Камітэт па правах чалавека ААН супраць дэпартацыі Расіяй у Беларусь Яны Пінчук
Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расіі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам яе скаргі. На радзіме ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у стварэнні апазіцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».

Гэта першы выпадак умяшання структуры ААН у справы аб дэпартацыі з Расіі беларускіх апазіцыянераў, сказала ў каментары Бі-бі-сі адвакат дзяўчыны Марыя Бяляева. Да гэтага часу праваабаронцам удавалася прыпыніць дэпартацыю з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека — але расійскія ўлады адмовіліся ад выканання яго рашэнняў пасля выключэння Расіі з Савета Еўропы.
Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбурга з лістапада 2021 года. Яе затрымалі ў пецярбургскай кватэры і праз дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна прад'явілі абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Расійская пракуратура пагадзілася яе выдаць па трох з іх: аб распальванні сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Апеляцыю Пінчук на рашэнне першай судовай інстанцыі аб яе дэпартацыі заўтра разгледзіць 2-гі Апеляцыйны суд у Пецярбургу. Камітэт па правах чалавека ААН таксама прапануе Расіі даць Пінчук доступ да працэдураў надання часовага прытулку, пра які яна прасіла. Раней расійскія ўлады ёй у гэтым адмовілі.
Каментары