Дарагамілаўскі суд Масквы задаволіў пазоў былога дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Уладзіміра Алейніка аб прызнанні падзей лютага 2014 года ва Украіне дзяржаўным пераваротам.

Шматмесячная акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Кіеве зімой 2013—2014 года скончылася адхіленнем ад улады прэзідэнта Віктара Януковіча і абвяшчэннем датэрміновых выбараў.
У пачатку працэсу Алейнік абвясціў, што ён і яго сям'я на радзіме падвяргаюцца пераследу, таму былы дэпутат — спачатку ад блоку Юліі Цімашэнкі, а потым ад Партыі рэгіёнаў — пражывае ў Маскве і падаў пазоў па месцы жыхарства.
Паводле яго слоў, украінскія ведамствы і суды адмаўляюцца разглядаць яго заявы.
У сваім пазове Уладзімір Алейнік запатрабаваў юрыдычна расцэньваць змену ўлады ва Украіне як дзяржаўны пераварот. У доказ свайго сцвярджэння Алейнік заявіў, што ў 2014 годзе тагачасны прэзідэнт Віктар Януковіч быў незаконна адхілены ад улады.
«Дадзеная акалічнасць знайшла пацвярджэнне ў доказах, прадстаўленых у справе», — пагадзілася з ім суддзя Ганна Шыпікава.
У рамках гэтай справы ў якасці сведкі быў дапытаны сам былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, пасля ўцёкаў з Кіева 21 лютага 2014 года пражывае на тэрыторыі Расіі.
Афіцыйны Кіеў пакуль ніяк не адрэагаваў на рашэнне Дарагамілаўскага суда Масквы.
Каментары