Трэйлер спецыяльнага, «каляднага» эпізода серыяла «Шэрлак» апублікавала тэлекампанія BBC One. Спецвыпуск будзе паказаны ў канцы года. Працягласць роліка — паўтары хвіліны.
Сюжэт, у адрозненне ад астатняга серыяла, прысвечаны не нашым дням, а віктарыянскай эпосе. Падзеі, як і ў класічнай версіі твораў Артура Конана Дойля, развіваюцца ў Лондане ў канцы XIX ст.
У пачатку жніўня прадзюсар франшызы Стывен Мофат паведаміў, што ў «калядным» выпуску серыяла «Шэрлак» брытанскаму дэтэктыву прыйдзецца расследаваць справу, звязаную з прывідамі. У эпізодзе, які папярэднічае чацвёртаму сезону серыяла, галоўныя ролі, як і раней, граюць Бенедыкт Камбербэтч і Марцін Фрыман.
«Шэрлак Холмс набудзе манеры віктарыянскага джэнтльмена, якімі ён не валодае ў нашы дні. Персанаж будзе менш дзёрзкім. Я б сказаў, што гэты Шэрлак трохі больш глянцавы», — адзначыў Мофат.
Дата выхаду «каляднага» эпізоду на тэлеэкраны яшчэ не абвешчаная.
Здымкі чацвёртага сезона, дзеянне ў якім зноў будзе адбывацца ў сучасным свеце, запланаваныя на першую палову 2016 года.
Першая серыя «Шэрлака» выйшла на канале BBC у 2010 годзе. Новае прачытанне гісторыі пра знакамітага сышчыка хутка набыло сусветную папулярнасць.
Каментары