Фальшывую навіну адразу падхапілі рускаміраўцы кшталту Вольгі Бондаравай.

«Азербайджанскі суддзя спрабаваў згвалціць асла і памёр» — пост з такім гучным загалоўкам размясціў тэлеграм-канал расійскага выдання «Абзац» са 135 тысячамі падпісчыкамі. Прыводзяцца і займальныя падрабязнасці: мужчына памёр у выніку цяжкага ўдара ў раён грудзей і твару. Маўляў, хутчэй за ўсё, атрымаў капытамі ў твар.
Адкуль узялася фэйкавая інфармацыя? «Абзац» пазіцыянуе сябе як выданне, якое расказвае «актуальна, узважана, іранічна аб галоўных падзеях дня». Насамрэч яго публікацыі накіраваны на распаўсюд наратываў крамлёўскай прапаганды.
Пост аб амаральнай смерці суддзі суправаджаецца скрыншотам паведамлення рускамоўнай версіі азербайджанскага сайта oxu.az. Аднак усё не так проста.

Інфармацыя аб смерці суддзі Шырзада Гусейнава насамрэч была апублікаваная — але 4 сакавіка 2017 года, а не 4 мая 2025 года, як падаецца на фальшывым скрыншоце.
Пры гэтым ніякай згадкі пра асла ў арыгінале няма. Выглядае, што расійскія журналісты з дапамогай няхітрых маніпуляцый «дапрацавалі» артыкул. Узнікае пытанне — з якой мэтай? Каб прыцягнуць увагу і сабраць дадатковыя прагляды? А магчыма, гэта была свядомая спроба паўплываць на ўспрыманне Азербайджана і яго грамадзян у негатыўным ключы.
У падтрымку гэтай думкі можна прывесці той факт, што навіну пачалі разносіць па інтэрнэце рускаміраўцы з усіх краін СНД кшталту Вольгі Бондаравай з наратывам «Мы не здзіўлены» і «Не дарма пра іх такое кажуць».

Каментары