Польская пракуратура вылучыла абвінавачванні 35-гадоваму беларусу, які ў красавіку бегаў голым па аўтатрасе S8 у Варшаве. Яму інкрымінуюць пашкоджанне шасці аўтамабіляў, кіраванне аўто пад уздзеяннем марыхуаны і стварэнне рэальнай пагрозы дарожна-транспартных здарэнняў. Мужчыну пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі, піша Most.

Інцыдэнт адбыўся 15 красавіка. Паводле інфармацыі паліцыі, мужчына знаходзіўся за рулём аўтамашыны Hyundai, калі сутыкнуўся з BMW, а пасля — з цыстэрнай і машынай Peugeot. Пасля гэтага ён вылез з машыны, залез на яе дах, а аўтамабіль тым часам урэзаўся ў адбойнік і яшчэ паспеў ударыць Iveco.
Падзеі працягнуліся і далей: убачыўшы на дарозе грузавік, беларус зачапіўся за яго ззаду і праехаў так пэўны адрэзак. На варшаўскай вуліцы Марывільская ён цалкам распрануўся, разбіў шкло ў Nissan, узлез на дах Renault і даехаў так да вуліцы Модлінскай. Там яго затрымалі іншыя кіроўцы і перадалі паліцыі.
Мужчыну даставілі ў бальніцу. Алкатэстар паказаў, што ён быў цвярозы, але з-за яго неадэкватных паводзін медыкі накіравалі беларуса на аналіз крыві на наркотыкі. На наступны дзень яго даставілі ў пракуратуру раёна Praga Północ, дзе мужчыну прад’явілі абвінавачанні. Ён арыштаваны на тры месяцы.
Каментары