Пасля некалькіх месяцаў у СІЗА на свабоду выйшлі палітвязні Вадзім Якубоўскі і Андрэй Драбатовіч ФОТА
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска другога ліпеня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязняў Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага. Іх абвінавацілі ў арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), пішуць праваабаронцы.
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Дзяржабвінавачванне прадстаўляў пракурор Цімафей Нічыпарук.
10 жніўня 2020 года сябры стэлефанаваліся, вечарам сустрэліся і выправіліся на Нямігу паглядзець, што робіцца на вуліцах.
Калі АМАП пайшоў на людзей, многія спалохаліся, выйшлі на праезную частку. Сябры таксама апынуліся на праезнай частцы. Разам з усімі выкрыквалі: «Міліцыя з народам» і «Жыве Беларусь!» Некаторы час яны стаялі ў счэпцы ў першым шэрагу. Менавіта па гэтай прычыне іх здолелі апазнаць і затрымаць.
Жыхар Мінска Андрэй Драбатовіч быў затрыманы 14 красавіка 2021 года, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным зняволеным. Вадзіма Якубоўскага затрымалі 23 красавіка, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Ён таксама палітзняволены.
Сёння суддзя Дзмітрый Карсюк агучыў прысуд: Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага прызнаць вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (хатняя хімія). Менавіта столькі прасіў пракурор.
Залічыць у тэрмін адбыцця пакарання Драбатовічу — з 14 красавіка па 2 ліпеня, Якубоўскаму — з 23 красавіка па 2 ліпеня. Вярнуць Драбатовічу БЧБ-сцяг.
Каментары