Канцылярыя прэзідэнта Чэхіі выпадкова знішчыла сакрэтны дакумент аб выбухах на складах узбраення, у якіх абвінавачваюць ГРУ Расіі
Пра знікненне дакумента, які контрразведка раней перадала прэзідэнту Мілашу Земану, стала вядома пасля таго, як паліцыя вырашыла праверыць, ці не вывучаў сакрэтны дакумент хтосьці, хто не мае адпаведнага допуску — яго ў прыватнасці не маюць некаторыя набліжаныя Земана.

Прадстаўнікі канцылярыі распавялі Чэшскаму радыё, што сакрэтны дакумент быў знішчаны памылкова — разам з іншымі дакументамі, якія падлягалі знішчэнню. У афіцыйным паведамленні канцылярыі, аднак, пра памылку не гаворыцца — там сказана, што ўсе дакументы былі знішчаныя ў адпаведнасці з працэдурай. Сам прэзідэнт інцыдэнт пакуль не каментаваў.
Дакумент быў перададзены Земану ў красавіку мінулага года, незадоўга да таго, як чэшскі ўрад афіцыйна паведаміў, што падазрае ў выбухах расіян. У дакуменце, як сцвярджаецца, тлумачылася, чаму падазрэнні ўпалі на Аляксандра Мішкіна і Анатоля Чапігу (вядомых таксама як Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў — гэта тыя ж самыя людзі, якіх брытанскія ўлады падазраюць у атручэнні Сяргея і Юліі Скрыпаляў).
Камітэт па бяспецы чэшскага парламента ўжо заявіў, што разгледзіць пытанне аб тым, ці не парушыла акружэнне Земана закон. Прэзідэнт Земан, які лічыцца прарасійскім палітыкам, у свой час афіцыйна падтрымаў абвінавачванні, вылучаныя ў адрас расійскай разведкі, але пры гэтым заявіў, што існуюць і іншыя версіі падзеяў у Врбеціцах. З-за гэтага яго раскрытыкавалі многія чэшскія палітыкі.
Выбухі на зброевым складзе ў Врбеціцах адбыліся восенню 2014 года. У выніку загінулі 2 чалавекі, быў нанесены вялікі матэрыяльны ўрон. Расія катэгарычна адмаўляе дачыненне да выбухаў.
Каментары