Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал назваў «хлуснёй і спекуляцыямі» інфармацыю аб тым, што былому кіраўніку Масада Меіру Дагану, якому ў Беларусі зроблена аперацыя па перасадцы печані, пагражае небяспека.
«Як былому кіраўніку спецслужб Ізраіля, Дагану належыць пэўная абарона. Сюды ён прыляцеў з аховай, але яго таксама ахоўваюць і беларускія спецслужбы, — паведаміў пасол журналістам у Мінску 22 кастрычніка. — Запэўніваю вас, што супрацоўніцтва дзвюх такіх спецслужб гарантуе бяспеку любому грамадзяніну, тым больш — на тэрыторыі Беларусі. Усе размовы аб тым, што ёсць нейкія праблемы, — гэта хлусня і спекуляцыі. Ніякай пагрозы яго бяспецы няма і быць не можа».
Шагал адзначыў, што Дагану была праведзена складаная аперацыя, прычым «праведзена цудоўна». Пры гэтым пасол пацвердзіў паведамленне ізраільскіх СМІ аб тым, што аперацыю праводзіў французскі хірург. «Але ён праводзіў яе з беларускімі ўрачамі на беларускім абсталяванні і даў высокую ацэнку кваліфікацыі беларускіх урачоў», — падкрэсліў Шагал.
Паводле слоў дыпламата, побач з праапераваным цяпер знаходзяцца яго жонка і дачка, Даган адчувае сябе нармальна.«Спадзяюся, што ў найбліжэйшы тыдзень або дзён восем стан яго здароўя дазволіць перавезці яго ў Ізраіль», — сказаў Шагал.
Аперацыю былому кіраўніку Масада прыйшлося рабіць у сувязі з тым, што ў яго быў рак, удакладніў пасол. На пытанне, чаму выбар выпаў на Беларусь, ён адказаў: на беларускіх трансплантолагаў выйшлі дзякуючы добрым адносінам паміж Ізраілем і Беларуссю. «Былі выкарыстаныя каналы, але я не буду гаварыць, якія. Галоўнае — гэта дазволіла выратаваць чалавечае жыццё. Беларусь дапамагла Ізраілю, мы ўдзячныя і ў даўгу не застанемся», — запэўніў ізраільскі дыпламат.
Каментары