Сямейная драма аднаго з самых вядомых клоўнаў Беларусі — жонка аддала Вадзіку Ракеце двухгадовага сына і сышла
Вадзік Ракета быў адным з самых паспяховых клоўнаў Беларусі. Але пасля пераезду ў Кітай ён знік з радараў. Цяпер шоўмен трапіў у цэнтр увагі праз асабістую гісторыю: жонка аддала яму выхоўваць 2‑гадовага сына. Адзінокі тата атрымаў у інтэрнэце больш сарказму, чым падтрымкі.

Гадоў з дзесяць таму Вадзік Ракета (сапраўднае імя Вадзім Ванюхаў) быў адным з самых вядомых клоўнаў Беларусі. У 2016 годзе ён нават удзельнічаў у брытанскім шоу Britain's Got Talent, дзе дайшоў да паўфіналу — стаў адным з 40 шчасліўчыкаў. Між іншым, на гэтыя месцы прэтэндавала 90 тысяч чалавек.
Каб выступіць у паўфінале, мужчына сабраў данатамі прыблізна $5600.

У 2017 годзе Вадзім разам з «чалавекам-баянам» Віталем Варанко штурмаваў нацыянальны адбор на «Еўрабачанне». Яго кар'ера складвалася даволі паспяхова: ён быў запатрабаваным вядучым, меў аўтарскае забаўляльнае шоу для дзяцей, сядзеў у журы праекта АНТ «Талент краіны».

Нягледзячы на прызнанне на айчыне, Вадзім вырашыў паспрабаваць свае сілы ў Кітаі. Туды ён з’ехаў у 2018-м. Ён расказваў, што першапачаткова ехаў працаваць настаўнікам англійскай мовы, але літаральна праз некалькі месяцаў зразумеў, што гэта не зусім яго, і стаў рабіць адукацыйна-забаўляльныя шоу для дзяцей і студэнтаў.
Ён таксама распавёў, што ў Кітаі зарабляе ў пяць разоў больш, а жонка з дочкамі час ад часу прыязджае да яго.
А далей Вадзік Ракета знік з беларускай інфапрасторы.

Цяпер у сацсетках Вадзіма пазначана, што ён заснавальнік кампаніі Artchain Foundation, якая зарэгістраваная ў Ганконгу, займаецца крыптапраектамі. Але ў «Трэдс» мужчына распавядае пра поспехі ў англійскай мове сваіх вучняў. А ў каментарыях удакладняе пра В'етнам і называе сябе артыстам, харэографам і настаўнікам.
Днямі Вадзім напісаў, што маці яго сына (як можна зразумець з каментарыяў, гаворка ідзе пра другую жонку) адмовілася ад двухгадовага дзіцяці: «Яго маці сёння адмовілася ад яго. Падпіша ўсе дакументы. Я больш не ведаю, што сказаць і ўвогуле што казаць у такіх сітуацыях. Вучуся жыць па-новаму разам з сынам. У нас усё атрымаецца».

Допіс выклікаў рэзананс і набраў ужо больш за 1700 каментарыяў. Але ж Вадзім атрымаў больш сарказму, чым падтрымкі.
Адно з самых залайканых меркаванняў гучыць так: «Вось гэта нумар, так? Бацька застаўся з дзіцём, будзе гадаваць яго адзін. А не як мы ўсё прывыклі. Як палова жанчын і з некалькімі дзецьмі! Мільёны жанчын. Калі бацькі звальваюць на захад. Сенсацыя, сапраўды? Дзіця ваша, не з вуліцы падабранае, самаробнае. Нават не немаўля. Ныць і геройнічаць няма ніякіх прычын. Гэта не подзвіг, а ваш прамы абавязак! Спачуваем толькі жонцы. Да якога адчаю трэба было давесці жанчыну, што яна апынулася ў такой сітуацыі?».
Кагосьці абурыла тое, што бацька толькі збіраецца вучыцца жыць разам з сынам. Сам Вадзім растлумачыў, што яго сапраўды амаль не было дома, бо ён шмат часу прысвячаў працы.
Казалі пра двайныя стандарты: «Трэдс» разрываецца ад паведамленняў мужчын пра падступныя суды, якія пакідаюць дзяцей маці. Жанчына: «Ну на, сам гадуй». Мужчына ў шоку: «Не ведаю, што сказаць… вучуся жыць».
Жанчыны дзяліліся іранічнымі лайфхакамі: «Зараз я вам напішу інструкцыю па выжыванні. Раніцай усталі, на кнопачку націснулі і сняданак гатовы. Посуд у пасудамыйку, на кнопачку націснулі. Дзіця ў садок, вы бягом на працу. З працы хуценька ў супермаркет па ежу і за дзіцём у садок. Прыходзьце, кнопку націскаеце і вячэра гатовая. Посуд у пасудамыйку, робат-пыласос уключылі, пралку ўключылі, дзіця памылі, у цацкі пагулялі, кніжку пачыталі, спаць паклалі, далей атрымліваеце асалоду ад свайго вольнага часу. І ў такім рэжыме толькі гадоў 8-10».
Жартавалі наконт таго, што цяпер тата на аліменты зможа адпачываць на Мальдывах.
Але ўсё ж знайшліся і тыя, хто шкадаваў маленькага хлопчыка, які ў любым выпадку трапіў у складаную сітуацыю і застаўся без аднаго з бацькоў.
Каментары
Трэба дома бываць не госцем...
Но даже если б ваша теория была верна: где ваша радость за мужчину? Вон ему готового ребёночка отдали, даже судиться не пришлось. Считайте нахаляву открыл "алиментный бизнес"