«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі
У 1920‑я бальшавікам удалося адурманіць частку беларускіх дзеячаў за мяжой і завабіць у «беларускі П’емонт», які аказаўся смяротнай пасткай. Сёння ў беларускай палітычнай эміграцыі толькі адзінкі тых, хто хоча паверыць у тое, што ў Беларусі ўжо ўсё наладзілася і можна вярнуцца ды жыць. Францішак Аляхновіч, які здолеў перажыць рэпрэсіі, але не здолеў пазбегнуць знішчэння, сваім лёсам і magnum opus даводзіць, чаму светлыя надзеі і чаканні — гэта самападман, калі рэжым — таталітарны і кіраваны з Масквы.

Гэтую аповесць я старанна абыходзіў увесь час, спачатку падазраючы яе ў ангажаванасці і палітычным пафасе, чаго вельмі не люблю незалежна ад таго, блізкая мне пазіцыя аўтара ці не, пасля — у беспрасветна нудным стылі.
Можа, калі б трапіла папяровая кніга, то я і не ўзяўся б, але падступна да мяне трапіла аўдыяверсія «У капцюрох ГПУ». Падумалася, што я ўсё роўна нічога не губляю, нават калі захачу праз гадзіну спыніць. Спыняць не прыйшлося, бо Францішак Аляхновіч — надзвычай добры апавядальнік. І вельмі добра, што я не браўся за гэтую кнігу якія-небудзь дзесяць гадоў таму, бо яе жахлівы гістарычны паралелізм саспеў толькі цяпер.

Міраж за межавымі слупамі
Францішак Аляхновіч быў знаным тэатральным дзеячам яшчэ да рэвалюцыі і сам піша, што калісь стараўся стварыць у Менску прафесійны тэатр. За сваю дзейнасць на ніве культуры ён паспеў пасядзець у віленскіх Лукішках і пры царызме, і пры паляках, а на момант апісаных падзей, у 1926 годзе, працаваў пры канцылярскім стале. Не дзіва, што Аляхновіч ухапіўся за словы пасла Пятра Мятлы, які толькі вярнуўся з Менска, што там цвіце беларуская справа, тэатр, а яго самога вельмі чакаюць у Савецкай Беларусі.
«—Тэрор?.. ГПУ… Памятаю, калісь карысталася вялікай папулярнасцю «стенка»…
— Што вы… Але-ж гэта беспаваротна мінавала. Гэта былі часы ваеннага камунізму. Цяпер жыццё зусім нармальнае».
На Віленшчыне тады шырыліся рэвалюцыйныя настроі, усіх захоплівала Сялянска-работніцкая грамада, на чале якой стаяў «атуманены бальшавікамі» Браніслаў Тарашкевіч, а вочы ўсіх зварачаліся на ўсход, дзе ў БССР энергічна праводзілася беларусізацыя, якой цешылася беларуская інтэлігенцыя «з таго і гэтага боку гранічнае мяжы».
У Савецкай Беларусі беларусы бачылі «свой П’емонт, які злучыць парэзаныя рыжскім трактатам беларускія землі». І былі прычыны: беларускія школы, універсітэт, выдавецтвы, тэатр — усё тое, чаго былі пазбаўлены беларусы пад Польшчай.
Душа драматурга, спакушаная чаканнем радаснай і творчай працай і па-езуіцку створаным райскім вобразам беларускай савецкай дзяржавы, не доўга думала над тым, каб адведаць Менск. Да таго ж тыя, хто вяртаўся з Менску, казалі, што яго як творцу там вельмі чакаюць.
Апрацоўка «папутчыка» пачалася яшчэ ў Вільні, калі да яго падышоў незнаёмец, выдаўшы сябе за даўняга знаёмца з Менску і лоўка прымусіў самога Аляхновіча дадумаць, дзе і калі яны маглі сутыкацца раней.
Нядаўна сам трапіўшы ў падобную сітуацыю, пазнаў гэты эпізод з аповесці і спыніў размову — асцярожнасць не будзе лішняй у цяперашняй сітуацыі, бо метады гэбістаў мала змяніліся за сто гадоў, — і гэта бачна па ўсім творы.
Атрымаўшы савецкую візу, ён не мог дачакацца, калі ж зможа патрапіць у Беларусь. Але нават тут, у паўпустым вагоне, яго суправаджалі савецкія агенты.

