Лукашэнка патрабуе ад Літвы палітычных перамоў на ўзроўні МЗС. Фуры застаюцца ў закладніках
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сітуацыю з літоўскімі грузавікамі павінны «разрульваць» МЗС Беларусі і Літвы. Што менавіта трэба «разрульваць», калі мяжа адкрытая, не тлумачыцца, але 1800 фур на літоўскіх нумарах нерухома стаяць у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які па даручэнні сустракаўся з вадзіцелямі фур, што стаяць у Беларусі пасля закрыцця і пасля адкрыцця Літвой граніцы, перадае БЕЛТА.
«Мы з вамі дамаўляліся, што ў нядзелю вы перагаворыце з вадзіцелямі вялікагрузаў. Іх 1800 дзесьці літоўскіх, з літоўскімі нумарамі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Вальфовіч удакладніў, што ў Беларусі цяпер 1818 фур на літоўскіх нумарах. — Вадзіцелі, зразумела, — і беларусы, і расіяне, і літоўцы, і казахі — розныя людзі ёсць. Мяжу яны [літоўцы] адкрылі. Зразумела, прызнавацца не хочуць, што яны вінаватыя. Ды нам гэта і не трэба — людзі бачаць, хто мае рацыю, хто вінаваты».
Лукашэнка дадаў, што літоўскі бок будзе «зніжаць градус», падштурхоўваючы, паводле яго слоў, вадзіцеляў да таго, каб яны займалі пэўную палітычную пазіцыю.
«Трэба было растлумачыць людзям, што адбываецца, як адбываецца, хто каму вінен, у рэшце рэшт. Я мяркую, вы гэта зрабілі» — сказаў ён Вальфовічу.
«Гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Я ўжо гаварыў аб гэтым: яны ні ў чым не вінаваты. У тым ліку і іх арганізацыі аўтаперавозчыкаў. У чым літоўскія аўтаперавозчыкі вінаватыя? Ні ў чым. Гэта глупства было на палітычным узроўні», — дадаў ён.
Але чаму Беларусь не выпускае літоўскія фуры, Лукашэнка публічна не ўдакладніў. Але сказаў, што «цяперашнюю сітуацыю» трэба будзе вырашыць знешнепалітычным ведамствам дзвюх краін: «Няхай Міністэрства замежных спраў наша і літоўскае сустракаюцца і разрульваюць гэту сітуацыю».
Літоўскі бок адмаўляў магчымасць палітычных перамоў з беларускімі ўладамі, якіх лічыць і нелегетымнымі, і суагрэсарамі ў вайне з Украінай. Але Лукашэнка, выглядае, хоча зламаць іх, шантажуючы закладнікамі.
Каментары