Навуковец патлумачыў, чаму многія птушкі не ядуць каларадаў і хто можа дапамагчы змагацца са шкоднікам.

З году ў год дачнікі і сельгаспрадпрыемствы вядуць барацьбу з галоўным шкоднікам бульбы — каларадскім жуком. Як расказаў «Смартпрэс» старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Велігураў, знішчаць шкодных насякомых могуць не толькі людзі і іх вынаходкі.
«У сябе на радзіме ў Амерыцы каларадскі жук становіцца кормам для цацарак і індычак. І калі першыя ядуць яго па сваёй ініцыятыве, другіх людзі «навучаюць» такому харчаванню, дадаючы жукоў у насенне, якім харчуюцца птушкі. З часам індычкі прывыкаюць да жукоў і пачынаюць знаходзіць і есці іх самастойна».
Навуковец тлумачыць, чаму многія птушкі не ядуць каларадаў.
«Каларадскія жукі харчуюцца пасленавымі (сямейства раслін. — НН), у якіх утрымліваецца спецыяльны таксін — саланін. Гэта рэчыва назапашваецца ў арганізме. Большасць птушак пасля пробы казуркі на смак атрымліваюць атручванне і ў далейшым імкнуцца пазбягаць такіх «страў» у сваім меню».
Цікава, што каларадскі жук больш любіць баклажаны, але паколькі бульбы ў нас садзяць болей, ён паядае той корм, якога ў дастатку.
Каб перамагчы шкодніка, людзі практыкуюць севазварот: адзін год на полі вырошчваюць бульбу, затым — некалькі гадоў запар — іншыя культуры. Выйшаўшы на паверхню пасля зімоўкі, жукі не знаходзяць ежу і могуць памерці ад голаду.
Навуковец падкрэслівае, што для каларадаў не складана пералятаць з участка на ўчастак, таму важна, каб леташнія і цяперашнія бульбяныя палі знаходзіліся адзін ад аднаго далей — хоць бы на адлегласці 5 км.
Каментары