Спорт2121

Хакей: мы — iдыёты!

Галоўны рэдактар газеты «Прессбол» аналізуе прычыны фіяска беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі.

Пасля паразы ад французаў зборная Беларусі выбыла з барацьбы за медалі чэмпіянату свету па хакеі ў Славакіі. У 3-х гульнях папярэдняга этапу нашыя суайчыннікі закінулі 3 шайбы — супраць 10 галоў ад Канады, Швейцарыі і Францыі. Чаму ў зборнай Беларусі пакуль не ўдаецца выйграць на гэтым чэмпіянаце хаця б адну гульню? — запыталіся ў рэдактара галоўнай спартовай газеты краіны «Прессбол» Уладзіміра Беражкова.

Уладзімір Беражкоў: Кароткага і адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. І ў першую чаргу, я думаю, перамагчы перашкаджае тое, што мы не заслугоўваем перамогі. Не заслугоўваем праз наша стаўленне да хакея.

Быў пры канцы 1990-х і напачатку новага стагоддзя перыяд, калі ў беларускі хакей прыйшлі вялікія грошы. Але, на жаль, прыйшлі яны не да прафесіяналаў, а замест прафесіяналаў, скажам так. З кіравання нашым хакеем вымылі менеджараў, якія маглі сказаць «не», якія мелі сваю пазіцыю. Іх замянілі грашыма. Без грошай, натуральна, нешта зрабіць вельмі складана. Але аднымі грашыма — немагчыма.

То бок, на вашу думку, праблема сістэмная — і глыбейшая за тую зборную, якая зараз выступае на чэмпіянаце свету?

Уладзімір Беражкоў: Тое, як сёння гуляе зборная — праблема ўсяго беларускага хакея. Зборная — вяршыня піраміды, выстава нашых дасягненняў. Але я хацеў бы працягнуць «грашовую» тэму. Калі ідзе нічым не стрыманае і амаль не кантраляванае ўкладанне сродкаў, калі не можаш паглядзець на баланс — не бачыш і эфектыўнасць прадпрыемства. Дык пра якія вынікі тады можна казаць?

Мяне сёння вельмі кранула інтэрв’ю варатара французаў Крыстабаля Юэ, які 3 мая практычна адзін перамог нашу каманду. Ён сказаў, што ў зборнай Францыі ёсць гульцы, якія вымушаныя падпрацоўваць, каб утрымліваць свае сем’і. А нашы хакеісты, якія французаў па класе істотна не апярэджваюць, пішуць лісты, пратэстуюць супраць столі заробкаў. Маўляў, плаціце мне не 7, а 8 тысяч даляраў…
Яны спрачаюцца, па якім курсе выплачваць. Мы даўно згубілі рэальны кошт нашага хакея.

Бо ўся спартовая сістэма ў нас не празрыстая. Футбол, хакей і іншыя віды спорту ператварыліся ў цацку.

Вялікі, відовішчны спорт — гэта, па вялікім рахунку, і ёсць цацка… Прынамсі, для гледачоў.

Уладзімір Беражкоў: Але калі я бачу ў краме нейкую рэч — я заўжды цікаўлюся, колькі яна каштуе. Вось, напрыклад, Ferrari. Мне адказваюць: 300–400 тысяч даляраў. Тады я кажу: гэта дрэнны аўтамабіль! Ён не патрэбны мне, я на такім ездзіць не буду, бо мусіць быць адэкватны кошт. Дык вось, беларускі хакей і ператварыўся ў дарагую цацку для дарослых, якія вельмі мала думаюць пра дзяцей.

У 1998 годзе зборная Беларусі ўпершыню увайшла ў 8 мацнейшых каманд свету. А зборная Швейцарыі тады на чэмпіянаце свету заняла 4-е месца. І далей яна пачала паступова рухацца наперад. Швейцарцы не проста «кармілі» сваю каманду — яны ўкладалі ў хакей на ўсіх узроўнях. Дзіцячы, юнацкі хакей. І сёння яны на роўных гуляюць з канадцамі. А летась у ¼ чэмпіянату свету перамаглі Расію. Яны рэгулярна выходзяць у плэй-оф, а нам такія вынікі і не сніліся! Таму казаць, што наш хакей са швейцарскім на роўных, — што блюзнерыць. Самы цікавы хакейны клуб у Еўропе — «Берн». А швейцарскі чэмпіянат утрымлівае ў сябе ледзь не ўсю зборную Швейцарыі. І ім не плацяць звышзаробкі, прынятыя ў КХЛ.

Там усё празрыста: яны атрымліваюць заробкі на ўзроўні нашага Адкрытага чэмпіянату Беларусі, з каэфіцыентам на еўрапейскі ўзровень жыцця.
Толькі на матчы АЧБ ніхто не ходзіць. Бывае па 100 чалавек сядзіць на матчы, з якіх большасць — сваякі хакеістаў. А ў Швейцарыі ходзіць па 10–15 тысяч гледачоў, як у КХЛ. Толькі ў нас адна каманда ў КХЛ, а ў іх на ўсе каманды так ходзяць, у іх гэта нацыянальны чэмпіянат. А ў Францыі хакеісты падпрацоўваюць разносчыкамі піцы, цырульнікамі, будаўнікамі. І яны нас перамагаюць. Вось яна, эфектыўнасць беларускага хакея.

Дык што, беларускі хакей выратуецца, дзякуючы валютнаму крызісу? Грошы скончацца, і замежнікі згубяць інтарэс да нашай краіны?

