«Цэнтрвыбаркам супраць стымулявання датэрміновага галасавання», — заявіла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 7 кастрычніка пасля таго, як прагаласавала на выбарчым участку № 48 у Мінску на праспекце Пераможцаў, 100.
На пытанне, з чым звязаная высокая актыўнасць выбаршчыкаў у першы дзень датэрміновага галасавання, Ярмошына адказала, што прагаласаваць датэрмінова з'яўляецца «абсалютным правам выбаршчыкаў». «Мы не апытваем, чаму яны вырашылі прагаласаваць датэрмінова. Гэта права выбаршчыка — прагаласаваць датэрмінова або ў дзень выбараў», — дадала яна.
Паводле звестак ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасавання, 6 кастрычніка, яўка выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання склала 4,49%, што больш за аналагічны паказчык прэзідэнцкіх выбараў 2010 года (3,4%) і 2006-га (3%).
Ярмошына растлумачыла, чаму сама галасуе датэрмінова. «Па меры набліжэння да выбараў усё цяжэй будзе выбрацца на выбарчы ўчастак. У першы дзень датэрміновага галасавання я не хачу галасаваць, таму што ў выбарчай камісіі могуць быць нейкія праблемы, могуць здарыцца непаладкі. Таму другі дзень — аптымальны. Далей будуць шмат сустрэч з міжнароднымі назіральнікамі, прадстаўнікамі СМІ», — сказала кіраўнік ЦВК.
На пытанне, за каго яна прагаласавала, Ярмошына адказала: «Здагадайцеся з трох разоў».
Каментары