Тэатр

«Сяджу на гаршку, а тата мяне фатаграфуе». Прэм'ера ў Купалаўскім — дакументальны спектакль «Першы»

У свой юбілейны 100-ы сезон Купалаўскі тэатр рашыўся на эксперымент — упершыню звярнуўся да жанра вербацім, ці дакументальнага тэатра. Спектакль «Першы» — пра загадкавы свет дзяцінства. Рэжысёрам стаў Раман Падаляка. Пасля яго паспяховага дэбюту з касмічным «Радзівам «Прудок» ад гэтай прэм'еры многага чакаеш.

Прэм'ера спектакля «Першы» адбылася 8 снежня.

Пару слоў пра жанр вербацім. У ім асновай пастаноўкі становяцца рэальныя маналогі і дыялогі — падслуханыя выпадкова ці запісаныя падчас інтэрв’ю. Для беларускага тэатра жанр не часты, але не новы. Напрыклад, спектакль «Жывёла» Беларускага свабоднага тэатра, «Мабыць?» ад РТБД, докпастаноўкі Лабараторыі сацыяльнага тэатра (адна з іх — «11 красавіка», пра тэракт у метро).

Купалаўцы матэрыял для пастаноўкі пачалі збіраць у мінулым кастрычніку. Прапанавалі ўсім ахвотным даслаць свае гісторыі — пра першае сяброўства, першае каханне, першую здраду. Толькі Раману Падаляку прыйшло каля 50 электронных лістоў. Частка гэтых успамінаў і стала п’есай.

На сцэне быццам мінімалістычнае чорна-белае кіно. Дзіцячы дрэс-код — гольфы да калена, кашулі з шырокімі нязграбна-нямоднымі рукавамі, адколькавыя туфлікі з зашпількай. Два хлопчыкі (акторы Павел Астравух і Іван Кушнярук) і дзве дзяўчынкі (Валянціна Гарцуева і Крысціна Дробыш) расказваюць гісторыі, якія часам падаюцца вельмі блізкімі.

Можа, таму, што ўсе дарослыя любяць размаўляць штампамі, а ўсе дзеці пакутавалі ад рыбных катлет у садку і выношвалі план пабегу?

Некаторыя ўспаміны настолькі камічныя, што немагчыма стрымацца ад смеху. «Сяджу на гаршку, а тата мяне фатаграфуе». «Мама кажа, што, калі кепска буду сябе паводзіць, аддасць трактарысту. Я баюся трактарыстаў». Ці пра тое, як прымушалі даядаць абед: «у нас свінняў няма!» А легендарнае мамчына «таму што я так сказала»?

І як жа міла і адначасова смешна выглядае першае школьнае каханне. Дзяўчаты з кавалерамі, якія на дзве галавы ніжэйшыя (ідзеш дугой, затое ў абдымку), хлопцы, якія рысуюцца так, быццам хочуць спадабацца не аднакласніцы, а журы чэмпіянату свету па фігурным катанні…

У нейкі момант у дзяцей пачынаецца свой «клуб ананімных алкаголікаў» — па чарзе сядаюць на гаршок і пад апладыменты дзеляцца адкрыццямі, перажываннямі і скаргамі на дзівакоў-дарослых.

Іншыя ўспаміны кранаюць. Пра тое, што любімая цацка — гэта партрэт дзеда. Пра тое, як чакаеш сустрэчы з татам, якога ніколі не бачыў, а потым баішся, бо ён — гэта незнаёмы дзядзька. І гэты страшны шум халадзільніка, які нарастае і трывожна запаўняе ўвесь пакой.

З рэквізіту на сцэне — толькі некалькі прадметаў, якія лоўка абыгрываюцца. Куфар пераўтвараецца ў стол, экран для праектара — у абрус і коўдру. Частку маналогаў акторы расказваюць, трымаючы вялікую літару «Я». Дзіцячы эгаізм? Магчыма, але гэта дэталь — і пра адметнасць кожнага з нас (гераіня Крысціны Дробыш кажа, што не верыць ў смерць, бо не можа знікнуць тое, што ўнікальна).

У Падалякі атрымаўся цёплы, хатні спектакль, які вяртае ў дзяцінства і нагадвае, якімі мы хацелі быць і якімі не. Пра простыя рэчы, якія робяць нас шчаслівымі, і грубасць, ад якой балюча.

Драматычныя сцэны, сказаць па праўдзе, не так запалі ў душу, а вось гумар… Калі акцёры ладзяць бязлітасны дэнс падчас ціхай гадзіны ў садку ці патрабуюць свабоды, размахваючы чырвонымі сліняўчыкамі, здаецца, што яны проста кайфуюць на сцэне, забыўшыся на гледачоў.

Цікавая дэталь: адны з галоўных словаў — «я люблю цябе» — герой чуе ад плюшавага мядзведзіка. Ці не таму, што дарослыя на іх забываюць?

А вось яшчэ адзін прагноз, які прымусіў задумацца: «Калі ты станеш дарослым, то не зможаш ужо займацца тым, што любіш». Шкада, калі ён спраўдзіцца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду2

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

Распрацоўшчык гульні «Свет танкаў» афіцыйна перайшоў ва ўласнасць расійскай дзяржавы6

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?1

Стала вядома, з кім згуляюць беларускія клубы ў другім раўндзе Лігі канферэнцый1

Саміт G7 скончыўся без заявы пра Украіну. Зяленскі і Трамп пакінулі яго датэрмінова4

Таямнічы фонд Лукашэнкі стварыў структуру ў Расіі4

«Месяц без працы — даражэй». Ці можна заплаціць $5 тысяч і атрымаць офер?1

«Лічу, што заслужыў права выказацца». Адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі вярнуў медаль і пайшоў ваяваць за Украіну10

У ЗША дактары адключылі ад апарата 31-гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме3

Ад іранскага ракетнага ўдару ў Ізраілі загінула сям'я з Украіны, якая прыехала лячыць сямігадовую дачку ад лейкеміі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду2

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць