Тэатр44

Купалаўскі вяртаецца да традыцыі дзіцячых спектакляў: першая прэм'ера — ужо ў лістападзе

Купалаўскі тэатр вяртаецца да традыцыі дзіцячых спектакляў. На Вялікай сцэне рэжысёр Сяргей Кавальчык рыхтуе прэм’еру — баль-маскарад «Крышталёвы туфлік» паводле твораў Шарля Перо, Яўгена Шварца і Тамары Габэ.

Прэм'ера спектакля адбудзецца 12 лістапада ў 11.30. Абодва прэм'ерныя паказы ў лістападзе ранішнія.

Аўтар ідэі — сам Сяргей Кавальчык. На беларускую мову тэкст пераклаў Ігар Скрыпка. «Чаму тры аўтары? Я выкарыстаў найбольш дасціпныя і дынамічныя моманты з тэкстаў Шварца і Габэ, захаваўшы казку Перо як сюжэтны стрыжань і адну з найбольш чулых версій гэтай напраўду вельмі старажытнай гісторыі», — гаворыць Сяргей Кавальчык.

Мастак-сцэнограф пастаноўкі — Аляксандра Кавальчык. Згодна з яе задумай бутафорскі цэх тэатра паволі запаўняецца атрыбутамі казачна-каралеўскага жыцця. Ужо амаль гатовы гарбуз, значыць, з транспартам у Папялушкі ўсё будзе ў парадку.

«Каралевіч у нашай казцы — гэта такі рамантычны хуліган, які кідае выклік прыдворнаму жыццю і ўяўленням Караля пра будучыню свайго сына з усімі гэтымі дынастычнымі шлюбамі.

Бо шлюб для каралёў — гэта сродак дасягнення ўлады, выгодная дамова. Але наш Каралевіч свабодны чалавек, які імкнецца да немагчымага — таго, чаго не могуць дазволіць сабе людзі каралеўскай крыві, і менавіта таму ён сустракаецца з такім самым свабодным чалавекам — Папялушкай. Іх каханне — каханне свабоднае», — лічыць рэжысёр.

Ролю Папялушкі рэпетуе Марта Голубева, ролю Каралевіча — Міхаіл Зуй. Мачаха — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сідарава, яе дочкі - Крысціна Казак і Дзіяна Камінская, Фея — Юлія Шпілеўская, а яе паж — Максім Карасцялёў. У ролі Караля — Мікалай Кучыц, Міністар-Радца — Ігар Пятроў, таксама ў спектаклі дэбютуе на Купалаўскай сцэне Таццяна Дзянісава.

«Каманда спрацаваная, гэта людзі, у якіх я стоадсоткава ўпэўнены. Зараз Генадзь Фамін праводзіць пластычную рэпетыцыю, і я ведаю, што ўсё будзе адпрацавана на найвышэйшым узроўні. Музычнага кіраўніка пастаноўкі — Андрэя Іванова — я ўпершыню ўбачыў, калі ён дырыжыраваў аркестрам у Акадэміі музыкі. Аркестр у яго проста лётаў! Гэта было неверагодна, я адразу ж запрасіў яго да супрацоўніцтва», — распавядае Сяргей Кавальчык. Вакальныя партыі будуць амаль ва ўсіх персанажаў, аранжыроўкі для іх стварае малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў.

Рэжысёр гаворыць, што не абмяжоўвае ўзрост глядацкай аўдыторыі: «Умоўна кажучы, ад 4 да 16 гадоў, але абяцаю, што і дарослым будзе цікава.

Дарослы тэатр (такі, як Купалаўскі) тым і займальны, што мы маем унікальную магчымасць узаемадзейнічаць з гледачамі, якія прыйдуць сюды пазней, глядзець ужо іншыя спектаклі. А «Крышталёвы туфлік», па вялікім рахунку,— гэта казка пра перспектыву. І перспектыва гэтая скарылася Папялушцы — чалавеку працавітаму, з добрым сэрцам і залатымі рукамі, які жыве з гледзішча дабра для іншых. Яе душа пакутуе, але сэрца не чарсцвее. І такія людзі заслугоўваюць перспектывы».

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Моцны смерч нарабіў бяды ў Гарадоцкім раёне ФОТЫ

Моцны смерч нарабіў бяды ў Гарадоцкім раёне ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Наталля Пяткевіч працягвае выгульваць амерыканскі гардэроб16

Кінолаг расказала пра просты тэст на выхаванасць сабакі1

Трамп абяцаў Пуціну разбамбіць Маскву к чортавай мацеры, калі Расія нападзе на Украіну6

«Вагнер» завербаваў людзей у Лондане, каб тыя выкралі расійскага бізнэсмена Чычваркіна. Адзін з іх перапісваўся з «Minsk KGB»6

Як Трамп выкарыстоўвае «тэорыю вар'ята», каб мяняць свет пад сябе. І ў яго атрымліваецца4

«У вас ёсць усяго некалькі хвілін». Што рабіць, калі навальніца, ураган або смерч засталі на прыродзе2

На гарадзішчы на Менцы знайшлі фрагмент амфары з рунай11

Прэм'ер Даніі: ЕС трэба пераўзброіцца за гэтыя пяць гадоў2

У Канадзе раскрыта змова «антыўрадавага апалчэння» з удзелам вайскоўцаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Моцны смерч нарабіў бяды ў Гарадоцкім раёне ФОТЫ

Моцны смерч нарабіў бяды ў Гарадоцкім раёне ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць