Архіў

Барыс Тумар. БНФ ня вечны

№ 7 (216), 12 — 19 лютага 2001 г.


 БНФ ня вечны

«Нам няма чаго чакаць ад прэзыдэнцкіх выбараў», — заявіў на гэтым тыдні Зянон Пазьняк на Радыё «Балтыйскія Хвалі»

 

Прайшло паўтара году з часу, як В.Вячорка зьмяніў З.Пазьняка на чале БНФ, а абсалютная большасьць беларусаў пра гэта ўсё яшчэ не здагадваецца. Вобраз БНФ не памяняўся, арганізацыя па-ранейшаму асацыюецца з высокім чалом Зянона. Дарма што Вячорку выказвала сымпатыі большасьць незалежных газэтаў. Замалая цяпер іхная сіла, каб магчы зьмяніць грамадзкія стэрэатыпы. Рэйтынг Пазьняка застаецца вышэйшы за Вячоркаў, а рэйтынгі КХП-БНФ і БНФ «Адраджэньне» сувымерна невялікія.

Марныя застаюцца і спадзяваньні рамантыкаў на збліжэньне і рэінтэграцыю дзьвюх частак некалі адзінага цэлага. З аскепкаў ня зьлепіш келіха. Во як Рух: адно ягонае крыло цяпер за Кучму, другое — за імпічмэнт, адно называецца Народны Рух Украіны, другое — Украінскі Народны Рух. І абодва маюць рэйтынг папулярнасьці, ня большы за 3%.

Дык мо памылкаю было памкненьне абнавіць кіраўніцтва Фронту ў 1999 г.? Не. За паўтара году яскрава выявілася, наколькі розныя дзьве плыні. Заходніцкі, лібэральны, партнэрскі Вячоркаў БНФ шчасьліва ўратаваў рэпутацыю белмоўнае апазыцыі. Дзякуючы гэтаму гаспадарчыя і бюракратычныя эліты, а таксама ўсё замежжа з такім спадзяваньнем прыглядаюцца цяпер да кандыдатуры Сямёна Домаша.

Што засталося нязьменнае за паўтара году, дык гэта паспаліты стэрэатып усюдыіснага і ўсёмагутнага бээнэфаўца, які пранік скрозь, усё можа і ўсім запраўляе. «Яму шкодзяць, яму не даюць!» — гэтак бароняць свайго куміра Лукашэнку бабы з авоськамі ды мужыкі з «Крыжачком».

Нават калі б абодва крылы БНФ самараспусьціліся, а ўсе бэнэфісты краіны рушылі на Марс будаваць там незалежную Беларусь, БТ наўрад ці паведаміла б пра гэта народу. БНФ нагвалт патрэбны Лукашэнку. Бо каму-каму, а Фронту ён ніколі не прайграе. У сканструяванай ім палітычнай прасторы БНФ — гэта галоўны ігрок, проста-такі бясцэнны супернік, безь якога трывалае ўтрыманьне ўлады не магло б быць такім адносна бяскроўным. Для Лукашэнкі і падобных да яго ігра супраць БНФ бяспройгрышная хоць бы таму, што большасьць насельніцтва Беларусі ніколі не прагаласуе за бэнэфіста — у сілу свайго паходжаньня і цывілізацыйнай прыналежнасьці. Сацыялягічныя дасьледаваньні пацьвярджаюць гэта з году ў год. Ніколі — якой бы непрывабнай ні была альтэрнатыва ў асобе дземянцея, лукашэнкі ці нейкага будучага ярмошына. Ды нават калі б такое прасьвятленьне здарылася, дык Масква ня дужа абуралася б імавернаю фальсыфікацыяй выбараў. Прыкладна як у 1996 г. Не абуралася б, пры патрэбе, і лёгкаю стралянінаю ў цэнтры Менску, і вывадам на вуліцы пятай калёны службы аховы з свастыкамі на рукавох. Хоць бы таму, што вечна анахранічная Масква ніколі не перастане баяцца бэнэфіста. Разумеюць гэта ў стане Вячоркі, таму й не афішуюць сваёй падтрымкі Домашу, баючыся нашкодзіць, і ў стане Пазьняка («Нам няма чаго чакаць ад гэтых выбараў»).

Нам сапраўды няма чаго чакаць ад гэтых выбараў, дый ад беларускае палітыкі ў цэлым у бліжэйшыя ... гадоў, калі думаць, што інтарэсы людзей беларускае культуры, а і ўвогуле нацыянальныя інтарэсы па-сапраўднаму абараняе толькі БНФ.

Але, на шчасьце, БНФ болей ня мае манаполіі на беларушчыну. Па-бээнэфаўску думае палова палітычнае эліты; лібэралы і сацыял-дэмакраты гавораць па-беларуску ня горш, чым байцы на Варвашэні, 8. І справа ня ў іхнай ідэалёгіі, а ў тым, што гэтую беларускасьць дыктуе ім і грамадзтва сваімі чаканьнямі, і іхная ўласная душа сваімі парываньнямі. Во «Зубр»: яшчэ толькі афармляецца, а можна быць пэўным, што і «Зубр» будзе ня менш патрыятычнаю сілаю, чым БНФ.