Адразу па прыездзе Аляхновіч уліўся ў тэатральнае жыццё, але хутка пачалося нешта не тое: яму не давалі выступаць, знаёмыя пазбягалі сустрэч з ім на вуліцы. Пасля выклік у ГПУ на гутарку, пастаяннае сачэнне, другі выклік у ГПУ, атрыманне савецкага грамадзянства і — пастка спрацавала — арышт, новыя допыты і лагер.
Край тэрарыстаў
Аляхновіч стаў «войкаўцам» — адным з многіх, каго ў 1927 годзе пасадзілі ў помсту за тое, што віленскі беларус Барыс Каверда застрэліў у Варшаве савецкага пасла Войкава. Усе яны пакутавалі ў савецкіх лагерах і турмах як «хаўруснікі» Каверды, памагатыя ў тэрарыстычных актах, выкананых Беларускай радай.
Абінавачвані таго часу вельмі падобныя да сённяшніх па сфабрыкаваных палітычных справах. Калі ў «шпіянажы на карысць Польшчы» нічога не змянілася, то ў артыкуле «ўдзел у арганізацыі ці садзейнічанне арганізацыі, якая дзейнічае ў напрамку дапамогі міжнароднай буржуазіі» міжнародная буржуазія саступіла месца «экстрэмістам» і «тэрарыстам».
Аляхновіч меў дурасць напісаць да жонкі, каб яна ліквідавала кватэру ў Вільні і прыязджала да яго ў Менск з дзеткамі. На шчасце маці драматурга, у якой ён спыніўся ў Менску, даслала яго сям’і ў Вільні ліст, у якім эзопавай мовай паведаміла, што «Франук цяжка захварэў». Жонка доўга ламала галаву што гэта значыць, але ў выніку расшыфравала і не паехала, чым зберагла сябе і дзяцей.
Саветы пачалі дыскрэдытацыю Аляхновіча праз «грамадоўцаў», якія наіўна верылі ўсяму, што прыходзіла з Менску. ГПУ распаўсюджвала весткі пра тое, што ён быццам польскі шпіён, а польскія газеты — што савецкі.
«Менск загадаў — Вiльня паслухмяна паслухала…»
Свет за тым краем
Апісаныя вышэй падзеі складаюць першую з дзвюх частак аповесці. Яна адрозніваецца добрым рытмам і лёгкасцю мовы, уцягваючы чытача ў вір падзей і загадкавы міжваенны свет, ад якога, дзякуючы вайне, засталося не так і шмат.

Салавецкі лагер. Фота: РБК
Так выпала, што «У капцюрох ГПУ» быў прачытаны адразу пасля сусветна вядомага рамана, прысвечанага таму ж міжваеннаму часу — і да майго здзіўлення, беларуская аповесць нічым не саступала ў майстэрстве аўтара.
Далей аповесць акунае чытача ў падрабязнасці выжывання ў савецкім Салавецкім лагеры, дзе жыццю пагражалі суровыя лагерныя парадкі, цяжкая праца на лесазагатоўках, хваробы, і крыміналістыя, якія не хацелі мець нічога з каэрамі (контррэвалюцыянерамі) — кулакамі, сялянамі і інтэлігенцыяй.
Пераказваць усе жахі не мае ніякага сэнсу, хоць менавіта гэтая дакументальная частка ўспрымаецца найчасцей як найбольш важная. Хто сам адсядзеў за палітыку ці чуў расповеды вызваленых адтуль, добра ўяўляе, што гэта ніколі не звязная гісторыя, бо кожны дзень падобны да соцень і тысяч іншых, гэта асобныя эпізоды, якія ўсплываюць у памяці, часта без якой-небудзь паслядоўнасці і мала прывязаныя да нейкага канкрэтнага часу. Менавіта такой з’яўляецца другая частка аповесці Аляхновіча.
«Гады на катарзе гэткія падобныя адзін да аднаго, час плыве гэтак аднолькава, што храналогія здарэнняў не трымаецца ў памяці,— застаюцца толькі адны ўражанні — моцныя, незністажальныя, але не ўвязаныя ў ходзе часу», — піша сам аўтар.
Горкія нашага часу
Адзін з эпізодаў, які найбольш запомніўся — «адведзіны Горкага», можа таму, што ў ім пазнавалася больш, чым проста імя пісьменніка. Не, пазнаваўся менавіта тыпаж «Горкага».

