеных, а ў расказах рэальных людзей з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Праект рыхтаваўся ад пачатку 2010 года.
«Самае цынічнае, што ніхто не верыць, што я беспрацоўны, — расказвае Сяргей Скрабец, адзін з герояў кнігі, — усе лічаць, што ў мяне дзесьці грошы закапаныя. Застаўся без працы не толькі я, але і яшчэ 100 чалавек, якія працавалі ў той момант, калі фірму разрабавалі. Шэсць чалавек са мной апынуліся за кратамі. Я ведаю, многія людзі, якія раней працавалі са мной, сёння таксама знаходзяцца без працы.
Я спрабаваў не адзін раз уладкавацца на працу, але не маю шанцаў уладкавацца нікім акрамя грузчыка, дворніка ці кімсьці яшчэ. У мяне першая адукацыя — металург, другая — юрыст. Нядаўна я быў у судзе Ленінскага раёна, мяне выклікаў судовы выканаўца, пытаецца, чаму не працую. Я прапаноўваў ім, вазьміце мяне на працу — яны толькі пасмяяліся. Афіцыйную працу знайсці для мяне не магчыма, таму я падпрацоўваю кур’ерам».
Акрамя гісторыяў пра беспрацоўе па палітычных прычынах у кнізе пададзены і іншыя жыццёвыя сітуацыі. Кніга падзелена на раздзелы: «Нешанцоўныя», «Нявопытныя», «Нязручныя», «Нестандартныя», «Нелаяльныя». Кніга дзвюхмоўная, як сказаў укладальнік: «хто как хаціт, той так і гаварыт. На якой мове героі кнігі давалі інтэрв’ю, на той мове іх і апублікавалі».
Напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Някляеў зазначыў, што гэта была не проста сустрэча з нагоды выхаду кнігі. Насамрэч, прагулка па Мінскім моры была прысвечана яшчэ і круглай даце — 100 дзён таму стартавала кампанія «Гавары праўду».
Каментары