У 2015 годзе Украіна страціла грузапаток беларускай нафты па чыгунцы з-за чалавечага фактару ў «Укрзалізныцы».
Пра гэта ў інтэрв'ю «Украінскім навінам» заявіў міністр інфраструктуры Украіны Андрэй Піваварскі.

«Мы страцілі сёлета грузапаток беларускай нафты па чыгунцы праз чалавечы фактар ва «Укрзалізныцы». Не далі своечасова зніжкі на транзіт для грузаадпраўніка і нафта сышла на Балтыку», — удакладніў Піваварскі.
Паводле яго, Украіна страціла груз не толькі на чыгунцы, але і ў порце, бо перавалка ідзе праз чыгунку ў марскі порт Адэса, г.зн. страчаны і прыбытак порта.
«Гэта, паўтаруся, быў выключна чалавечы фактар — хтосьці ва «Укрзалізныцы» вырашыў, што гэтая зніжка беларусам не вельмі цікавая і мы страцілі 2 млн тон грузу. А вось Прыбалтыка з задавальненнем забрала яго сабе», — удакладніў ён.
На думку Піваварскага, у 2016 годзе беларусы маюць вярнуцца.
«Мы цяпер сталі вельмі гнуткімі ў плане тарыфаўтварэння, для таго, каб вярнуць транзітныя патокі. Плюс мы даволі актыўна зараз вядзем перамовы з казахамі, каб вярнуць частку грузаў, якія па чыгунцы пераарыентаваліся на Расію, Беларусь і далей у Еўропу. Вельмі актыўна вядзем абмеркаванне з нашымі суседзямі па Чарнаморска-Каспійскаму басейну, каб запусціць камбінаваныя перавозкі чыгункай і марскім транспартам», — падсумаваў міністр.
Каментары