«Ніхто не стаў разбірацца». Беларусы правялі шмат гадзін у аўтобусе, але іх не прапусцілі ў Грузію
Правесці шмат гадзін у аўтобусе, але так і не трапіць за мяжу — фобія многіх турыстаў. Пра складаную сітуацыю на расійска-грузінскім памежным пераходзе расказала Onliner.by Аліна. Яна сцвярджае, што ў яе мамы-пенсіянеркі і 9-гадовай дачкі, якія ехалі з Мінска на мора ў Грузію, усё было ў парадку з дакументамі, але ў паездцы ім усё роўна адмовілі.

Маме Аліны вось-вось павінна было споўніцца 65 гадоў. У гонар юбілею яна вырашыла зрабіць сабе падарунак і набыла пуцёўку на 9 начэй у Кабулеці. У кампанію ўзяла ўнучку.
— Я адправіла дачку з мамай, бо ў мяне не было магчымасці паехаць разам, але хацелася, каб дзіця пабывала на моры. Дакументы ўсе былі ў парадку, таму нават думкі не ўзнікала, што могуць быць нейкія пытанні, — запэўніла чытачка.
3 чэрвеня разам з іншымі турыстамі (гэта арганізаваны аўтобусны тур) пенсіянерка з унучкай дабраліся да расійска-грузінскага КПП «Верхні Ларс — Казбегі». Жанчыне спачатку паставілі штамп на выезд, але пазней анулявалі: узніклі пытанні да перасячэння мяжы 9-гадовай дзяўчынкай.
— Памежнік сказаў, што ў дзіцяці ёсць «абмежаванне на выезд», устаноўленае бацькам. Але справа ў тым, што ніякага абмежавання няма. У мяне ёсць рашэнне суда пра тое, што дзіця можа выязджаць за межы РБ без згоды бацькі да паўналецця. У маёй мамы быў арыгінал гэтага рашэння і арыгінал маёй згоды на выезд дзіцяці. Як толькі я даведалася пра гэтую сітуацыю, я вырашыла праверыць базу МУС. Аказваецца, у сувязі з тым, што быў суд, у базе стаіць адзнака, што ў дзіцяці «асаблівыя ўмовы выезду да паўналецця» (паводле рашэння суда). Але абмежаванняў якраз-такі няма.
Па словах Аліны, яна ездзіла ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна РАУС г. Мінска, дзе ёй пацвердзілі: абмежаванняў няма, ёсць проста адзнака ў базе ў сувязі з рашэннем суда.
— Мне сказалі: усё, што тычыцца выезду, уносіцца ў агульную базу (спіс асоб, права на выезд якіх абмежавана). Гэта як абмежаванні, так і асаблівыя ўмовы выезду, як у маім выпадку. Расійскія памежнікі проста не захацелі разабрацца ў сітуацыі. Я потым спрабавала дазваніцца ў Паўночную Асецію, але там таксама казалі пра абмежаванні. Ішоў дождж, маме з дачкой проста паказалі кірунак ад мяжы і сказалі шукаць таксі. Добра, што свет не без добрых людзей. Нейкі чалавек, які быў з мамай на мяжы, даў ім кантакт ва Уладзікаўказе, дзе можна было спыніцца на тры дні. А таксіст дапамог гэтую кватэру знайсці.

Цяпер блізкія Аліны чакаюць, калі іх забярэ аўтобус турфірмы, на якім яны першапачаткова павінны былі дабірацца да Кабулеці. Грошы за тур ($800 і 310 рублёў), верагодна, таксама ўдасца вярнуць. Але асадак ад няўдалай паездкі застаўся.
— Я склала скаргу на працу памежнай службы на памежным пераездзе КПП «Верхні Ларс — Казбегі» і буду адпраўляць у Федэральную службу бяспекі РФ, — расказала Аліна.
Каментары
Ну і дзе яны ў парадку?