Гэта фільм пра дыктатара, які перасьледуе апазыцыю і нарываецца, урэшце, на міжнародны трыбунал. Цікава?
Перакладніца ў ААН (Ніколь Кідман) выпадкова даведваецца пра пляны забойства афрыканскага лідэра. Адзіная надзея выратавацца самой і выратаваць іншых людзей — спэцагент з посттраўматычным сындромам (Шон Пэн).
Гэта першы ігравы фільм, зьняты ў будынку ААН. У сюжэце маюцца: змовы, перасьлед, страляніна, забойства. Але фільм халодны, як Ніколь Кідман. Ёсьць намёк на любоўную лінію, але няма выбуховай сумесі добрага дэтэктыву. Галоўная праблема герояў фільму — што ж рабіць з дыктатарамі: змагацца зь імі ўзброена ці судзіць міжнародным трыбуналам. Карацей, не дапрацаваў Полак. Але беларусам усё адно спадабаецца. Актуальна, ці ведаеце. Хоць мода на палітычныя дэтэктывы мінулася, а дыктатуры ў сьвеце можна пералічыць на пальцах.
Дарэчы, рэжысэр «Перакладніцы» Сыдні Полак быў адным з найлепшых майстроў палітычнага дэтэктыву, што квітнеў у 1970-я. Нават савецкі пракат закупіў ягоныя «Тры дні Кондара».
∎
«Перакладніца» («The Interpreter»)
ЗША—Вялікабрытанія—Францыя, 2005, каляровы, 128 хв.
Жанр: палітычны дэтэктыў.
Адзнака: 4 (з 10).
Каментары