Мастакоў Рымашэўскага і Шчамялёву пратрымалі амаль год у СІЗА, але далі такі тэрмін, каб у судзе адпусціць дадому
Сілавікі прыйшлі з ператрусам да мужчыны, у якога вісела карціна Шчамялёвай. Ім не спадабалася, таму яны прыйшлі да мастакоў.

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 66‑гадоваму мастаку Ігару Рымашэўскаму. Яго абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі і ў распальванні варожасці.
Мастаку прысудзілі 1 год і 2 месяцы калоніі. Такі дзіўны тэрмін быў абраны для таго, каб адпусціць Рымашэўскага ў зале суда з улікам адбытага пакарання.
Ігар Рымашэўскі быў затрыманы ў кастрычніку 2024 года. Такім чынам, ён правёў за кратамі каля 10‑11 месяцаў.
Разам з ім была затрыманая яго жонка, таксама вядомая мастачка Людміла Шчамялёва. Ёй 65 гадоў. Яе пратрымалі ў зняволенні столькі ж, але мяркуючы па ўсім, судзілі толькі за ўдзел у пратэстах. Шчамялёва атрымала тыя ж 1 год і 2 месяцы калоніі і таксама выйшла на свабоду.
«Людміла распавядала, што спачатку сілавікі прыйшлі з ператрусам да мужчыны, у якога вісела яе карціна. Яна была без БЧБ, не пратэсная, але проста ім не спадабалася. Таму яны прыйшлі з ператрусам да Людмілы і яе мужа», — расказвала «Вясне» яе суседка па камеры.

Шчамялёва і Рымашэўскі працуюць у стылі, шмат у чым натхнёным наіўным мастацтвам. Вельмі розныя, яны тым не менш абое роўна пазнавальныя казачнасцю сваіх палотнаў. І выбітныя ў сваёй арыгінальнасці і іроніі.

Іх працы ўпрыгожвалі найлепшыя беларускія галерэі і нават грамадскі транспарт. Яны стварылі запамінальны вобраз «вечнага Мінска» і наіўных, прастадушных, але сардэчных беларусаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары