Грамадства66

Беларускі бок звярнуўся да Літвы і Швецыі ў справе плюшавага дэсанту

З просьбай аказаць дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні мяжы лёгкаматорным самалётам

З улікам міжнароднага права і працэдур беларускі бок звярнуўся да Літвы і Швецыі з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы лёгкаматорным самалётам 4 ліпеня.

Як паведаміў начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандр Антановіч, адпаведныя звароты накіраваныя праз Генеральную пракуратуру Беларусі.

Паводле слоў Антановіча, беларускія праваахоўныя органы зыходзяць з таго, што ў выніку несанкцыянаванага палёту шведскіх падданых былі парушаныя правілы выкарыстання паветранай прасторы не толькі Беларусі, але і Швецыі, Літвы, блока НАТО.

Акрамя таго, як адзначыў Антановіч, беларускі бок настойвае на прыбыцці ў Мінск шведскіх арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі, што неабходна для аб’ектыўнага расследавання справы, паколькі вочная стаўка па тэлевізары нерэальная. Такім чынам Антановіч адказаў на пытанне БелаПАН пра магчымасць звароту да шведскіх праваахоўных органаў з просьбай правесці следчыя дзеянні ў дачыненні да грамадзян гэтай краіны на тэрыторыі Швецыі.

***

Нагадаем, як паведаміў ЦІГС КДБ 7 жніўня, Камітэтам дзяржбяспекі распачата і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 КК, па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Швецыі на лёгкаматорным самалёце.

Па падазрэнні ў дапамаганні ва ўчыненні гэтага злачынства былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Сурапін і Башарымаў, якім прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 6 арт. 16 (дапамаганне ва ўчыненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК.

«У інтарэсах аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія ўзялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы, прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазроных, у тым ліку для правядзення вочных ставак, — гаварылася ў паведамленні ЦГІС КДБ. — Па выніках будуць прынятыя канчаткова адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе».

***

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш як 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку ваенныя і пагранічнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэння мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія прэзідэнта, якая занялася праверкай усіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасад старшыню Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальнення стала «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Пра няпоўную службовую адпаведнасць папярэджаныя міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі. Аб’яўлена вымова дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Па справе аб «плюшавай бамбардзіроўцы» былі затрыманыя 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў, і Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы — удзельнікі акцыі маглі або планавалі здымаць жыллё.

Ёсць таксама звесткі, што па справе затрымліваліся дзве дзяўчыны. Гэта сяброўка Башарымава Ірына Лагойка, якая суткі правяла ў СІЗА КДБ. З яе ўзята падпіска аб невыдаванні тайны следства. А таксама 16-гадовая Кацярына Скурат, якая нібыта першай сфатаграфавала плюшавых мішак і прыслала фотаздымкі Сурапіну. Дзяўчыну дапыталі ў прысутнасці бацькоў і адпусцілі.

19 ліпеня заснавальнік піяр-кампаніі Studio Total Пер Кромвел зрабіў заяву для беларускіх уладаў. Ён заявіў аб недачыненні кагосьці з беларускіх грамадзян да «плюшавага дэсанту» і выказаў гатоўнасць прыехаць, у выпадку неабходнасці, у Беларусь для дачы паказанняў.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят

Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят

Усе навіны →
Усе навіны

Прыярытэт — спыненне агню. Зяленскі і еўрапейскія лідары паразмаўлялі з Трампам2

На дапамогу ахвярам рэпрэсій у Беларусі еўрапейцы выдзелілі больш за 2,4 мільёна еўра8

Цэны на аўтобусныя білеты з Мінска ў Вільню імкліва падскочылі за дзень1

«Я не дыктатар, мне ў галаву не прыйдзе змяняць Канстытуцыю». Прэзідэнт Сербіі Вучыч заявіў, што не пойдзе на трэці тэрмін2

Прапагандыст Ігар Тур пахваліўся, як па ўказе Лукашэнкі косіць свой участак пяты раз за год9

У Расіі абмежавалі званкі праз Telegram і WhatsApp1

«Лідбір» вяртаецца ў звыклым фармаце. Хэдлайнеркай будзе Юлія Савічава12

Грыбнік пайшоў у лісічкі і сустрэў «птушку-дыназаўра»1

На поўдні Еўропы бушуюць лясныя пажары. Тэмпература паветра перавысіла 40 градусаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят

Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць