Прокуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу супраць 20‑гадовага жыхара Слоніма, якога абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Па версіі следства, слонімец разам з іншым чалавекам арганізаваў схему па крадзяжы грошай шляхам ашуканства. Абвінавачаны браў на сябе пошук банкаўскіх рахункаў і плацежных картаў, а таксама кантроль за імі, каб на іх пералічваліся выкрадзеныя сродкі.
Яго саўдзельнік у ліпені—жніўні 2024 года размяшчаў у інтэрнэце фальшывыя аб’явы пра арэнду кватэр у Гродне, Мінску, Гомелі, Віцебску і Магілёве. Для павелічэння даверу да сябе ён выкарыстоўваў скрадзеныя электронныя копіі пашпартоў грамадзян Беларусі, ствараў у Viber і Telegram фальшывыя акаўнты і перапісваўся з патэнцыйнымі арандатарамі. Пад выглядам неабходнасці перадаплаты ён перасылаў ім фальшывыя пашпартныя звесткі і прасіў пералічваць грошы на кантраляваныя рахункі.
20‑гадовы слонімец, у сваю чаргу, распараджаўся далейшым размеркаваннем гэтых сродкаў. У выніку такіх дзеянняў пацярпелі 193 чалавекі на суму 41,3 тысячы рублёў.
Справу расследаваў Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці. Пасля вывучэння матэрыялаў справы пракуратура прызнала абвінавачванне абгрунтаваным і кваліфікавала дзеянні па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (махлярства ў асабліва буйным памеры). Абвінавачаны цяпер утрымліваецца пад вартай.
Каментары