Уладзімір Беражкоў: Справа не ў тым, скончацца грошы ці не. Справа ў тым, што грошы ідуць не туды, куды трэба. Быў у нас гадоў 10 таму чэмпіянат Усходнееўрапейскай хакейнай лігі. Там гулялі прадстаўнікі 4-х краінаў. І ў тым ліку дзіцячыя каманды, у 8-і ўзроставых катэгорыях. Гульцы, якія гулялі ў УЕХЛ у Беларусі, атрымлівалі параўнальна невялікія заробкі: 1–2 тысячы даляраў, максімум — 3. А вынік мы мелі на парадак лепшы, чым сёння.

Але пасля таго мы валюнтарысцкімі, я б сказаў, салдафонскімі рашэннямі ўсё гэта выразалі, знішчылі. Сказалі, што мы самі з вусамі і арганізавалі Адкрыты чэмпіянат Беларусі, у якім фінансуем каманды самі… Панабудавалі лядовых палацаў… Я не кажу, што гэта дрэнна: база, якая ёсць сёння, проста фантастычная, касмічная, у параўнанні з базай 10-гадовай даўніны. І ўлічваючы ўсе гэтыя сродкі, якія мы ўклалі ў хакей, я б сказаў, што мы — ідыёты. Мы сёння ў хакеі — сапраўдныя ідыёты. З такімі ўнёскамі мець такі вынік могуць толькі недалёкія людзі.

Цікава, што гульцы мінскага «Юнацтва» — Кітараў і Сцяпанаў — выглядаюць ледзь не лепш, чым хакеісты «Дынама» — «базавага» клуба беларускай зборнай.

Уладзімір Беражкоў: Кітараў і Сцяпанаў сапраўды выглядаюць як мінімум не горш за гульцоў КХЛ. І, я думаю, не толькі Кітараў і Сцяпанаў. Тут ёсць фактар Калюжнага: я прытрымліваюся думкі, што Аляксей Калюжны зьехаў са зборнай Беларусі не з-за траўмы, а таму, што ён прыйшоў у каманду і пабачыў, што там гуляюць не ўсе лепшыя з тых, хто мог бы. Гэта толькі мая здагадка, але я чамусьці ўпэўнены, што ён зьехаў не з-за медыцынскага, а з-за прынцыповага фактару. Я не хачу сказаць, што ў зборнай Беларусі па хакеі ёсць блатныя. Але тое, што на дадзены момант у гэтай камандзе не сабраныя ўсе лепшыя беларускія гульцы, і тое, што некаторыя гульцы з АЧБ, у тым ліку і з «Юнацтва», значна пераўзыходзяць у класе мінскіх дынамаўцаў, — для мяне, як для спецыяліста, відавочна.

Задам апошняе, правакацыйнае пытанне: як вы лічыце, ці мусіць падаць у адстаўку трэнер, чыя каманда паказвае на чэмпіянаце свету такі вынік?

Уладзімір Беражкоў: Я не хачу за некага вырашаць. Але я памятаю, што калі я быў віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі хакея ў 2001 годзе, роўна 10 гадоў таму, на чэмпіянаце свету ў Германіі мы апынуліся ў падобнай сітуацыі. Тады дзіўныя рэчы адбываліся ў Міжнароднай федэрацыі хакея, за вушы цягнулі японцаў. І мы скаціліся ў суцяшальны раўнд і, на жаль, вылецелі ў першы дывізіён.

Да справаздачна-выбарнай канферэнцыі ФХРБ заставалася яшчэ прыкладна паўгода. Тым не менш, я, нягледзячы ні на што, сказаў, што павінен сысці з пасады. Бо адказваць за паразу мусяць не толькі хакеісты, але і кіраўнікі. Яўген Мікалаевіч Ворсін, які тады быў міністрам спорту [а зараз якраз узначальвае Федэрацыю хакея. — Заўв. Еўрарадыё] назваў мой учынак мужчынскім. Сказаў, што я паступіў, як мужчына. І я спадзяюся, што сёння знойдуць у сабе сілы паступіць па-мужчынску тыя людзі, якія так ці інакш датычныя да выніку нашай зборнай на чэмпіянаце свету.

Не хачу называць персаналіі і прозвішчы. Але вінаваты не адзін Эдуард Занкавец. Вінаватая сістэма. А дакладней, яе адсутнасць.

***

Нагадаем, пасля трох паражэнняў (ад Канады, Швейцарыі і Францыі) у папярэднім этапе чэмпіянату свету па хакеі 2011 года зборная Беларусі выбыла з барацьбы за выхад у плэй-оф. Цяпер беларусы згуляюць у «суцяшальным» стыкавым матчы за тое, каб застацца ў мацнейшым хакейным дывізіёне.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?12

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму Беларусбанк рэзка знізіў стаўкі па іпатэцы і як гэта паўплывае на рынак нерухомасці?3

Беларус тыдзень купляў латарэйныя білеты замест абедаў. Колькі выйграў?10

ЗША ўвялі новы візавы збор. Кошт візы павялічыцца больш чым у два разы4

Уладальніка расійскіх брэндаў «Кірыешкі» і «Яшкіна» прызналі экстрэмістам і канфіскавалі ўсе актывы8

У былой псіхбальніцы ў Жодзішках цяпер выстаўляюць беларускіх мастакоў ФОТЫ14

ЗША дасць Украіне разведзвесткі для ракетных удараў па энергетыцы ўглыб Расіі

Ізраіль спыніў судны флатыліі Грэты Тунберг, сама Грэта затрыманая14

Твор Святланы Алексіевіч стаў крыніцай натхнення для амерыканскага фэнтэзі-бэстсэлера2

Палёт з Мінска ў Егіпет цяпер будзе карацейшы амаль на цэлую гадзіну. Але ляцець будуць бліжэй да лініі фронту3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?12

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць