«Яны будуць крышыць і знішчаць яшчэ вельмі кволую беларускую самасвядомасць, таптаць памяць пра Перамогу і яе герояў і, нарэшце, разбураць беларускую дзяржаўнасць».
Старшыня Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец патрабуе зладзіць папярэдні прагляд праграмы, якую гурт хоча прадставіць беларускай публіцы.
«Я разумею, што ўжо прададзены білеты на канцэрт у Мінску. Таму трэба зрабіць папярэдні прагон праграмы, узгадніць яе, каб не было прапаганды амаральнасці і гвалту на мінскай сцэне», — цытуе словы Чаргінца «Інтэрфакс».
19 лютага Грамадская рада па маральнасці разгледзела пытанне аб правядзенні 7 сакавіка ў Мінску канцэрта гурту Rammstein. З гэтай нагоды была распаўсюджана заява, у якой нямецкія музыкі абвінавачваюцца ў прапагандзе нацызму і распусты.
«Што гэты гурт будзе рабіць у Беларусі?», — ставіцца пытанне ў заяве. І даецца адказ:
«Яны будуць крышыць і знішчаць яшчэ вельмі кволую беларускую самасвядомасць, таптаць памяць пра Перамогу і яе герояў і, нарэшце, разбураць беларускую дзяржаўнасць.
Менавіта так: беларускую ідэнтычнасць і ядро беларускай дзяржаўнасць 7 сакавіка збіраюцца ўзламаць пры дапамозе тарану... Рашэнне везці ў Мінск «Рамштайн» — гэта памылка, якая можа нам дорага каштаваць».
Грамадская рада па маральнасці была створаная ў 2009 годзе на прапанову Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узначаліў яе Мікалай Чаргінец. У раду ўвайшлі прадстаўнікі вялікіх канфесій, якія дзейнічаюць у Беларусі. У яе шэрагах мітрапаліт Філарэт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кампазітар Ігар Лучанок і іншыя.
Каментары