Згодна з заключэннем эксперта, кіроўца меў магчымасць загадзя ўбачыць пешахода.

У судзе разглядалі аварыю, якая здарылася ў Мінску 2 сакавіка. Абставіны расказалі агенцтву «Мінск-Навіны» ў пракуратуры Маскоўскага раёна сталіцы.
Каля 00:40 41‑гадовы мужчына ехаў за рулём Fiat Doblo, які належаў знаёмаму яго бацькі. Мінчук рухаўся па крайняй левай паласе вуліцы Міхалоўскай у напрамку вуліцы Ельскіх. Каб аб'ехаць прыпаркаваны аўтамабіль, кіроўца стаў перастройвацца ў іншую паласу. Ён адцягнуў увагу на люстэрка задняга віду і ў той момант наехаў на нецвярозага пешахода, якога не заўважыў у першай паласе. Згодна з заключэннем эксперта, кіроўца меў магчымасць загадзя ўбачыць яго.
Пацярпелага забрала хуткая — пешаходу былі прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні (па прыкмеце працяглага расстройства здароўя на тэрмін не большы за чатыры месяцы).
На кіроўцу Fiat Doblo завялі крымінальную справу — па ч.1 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху кіроўцам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Віну ён цалкам прызнаў і раскаяўся. Мужчына мае двух дзяцей і працуе індывідуальным прадпрымальнікам. У выніку суд даў яму штраф у памеры 400 базавых велічынь (16 800 рублёў).
Каментары