Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам
Тэлеграм-канал «Невольфович» дазволіў сабе заявы, якія выходзяць за рамкі.

Тэлеграм-канал «Невольфович» звязваюць з ідэолагамі Міністэрства абароны Беларусі. Яго пасты перапошчваюць іншыя каналы з праўладнай сеткі. Сам «Невольфович», у сваю чаргу, арыентуецца на метадычныя ўказанні з Масквы.
У новай вялікай публікацыі канал беларускіх сілавікоў параўноўвае дэмакратычна абранага прэзідэнта Украіны з Адольфам Гітлерам.
Абодва, сцвярджае ідэолаг, «маніякальныя асобы з незадаволеным пачуццем велічы», хоць пад гэтую характарыстыку падыходзяць прэзідэнты некаторых зусім іншых краін. «Невольфович» мае доказ: ён праводзіць паралель паміж вегетарыянствам Гітлера і распрацоўкай ва Украіне веганскіх сухпайкоў для вайскоўцаў.
Пайкі з улікам рэлігійных, медыцынскіх і этычных патрэбаў вайскоўцаў плануюць увесці ва ўкраінскай арміі са снежня гэтага года. Такія існуюць у арміях многіх іншых дзяржаў свету, у беларускай такога пакуль няма.
Іншы доказ «Невольфовича» — «у 1939 годзе кіраўніка Трэцяга рэйху намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. У 2024 годзе на гэтую ж прэмію быў намінаваны Зяленскі».
Гэты фэйк запусціў расійскі палітык Сяргей Міронаў яшчэ ў 2022 годзе, калі Уладзімір Зяленскі быў упершыню намінаваны на гэтую ўзнагароду. Сапраўды, Гітлера намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру ў 1939 годзе, але то быў жэст сарказму і крытыкі, а не сапраўднае вылучэнне, як у выпадку Зяленскага.
У 1939 годзе 12 шведскіх парламентарыяў вылучылі прэм'ер-міністра Брытаніі Невіла Чэмберлена на Нобелеўскую прэмію міру за падпісанне Мюнхенскай дамовы з Гітлерам, якая перадала Судэцкую вобласць Чэхаславакіі Германіі. На той момант існавала спадзяванне, што такое рашэнне прывядзе да захавання міру. У адказ дэпутат Эрык Брант іранічна вылучыў Гітлера на прэмію, каб паказаць, што ні Чэмберлен, ні Гітлер не заслугоўваюць такой узнагароды. Пазней Брант адклікаў сваю прапанову, тлумачачы яе як сарказм.
У якасці чацвёртага факту падабенства прапагандысты называюць нарказалежнасць Гітлера і Зяленскага. Пры гэтым, калі пра першага яны прыводзяць вядомыя факты, то пра прэзідэнта Украіны замест прывядзення рэальных доказаў абмяжоўваюцца фразай: «Нарказалежнасць Зяленскага не патрабуе лішніх абмеркаванняў».
Насамрэч, фэйк пра нарказалежнасць Зяленскага быў запушчаны расійскай прапагандай у 2022 годзе. Прапагандысты выкарыстоўвалі падробленыя інтэрв'ю і фальшывыя здымкі. Скрупулёзна выкрылі той фэйк фактчэкеры французскага тэлеканала France 24. А запушчаны ён быў не проста так: ёсць усе падставы меркаваць, што Расія планавала пры захопе Украіны Зяленскага забіць, каб пазбавіць дзяржаву легітымнага кіраўніка. Не выключана, што фэйк пра «наркаманію» Зяленскага выкарыстоўваўся б для інсцэніроўкі яго забойства. Аднак расійскія войскі не здолелі ўзяць Кіеў і вымушаныя былі адступіць у Беларусь у сакавіку 2022 года.
У апошнім, пятым «факце» аўтары згадваюць распараджэнне Гітлера ў красавіку 1945 года аб затапленні метро ў Берліне, у выніку якога, паводле розных ацэнак, загінула да 20 тысяч чалавек. Поруч з гэтым агульнавядомым фактам прапагандысты сцвярджаюць, што такімі ж метадамі Уладзімір Зяленскі вынішчае ўкраінскі народ. Кіеўскае метро, аднак, функцыянуе, як і функцыянавала.
Трагедыю ў Бучы падчас бітвы за Кіеў «Невольфович» называе «інсцэніроўкай». Пры гэтым прыводзіцца хлуслівая лічба ўкраінскіх ахвяр — звыш 780 тысяч чалавек. У рэальнасці эксперты ацэньваюць страты ўкраінскай арміі як прыкладна ўдвая меншыя за расійскія. Праўда, лічба ахвяр сярод мірнага насельніцтва большая ва Украіне, таму што баявыя дзеянні ідуць на ўкраінскай тэрыторыі і толькі Расія мае ракетныя ўзбраенні для ўдараў па глыбокім тыле.
Заходнія дзяржавы не верылі, што Украіна выстаіць, і рэкамендавалі Зяленскаму пакінуць Кіеў. Ён, аднак, застаўся верны свайму прэзідэнцкаму абавязку і ўзначаліў абарону. Дзякуючы гэтаму Украіна захавалася як дзяржава і, можа быць, Беларусь таксама. Для «Невольфовича» гэта, як выглядае, вялікае расчараванне.
Апытанка
«Я думаў, што людзі змятуць нас». Спецназавец у 2020-м стаяў з аўтаматам у ачапленні перад Лукашэнкам, а цяпер ваюе за Украіну
Каб даказаць, што зверстваў у Бучы не было, лукашэнкаўцы звярнуліся да француза
Рэсурсы Мінабароны РБ распаўсюдзілі новы брудны фэйк пра Украіну
Каб распаўсюдзіць фэйк пра жонку Зяленскага, расіяне стварылі фальшывы французскі СМІ
Цяпер чытаюць
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Каментары