Сёлета ў Мінску за ўваход на большасць мерапрыемстваў «Ночы музеяў-2017» зноў прыйдзецца заплаціць. Уваход ва ўстановы будзе бясплатным толькі 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў.

Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», паведаміла на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Анжаліка Янкоўская.
«Сёлета сусветная супольнасць ужо ў 40-ы раз праводзіць акцыю «Ноч музеяў». У Беларусі да яе далучылася 92 музеі, у тым ліку 8 рэспубліканскіх, — сказала Янкоўская. — Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай падзеі, пройдуць з 13 па 21 мая».
Тэма «Ночы» ў Нацыянальным мастацкім музеі — «Гульня ў класікі, або Адмова ад строгай геаметрыі» па матывах назвы рамана Хуліа Картасара. Ён рэалізаваў у творы незвычайную ідэю: чытач можа сам выбіраць паслядоўнасць раздзелаў альбо па адным з ланцужкоў, прапанаваных аўтарам, альбо па сваім меркаванні. Па задуме куратараў, госці змогуць самі выбраць схему наведвання музея, падобна выбару свайго шляху пры чытанні «Гульні ў класікі». Мерапрыемствы будуць доўжыцца з 19:00 да 00:00.
Цана: 5 рублёў.
Нацыянальны гістарычны музей прымеркаваў «Ноч музеяў» да закрыцця выставы «Гандаль Беларусі на шалях гісторыі». З 20 на 21 мая з 20:00 да 02:30 мінчане змогуць узяць удзел у квэсце «Таемнымі сцежкамі кантрабандыстаў», паглядзець прадстаўленне франкафоннага тэатра Moo Teatro і іншае.
«Мерапрыемствы пройдуць не толькі ўнутры музея, але і ва ўнутраным дворыку, — распавёў дырэктар музея Алег Рыжкоў. — Строгага раскладу не прадугледжана, дзеянне будзе адбывацца нон-стоп. У дворыку размесцяцца розныя зоны актыўнасці, напрыклад, велізарны канструктар «Лега» для малых».
Цана: 1-3 рублі.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны святочную праграму «Ноч музеяў — 2017. Горад засынае, прачынаецца музей…» прадставіць 20 мая. Мерапрыемствы пройдуць з 18:00 да 22:50.
Цана: наведвальнікам ў ваеннай форме Чырвонай або Савецкай арміі і цывільных строях 1930-50-х гг. — уваход бясплатны. Удзельнікам групы музея ва «УКантакце», якія зрабілі рэпост рэкламнага запісу аб мерапрыемстве да 20 мая, зніжка — 50 %.
Работнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі праграму «Ноч. Ліхтар. Траецкае. Музей». Яна пачнецца 20 мая ў 18:00. У залах музея можна будзе пачуць песні Таццяны Грыневіч, адчуць сябе ўдзельнікам балю XIX стагоддзя разам са студыяй гістарычнага танца La Camargo і зноў вярнуцца ў XXI стагоддзе разам з групай «Скрыжалі». Падрабязная праграма тут.
Цана: 3 рублі.
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы «Ноч» пройдзе пад дэвізам «Будзь ЯК» 20 мая. Для гасцей правядуць майстар-клас па гістарычных танцах, пазнаёмяць з беларускай геральдыкай, прымуць у таварыства філаматаў і філарэтаў. Чым яшчэ будуць здзіўляць у гэтай установе, глядзіце тут.
Цана: 1 рубель.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа сёлета прапануе насычаную тэатралізаваную праграму, у якой знойдуць адлюстраванне мерапрыемствы, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння вялікага паэта і пісьменніка. Мерапрыемствы пройдуць 20 мая. Госці пазнаёмяцца з ладам жыцця Міцкевічаў, праслухаюць выступленні музычных калектываў, паглядзяць архіўныя відэаматэрыялы 1950-х гадоў.
Уваход бясплатны.
Музей марозвіа 20 мая правядзе сваю першую «Ноч музеяў». У гэты вечар усіх наведвальнікаў чакае батл цётачак на вафельніцах, вольны ўваход і экскурсія па музею, а таксама бясплатнае марозіва «Белы Полюс» кожнаму госцю. Уваход вольны. І, дарэчы, для першых двухсот гасцей вафлевая трубачка і марозіва «Белы Полюс» у падарунак.
***
Нагадаем, «Ноч музеяў» — сусветная акцыя, прымеркаваная да Дня музеяў, які адзначаецца 18 мая. Сутнасць у тым, каб прыцягнуць туды моладзь. Практычна ва ўсім свеце падчас традыцыйнай «Ночы музеяў» наведвальнікаў запрашаюць наведаць выставы бясплатна.
Каментары