Суды над актывістамі: Паліенку аштрафавалі на 4,2 мільёна рублёў, справу Касінерава адправілі на дапрацоўку
26 красавіка ў Цэнтральным судзе Менску прайшлі працэсы над моладзевымі актывістамі Зьмітром Паліенкам і Вячаславам Касінеравым.
На Зьмітра Паліенку быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць аб’яднаньня з Расеяй, які прайшоў 2 красавіка каля амбасады Расеі.
Зьміцер Паліенка на пікеце быў у масцы, але сьведкі-міліцыянты заявілі суду, што пазналі актывіста і ідэнтыфікавалі яго асобу паводле адмысловай базы фатаздымкаў. Судзьдзя Міхаіл Хома аштрафаваў Зьмітра Паліенку, які ў суд не зьявіўся, на 20 базавых велічынь (4 200 000 беларускіх рублёў).
Актывіста Вячаслава Касінерава судзілі за тое, што ён 8 красавіка каля будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Сапёраў у Менску вывесіў банэр «Рукі прэч ад антыфашыстаў».

Вячаслаў Касінераў быў затрыманы міліцыянтам Уладзімірам Боханам, які, паводле ягоных слоў, «проста праяжджаў побач». Паводле сьведкі гэта было а 18.15 вечара. Але ў пратаколе, які склаў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Дзяніс Прэсьняк, пазначана, што правапарушэньне адбывалася а 18.50.
«Суд ня можа разглядаць справу, у якой ня высьветлены час правапарушэньня, і мусіць адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку», — зазначыла судзьдзя Вікторыя Шабуня.
Вячаслаў Касінераў не хаваў у судзе, што правёў акцыю каля Сьледчага камітэту з мэтай салідарнасьці са сваімі сябрамі-антыфашыстамі.
«Сьледчы камітэт яўна перасьледуе антыфашыстаў Валавіка, Бойку і Цэхановіча паводле палітычных прычын. Іх ужо другі месяц трымаюць на Валадарцы, мы спрабуем ім дапамагаць, чым можам. У Вадзіма Бойкі бацькі інваліды, у Ільлі Валавіка за гэты час нарадзіўся сын. Справа іх двухгадовай даўніны, там страты былі на 280 тысяч, іх даўно кампэнсавалі, але прыйшоў загад перасьледаваць «левых», вось за іх і ўзяліся», — распавёў пасьля суду Вячаслаў Касінераў.
Сам Вячаслаў Касінераў вядомы як «графіціст», які быў аштрафаваны паводле крымінальнай справы аб намаляваньні лёзунгаў «Беларусь мусіць быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе».
Каментары