«Сумуе па Кыргызстане». Лукашэнка расказаў пра жыццё Бакіева ў Беларусі
«Ну, гэта ганьба, што кіргізы не могуць дазволіць свайму прэзідэнту прыехаць на магілу бацькі».

Аляксандр Лукашэнка ў Бішкеку расказаў пра жыццё ў Беларусі экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.
«Бакіеў таксама добра жыве. Нармальна. Мы яго да вас не адпусцім ужо. Я яму сказаў: «Ніякіх паездак, хопіць! Жыві ў Беларусі». Нармальна жыве», — сказаў Лукашэнка ў Бішкеку, дзе знаходзіцца на саміце АДКБ.
Лукашэнка кажа, што часам бывае ў гасцях у Бакіева, калі той яго запрашае.
«Але ён вельмі пакутуе і сумуе па краіне. Усё мне кажа: вось хацеў бы хоць на магілу прыехаць да бацькі. Ну, гэта ганьба, што кіргізы не могуць дазволіць свайму прэзідэнту прыехаць на магілу бацькі. Думаю, мы вырашым гэтае пытанне з цяперашнім кіраўніцтвам», — дадаў Лукашэнка.
Курманбек Бакіеў быў прэзідэнтам Кыргызстана з 2005 па 2010 гады. Пасля няўдалай спробы здушыць пратэсты ён пераехаў у Беларусь, дзе атрымаў палітычны прытулак і, як паведамлялі СМІ, грамадзянства.
Кыргызстан шмат разоў беспаспяхова патрабаваў ад Мінска выдачы Бакіева — экс-прэзідэнт завочна асуджаны на радзіме паводле шэрагу крымінальных спраў за злоўжыванне ўладай і іншыя злачынствы.
У 2025 годзе прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў заявіў, што вядзе перамовы з беларускімі ўладамі пра ўмовы магчымага вяртання Бакіева на радзіму.
Каментары