Як сын стваральніка «Фабрыкі літоўскіх вяндлін» з Баранавіч стаў ахвярай Катынскай трагедыі
У красавіку гэтага года споўнілася 80 год расстрэлам польскіх ваеннапалонных у Катыні і іншых месцах. У Беларусі Катынскую трагедыю найчасцей разглядаюць выключна ў польскім кантэксце, як чужую бяду, часта забываючыся, што там палеглі і тысячы нашых землякоў. Напрыклад, вайсковы доктар з Баранавіч Леанард Баранцэвіч. Піша Сяргей Кузняцоў.

На пачатку ХХ стагоддзя Баранавічы былі толькі мястэчкам, але дзякуючы чыгуначнаму вузлу бурна раслі і прыцягвалі ўсё больш насельнікаў з ваколіц. Прыезджымі былі і бацькі Леанарда Баранцэвіча. Маці Браніслава была родам са Слоніма, а бацька Міхал — з невялічкага засценка Касцюкі (сёння — частка вёскі Віскачы Стаўбцоўскага раёна). Іх сын Леанард нарадзіўся ў верасні 1911 года.
Міхал Баранцэвіч быў у Баранавічах чалавекам вядомым. Яшчэ ў 1905 годзе ён заснаваў прадпрыемства па перапрацоўцы мяса «М. Баранцэвіч. Фабрыка літоўскіх вяндлін». Бізнэс перажыў рэвалюцыйна-ваенныя закалоты і паспяхова развіваўся ў новых умовах, пасля таго як паводле Рыжскай дамовы Баранавічы адышлі да Польшчы. На этыкетцы фабрыкі можна пабачыць выявы медалёў, якія мясная прадукцыя Баранцэвіча здабыла яшчэ ў часы Расійскай імперыі на разнастайных выставах прадуктаў у Крывым Розе, Растове-на-Доне і нават Рыме.
Недзе ў 1933 годзе Міхал выправіў сына Леанарда на вучобу ў Вільню — ва Універсітэт Стэфана Баторыя.
Медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта Леанард скончыў у 1938 годзе. Яшчэ падчас вучобы ён ажаніўся, а ўвосень 1938-га жонка Яўгенія нарадзіла сына, якога назвалі Збышкам, Збігневам. Маладыя таксама пасяліліся ў Баранавічах. Шчаслівы тата вырашыў звязаць жыццё з польскім войскам і быў залічаны на службу вайсковым доктарам у адзін з палкоў уланаў. Верасень 1939 года, пачатак вайны, заспеў Леанарда ў званні падхарунжага.
А ў палоне ён апынуўся пад Берасцем, пасля таго як польскае войска было канчаткова раззброенае нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам.

«Кіравацца не канвенцыямі, а дырэктывамі»
Ужо ў другой палове верасня 1939 года пры НКВД СССР утварылася Упраўленне па справах ваеннапалонных і інтэрнаваных, якое ўзначаліў маёр Пётр Сапруненка. Спачатку для ваеннапалонных стварылі аж восем лагераў.
Аднак даць рады такой колькасці людзей было лагістычна складана. Праз два тыдні, згодна з рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б), палонных жаўнераў падзялілі на дзве катэгорыі. Ад афіцэраў адасобілі шарагоўцаў і падафіцэраў. Каля 40 тысяч шарагоўцаў — тых, чые дамы апынуліся на нямецкім баку, — перадалі Германіі. Астатніх вызвалілі альбо накіравалі на прымусовыя працы.
А вось афіцэраў, як і супрацоўнікаў паліцыі ды жандармерыі, было вырашана трымаць далей. Большасць лагераў закансервавалі, з васьмі пакінулі тры: Асташкаўскі і Казельскі ў Цэнтральнай Расіі, а таксама Старабельскі на ўсходзе Украінскай ССР.
Леанарда Баранцэвіча, як і іншых палонных лекараў, утрымлівалі ў Старабельску. Хоць падхарунжыя фармальна афіцэрамі не лічыліся, выхадцаў з Заходніх Беларусі і Украіны таксама пакінулі ў лагеры. Агульная колькасць палонных тут сягала 4 000 чалавек, з якіх дактароў (у тым ліку ветэрынараў), фармацэўтаў, падхарунжых і афіцэраў медыцынскай службы было больш за 800.
Напрыканцы кастрычніка найбольш актыўныя з гэтай групы звярнуліся з калектыўным лістом да найвышэйшага савецкага кіраўніцтва. Дактары і фармацэўты звярталі ўвагу, што савецкія войскі заспелі іх пры выкананні лекарскіх абавязкаў у шпіталях або ў вайсковых часцях. Спасылаючыся на нормы Жэнеўскай канвенцыі, падпісанты прасілі адправіць іх у адну з нейтральных краін альбо дахаты.

