Навуковец, гісторык універсітэта імя Вітаўта Вялікага Вітас Янкаўскас паведаміў, што ў Апостальскай бібліятэцы Ватыкана знайшоў згадку імя Літвы ў 451 годзе. Гэта, па яго словах, значна больш ранняя згадка, чым прыняты 1009 год, паведамляе Defli.lt.

Паводле слоў Янкаўскаса, у тэксце сказана: «Post hoc Atila mansit annis V speculatoribus suis missis in IV partes orbis: una pars in Colonia; secunda usque Lituam locata est; tertia in Don fluvii litore; quarta in Iadra civitate Dalmatie».
Па-беларуску гэта гучала б так: «Пасля гэтага Атыла заставаўся (на месцы) пяць гадоў, адправіўшы сваіх разведчыкаў у чатыры часткі свету: адна частка — у Кёльн; другая — да Літвы; трэцяя — на бераг ракі Дон; чацвёртая — у горад Ядра ў Далмацыі».
Навуковец сцвярджае, што гэта згадка пра Літву была запісана ў хроніцы Пааліна Мінарыта «Сатырыка» (Satyrica historia rerum gestarum mundi). Гэта рукапіс XIV стагоддзя, у якім сабраны даныя з іншых крыніц (большасць з іх не захавалася).
«Даследаванне паказала, што крыніца, у якой згадваецца Літва, магла з’явіцца ў VIII стагоддзі, а можа і раней. Найбольш верагодна, што Пааліна Мінарыт пачэрпнуў інфармацыю пра Літву з пачатку не захаванай хронікі Іаана Дыякона, у якой, відавочна, апісвалася ўварванне Атылы ў Італію на мяжы X—XI стагоддзяў. Гэтыя дадзеныя ў кантэксце гістарычных падзей маглі б патлумачыць, як у Літве з’явіліся археалагічныя матэрыялы, звязаныя з гунамі. Літва ў V стагоддзі не была ізаляванай, яна функцыянавала як пэўны арыенцір, больш канкрэтны, чым берагі ракі Дон. Гэта быў гістарычны аб’ект», — сказаў Янкаўскас.
Гэта адкрыццё, па яго словах, адкрывае шлях да магчымасцяў даследавання іншых згадванняў пра Літву.
Навуковец, тэкстолаг, гісторык Віленскага ўніверсітэта Паўлюс Субачус сказаў, што сцвярджэнні Янкаускаса пра больш раннюю згадку імя Літвы заснаваныя на няправільнай інтэрпрэтацыі, а гэтая хроніка навукоўцам вядомая ўжо даўно.
«Гэта праца вядомая даўно, проста гаворка ідзе пра няправільную інтэрпрэтацыю», — сказаў ён, адзначыўшы, што цяпер знаходзіцца на канферэнцыі, таму не можа даць падрабязны каментар.
Цяпер чытаюць
«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Каментары
Калі коратка і ня маеце часу чытаць, то для вас адразу спойлер: выдахніце, спакойна, хадзіце далей па сваіх справах – чарговыя літоўскія казкі Шахерэзады.
Цяпер разгорнута. XIV стагодзьдзе – час першых зародкаў той самай рымскай легенды, згодна зь якой шляхта ВКЛ нібыта паходзіла ад знатных рымскіх уцекачоў. Чытачы Нашай Нівы хіба ведаюць пра гэтую легенду, бо чытачы НН сяк-так цікавяцца гісторыяй. Адкуль карані гэтае легенды? У XIV стагодзьдзі нямецкія крыжакі зьвярнулі ўвагу на выпадковыя, адзінкавыя падабенствы літоўскае мовы з лацінай, і таму ў XIV стагодзьдзі ў нямецкім асяродзьдзі ўзьнікаюць здагадкі, што аўкштайты і жамойты, быць можа, неяк зьвязаныя з Рымам. У гэтым, дарэчы, няма нічога дзіўнага: позьняе Сярэднявечча – час псэўданавуковых або калянавуковых пошукаў нейкай радні: вугорцы шукалі сваякоў сярод цюрак, французы – сярод жыхароў старажытнай мітычнай Троі, суседзі румынаў пачалі зьвяртаць увагу на падабенства румынскай з лацінай. Дык вось, вернемся. Таму няма нічога дзіўнага, што нямецкія рыцары, суседзі аўкштайтаў і жамойтаў палічылі, што аўкштайты і жамойты неяк зьвязаныя з Рымам. У выніку, узьнікла вось такая вось тлумачальная схемка: аўкштайты і жамойты – нашчадкі рымлянаў. Таму няма нічога дзіўнага, што крыніца XIV стагодзьдзя – часу дууужа далёкага ад навукі – таксама паспрабавала знайсьці ну хоць нейкае больш-менш лягічнае тлумачэньне, хто такія аўкштайты і жамойты.
Другі аспэкт яшчэ цікавейшы і нашым паўночна-заходнім суседзям яўна не спадабаецца. Дужа не спадабаецца. Што такое слова „Lituam” з пункту гледжаньня лацінскае мовы? Лацінская мова (як і славянскія, дарэчы) мае скланеньні. Канчатак –am – гэта канчатак адзіночнага ліку жаночага роду вінавальнага склону назоўнікаў першага скланеньня. Даступнай мовай: форма „Lituam” адказвае на пытаньне «бачу каго / што» (як беларускае «бачу Літву»). Каму няясна, загугліце Latin Declensions chart і там убачыце таблічкі даступнай мовай. Як для першага скланеньня выглядае назоўны склон (пытаньне «хто? што?») ад формы „Lituam”? Ён выглядае... Litua. Ага. Вы правільна здагадаліся :))) І тут яшчэ трэба ўлічыць, што сярэднявечная лацінская мова не адрозьнівала u i v. Напрыклад, слова unus вымаўляецца як [унус], але магло быць запісанае як vnus. Слова vapor, якое вымаўляецца як [ўапор], магло быць запісанае як uapor замест сучаснага vapor. Слова populus (вымаўляецца [популюс]) магло быць запісанае як popvlvs. Уважлівы чытач ужо хіба здагадаўся, да чаго я вяду? Правільна, слова Litua ў гэтай крыніцы зусім неабавязкова вымаўлялася аўтарам крыніцы як [літуа]. Ён яго мог вымаўляць як [літва]. І тады, уласна, паўстае дужа непрыемнае для нашых паўночна-заходніх суседзяў пытаньнечка: а чаму нібыта найдаўнейшая (на хвіліну дапусьцім, што гэта сапраўды 451 год) згадка Літвы вымаўляецца ня як Lietuva, а так літвінісцка, так непаліткарэктна... Карацей кажучы, падсумаваньне: адкрылі дужа позьні апокрыф. Ды яшчэ падклалі сабе аграменную сьвіньню гэтым адкрыцьцём.
Прабачце, Ацілла памер ў 453 годзе. Можа варта праводзіць мінімальны фактчэкінг перад тым як друкаваць артыкул, а не перакладаць на беларускую крывы пераклад з расейскамоўнага delfi????