Літоўская апазіцыя атакуе ўрад за тое, што мяжу адкрылі, а фуры застаюцца ў палоне
Апазіцыйныя фракцыі літоўскага Сейму патрабуюць ад прэм’ер-міністаркі Інгi Ругінене растлумачыць сітуацыю, якая ўзнікла пасля адкрыцця 20 лістапада двух пагранічных пунктаў з Беларуссю. Хоць літоўцы аднавілі рух праз мяжу, беларускі бок па-ранейшаму не прапускае літоўскія грузавікі і яны застаюцца заблакаванымі на спецыяльных стаянках, піша Delfi.lt.

Лідар апазіцыйнага Саюза Айчыны — хрысціянскіх дэмакратаў Лаўрынас Кашчунас заявіў, што ў краіне працягваецца крызіс: фуры не могуць вярнуцца, падтрымкі ад еўрапейскіх і рэгіянальных партнёраў няма, метэаразведвальныя зонды перашкаджаюць працы аэрапорта, а кантрабандысты актывізаваліся. На яго думку, міністры замежных, унутраных справаў і фінансаў не спраўляюцца са сваёй працай, а ўрад не забяспечвае належнай каардынацыі.
Тры апазіцыйныя фракцыі — кансерватары, лібералы і дэмакраты — ініцыявалі сумеснае пасяджэнне, на якое запрасілі прэм’ерку, каб атрымаць тлумачэнні і даведацца, ці існуе план выхаду з крызісу. Запрашэнне накіравана, але адказу на яго, як паведамляецца, пакуль няма.
Літва адкрыла мяжу ўначы з серады на чацвер, аднак літоўскія перавозчыкі ўсё яшчэ не могуць пакінуць беларускія стаянкі.
Каментары