Хоць напісаныя лісты не дайшлі да адрасатаў, начальнік лагера капітан Аляксандр Беражкоў папрасіў сваё кіраўніцтва даслаць яму для азнаямлення тэкст Жэнеўскай канвенцыі. У адказ начальнік Сапруненка загадаў кіравацца ў працы не канвенцыямі, а дырэктывамі ўпраўлення.
«Разгрузка лагераў»
Наступныя некалькі месяцаў палонных актыўна распрацоўваў НКВД. На пачатак лютага 1940-га нарэшце завяршылі фармаваць «следчыя справы». Яшчэ праз месяц, 5 сакавіка, Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло адносна ваеннапалонных рашэнне: справы былых польскіх афіцэраў маюць быць разгледжаныя ў адмысловым парадку, з прымяненнем найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Разгляд справы праводзіўся «тройкай» без выкліку арыштаваных і без выстаўлення абвінавачання, без прад'яўлення пастановы аб заканчэнні следства і абвінаваўчага заключэння.
Пачалася аперацыя, названая НКВД «разгрузкай лагераў». З 4 000 старабельскіх палонных трохі менш за 200 чалавек былі пераведзеныя ў іншы лагер. Гэта былі вязні, на якіх ва ўладаў былі асаблівыя віды: хтосьці згадзіўся супрацоўнічаць, хтосьці быў патрэбны для далейшай распрацоўкі або аператыўных гульняў. Часта людзі і самі не ведалі прычыну, чаму іх пакінулі жыць.
Адным з ацалелых быў пляменнік колішняга гарадскога галавы Мінска Караля Гутэн-Чапскага (кіраваў з 1890 па 1901 год), Юзаф Чапскі. Як стане вядома праз шмат гадоў, вызваліць яго, графа, прасіла праз пасярэдніцтва немцаў еўрапейская арыстакратыя. Чапскі перажыве вайну, паселіцца пад Парыжам, дзе разам з Ежы Гедройцем будзе працаваць над часопісам «Культура». А свой палон апіша ў кнізе ўспамінаў «На бесчалавечнай зямлі» (1949).
Леанард Баранцэвіч у групу ацалелых не трапіў. Ён быў у адной з партый палонных, якія пачынаючы з 5 красавіка штодня перавозіліся чыгункай у Харкаў і дастаўляліся ў абласное ўпраўленне НКВД. Там завочна асуджаных на смерць па адным заводзілі ў сутарэнне, звяралі асабістыя дадзеныя і стралялі ў патыліцу.

За адзін дзень НКВД «разгружала» лагер прыкладна на 200 чалавек. Целы загінулых таемна хавалі ва ўрочышчы Пяціхаткі каля Харкава.
Пакуты сям’і
Яшчэ перад пачаткам «разгрузкі» НКВД удакладніў у палонных месца жыхарства іх сем’яў. Рыхтавалася другая хваля дэпартацыі насельніцтва Заходніх Беларусі і Украіны. Савецкія ўлады правядуць яе за два дні — 13 і 14 красавіка — і вывезуць больш за 60 тысяч чалавек. На 80% гэта будуць жанчыны і дзеці.
Яўгенію, жонку Леанарда, забяруць з Баранавіч разам з малым Збышкам. Разам з імі вышлюць маці Яўгеніі, а таксама свёкра Міхала, былога ўладальніка фабрыкі вяндлін. З таварных вагонаў іх высадзяць на станцыі Петухова, каб накіраваць на спецпасяленне ў суровым стэпе Паўночнага Казахстана.
Праз два гады, калі ворагі і саюзнікі ў Масквы будуць іншыя, Яўгенія з сынам змогуць атрымаць свабоду і пакінуць СССР з арміяй Уладзіслава Андэрса. Праз Іран і Палесціну яны трапяць у Вялікабрытанію.
У 1950-х Яўгенія пераселіцца ў ЗША, дзе пражыве доўгае жыццё, больш ніколі не пабачыўшы Баранавічы. Яна дачакае часу, калі свет дазнаецца пра пахаванне ў Пяціхатках, а на месцы спачыну яе мужа і тысяч іншых ахвяр будзе ўзведзены мемарыял.
Каментары