Мужчыну, які збіў да смерці жанчыну на пошце ў Дрыбінскім раёне, адправяць на псіхіятрычнае лячэнне
У канцы мінулага года ў Дрыбінскім раёне 39-гадовы мужчына ўчыніў пагром на пошце. Ён граміў абсталяванне і збіваў людзей. Пацярпелі пяць чалавек: супрацоўніца пошты і чацвёра наведвальнікаў, адна жанчына памерла.

«Ён нанёс мноства ўдараў рукамі, нагамі, металічнай трубой і фрагментам шкла па розных частках цела», — паведамілі ў СК. Адна з пацярпелых — 71-гадовая жанчына — загінула на месцы здарэння. Прычынай смерці стала чэрапна-мазгавая траўма. Па факце здарэння СК распачаў крымінальную справу. Як аказалася, мужчына доўгі час пакутуе на псіхічны разлад. Пры правядзенні стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы камісія экспертаў прыйшла да высновы, што нападнік у той перыяд часу не мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Ён уяўляе асаблівую небяспеку для грамадства і мае патрэбу ў прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары з строгім назіраннем».
Крымінальная справа для прымянення неабходных мер накіравана ў суд. Мужчыне інкрымінуюцца здзяйсненне грамадска небяспечных дзеянняў, прадугледжаных ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), ч. 1 арт. 14, пп. 1, 6, 13 ч. 2 арт. 139 (замах на забойства) і пп. 2, 6, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Зараз ён знаходзіцца пад вартай.
Каментары