Існаваньне БНФ (двох БНФ, трох БНФ... няважна...) — важны элемэнт псыхалягічнага камфорту для белмоўных жыхароў краіны. Ня ўсё страчана, ня ўсё зьнікла, калі дзейнічае звыклая (-ыя) легальная партыя (-і) на чале з праверанымі палітыкамі. Боязь радыкальнае перагрупоўкі сілаў — гэта як боязь пярэбараў.

Але такая перагрупоўка насьпела, як і пошук новага таварнага знаку — замест БНФ — для апазыцыі. Чаму б не пакінуць прароку Пазьняку і назву БНФ, і ягоны імідж? Пазьняк, дарэчы, будзе лепш ведаць, як імі распарадзіцца.

Год прэзыдэнцкіх выбараў — адзіная магчымасьць для прамоцыі новае сілы. Для стварэньня яе патрэбная не абы-якая палітычная воля і ахвяраваньне сіюмінутнымі эгаістычнымі палітычнымі і фінансавымі інтарэсамі. Урэшце — гэта будзе выгадна ўсім. Вячорка не харызматык і ня лідэр масаў. Мо гэта стане ягонай цнотай у справе пераадоленьня амбіцыі і дзяльбы?

Гаворка не пра друзлую кааліцыю ці каардынацыю дзеяньняў — пра адзіную, цэнтралізаваную сілу, у якую зьядналіся б як найбольш людзей і палітычных сілаў і якую асьвяцілі б сваёй падтрымкай дзеячы культуры.

Гэтак некалі Наваградзкае княства ня проста прыняло Міндоўга, але і адмовілася ад сваёй назвы, каб даць жыцьцё вялікай дзяржаве.

«БНФ» ня вечны ў якасьці галоўнага цэнтру беларускай апазыцыі. Ад прызнаньня гэтага робіцца няўтульна. Але калі «БНФ» ня здолее перарадзіцца ў новы, іншы цэнтар, дык гэтага ня здолее зрабіць ніякая іншая сіла — менш вартая даверу і, пэўна, менш беларуская. Бо нікому болей не паверыць Васіль Быкаў. А бяз голасу такіх, як Быкаў, у Беларусі вы нічога ня зробіце — ні «Выбару 2001», ні «Зубра 2006». Тут не Расея, гаспада, тут нацыя паэтаў.

Калі ж такі новы цэнтар не паўстане, вось тады нам сапраўды ня будзе чаго чакаць ад выбараў і ад палітыкі ў цэлым. Палітычныя сілы людзей беларускае культуры закансэрвуюцца ў выглядзе купкі сэктаў, шэрагі якіх штогод сьціскаюцца, як шчыгрынавая скура, і купкі палітычных клюбаў, што змагаюцца за замежную падтрымку. Лідэры апазыцыі і палітызаваная інтэлігенцыя будуць лавіць кожны шанец, каб эміграваць. А белмоўныя застануцца ў стане недабітых зайцоў на карыкатурах расейскамоўнай прэсы. Але пра такія пэрспэктывы думаць ня хочацца, бо тады, выходзіць, нам яшчэ 50 гадоў трэба не высоўвацца і дбаць адно пра ўмацаваньне беларускае культуры як фундамэнту беларускае палітыкі.

Разьвітаньне з БНФ у першым варыянце — гэта траўматычнае разьвітаньне зь юнацтвам нацыі, зь першым каханьнем. Альтэрнатыва — доўгая сьмерць БНФ. Якая многімі будзе ўспрымацца, нібы тым клясыкам, як канчальнае «з мовай маёй разьвітаньне» і «зь песьняй маёй разьвітаньне». Ад гэтага другога варыянту ўрэшце болю будзе больш.

Барыс Тумар


Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць4

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць

Усе навіны →
Усе навіны

Пераможца сёлетняга «Еўрабачання» хоча, каб наступнае прайшло без удзелу Ізраіля10

Што з цэнамі і выбарам бульбы ў суседніх Польшчы і Літве7

Лукашэнка заклікаў новапрызначаных вертыкальшчыкаў чытаць тыктокі4

Беларуска ў Польшчы пазнаёмілася з аргенцінцам і паехала да яго на радзіму. Ён аказаўся сямейным тыранам3

У Барысаве паставяць арт-аб'ект па матывах герба горада1

У адным будынку — спа, супермаркет і бізнэс-апартаменты. У «Мінск-Свеце» пабудуюць незвычайны дом

Гендырэктара Бюро па транспартным страхаванні звольнілі з-за карупцыі

«Мы не дазволім Расіі ўбіць клін паміж намі». Мерц адправіў танкавую брыгаду бундэсвера ў Літву5

Рыхтуюцца змены па ўзносах у фонд сацабароны для ІП і самазанятых. Яны выглядаюць пазітыўнымі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць4

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць