За забойства жонкі жыхару Светлагорска далі 18 гадоў пазбаўлення волі. Яна назвала яго чужым іменем
У чацвер Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Светлагорску вынес прысуд 46-гадоваму мясцоваму жыхару, абвінавачанаму ў жорсткім забойстве жонкі, паведамляе мясцовае выданне «Ранак».

Згодна з матэрыяламі справы і паказаннямі мужчыны ў судзе, яны з жонкай разам выпілі, затым пасварыліся. Мужчына збіў яе, але потым супакоіўся, яны ляглі спаць. Аднак калі жанчына назвала мужа чужым імем, ён зноў пачаў яе біць. У выніку яна памерла.
Судмедэкспертыза паказала, што ў загінулай былі шматлікія пераломы рэбраў, разрывы печані і селязёнкі, ацёк галаўнога і спіннога мозгу, кровазліццё ў мозг. Муж нанёс ёй не менш за 48 удараў.
Як высветлілася на судзе, гэта быў не першы выпадак агрэсіі ў сям'і. Калегі жанчыны распавялі, што яна часам прыходзіла на працу з сінякамі. Але пры гэтым на мужа не скардзілася.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і вынес яму прысуд — 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен будзе выплаціць 80 тысяч рублёў маці забітай жонкі.
Каментары