Вядомы савецкі пісьменнік у 1929 годзе наведаў лагер, дзе для яго вязнямі была падрыхтавана культурная праграма, якая выклікала ў пісьменніка толькі нуду. Вязні паспадзяваліся, што гэты некалі вальнадумны бунтар зможа расказаць пра іхнія пакуты, пра якія яны яму, скарыстаўшыся момантам, калі пры ім не было аховы, расказалі. Але праз некалькі тыдняў яны прачыталі ў савецкай прэсе словы захаплення Горкага жыццём вязняў у салавецкім лагеры.
«Мы думалі, што гэты «дысананс» паўстрымае пяро пiсьменнiкава ад выпісвання пахвалаў савецкай карнай палітыцы. Сталася інакш», — піша Аляхновіч.
Праз пару дзён Горкі з’ехаў з «савецкага раю» ў ідэалагічна чужую фашысцкую Італію, дзе вёў зусім не пралетарскі лад жыцця, нічым, ні справай, ні словам, не дапамогшы вязням лагера.
Нельга ўтрымацца ад паралелі з некаторымі сённяшнімі асобамі, заангажаванымі беларускім рэжымам у стасункі з палітычнымі вязнямі — яны паслядоўна выконваюць волю ўладаў, выдаючы сябе за нейтральных пасярэднікаў і спрабуюць маніпуляваць зняволенымі людзьмі, даюць публіцы ілжывае ўяўленне пра іхнія ўмовы, а самі пры гэтым могуць свабодна пакідаць краіну і цешыцца ў цёплых водах паўднёвых мораў.
Вызваленне = дэпартацыя
У сярэдзіне 1933 года Аляхновіча кінулі ў ізалятар — ён думаў, што нехта на яго данёс. Праз два дні павезлі праз Ленінград у Маскву, дзе яго кінулі ў Бутырку. Што адбываецца, Аляхновіч не мог зразумець, думаў, што яго чакае чарговы прысуд і новы лагер. У камеру закінулі таксама ксяндза, які быў у адным з ім лагеры. Ад яго Аляхновіч даведаўся, што разам з яшчэ двума ксяндзамі іх перавезлі з Салаўкоў аж на аэраплане! Ніхто з іх не разумеў у чым справа, але прыйшлі да высновы, што іх хочуць абмяняць. Здагадкі і дапушчэнні вельмі вымотвалі псіхічна.
Ксяндзоў сапраўды вызвалілі — іх абмяняла Літва. Як тут не прыгадаць тых беларускіх ксяндзоў, якія цяпер таксама сядзяць у беларускіх засценках ні за што, спадзеючыся толькі на тое, што іх дапамогуць вызваліць калі не Святы Прастол, то Польшча, бо каталіцкі касцёл прыраўняны рэжымам Лукашэнкі да польскага, а значыць варожага.
4 верасня 1933 года Аляхновіча пагалілі і адвялі ў лазню, далі новае нацельнае, пасадзілі ў адзіночную камеру і добра кармілі. Нарэшце па яго прыйшлі гэбісты і растлумачылі, што яго выменьваюць у Польшчу.
«Ад непамернасці шчасця дыханне сперлася ў мяне ў грудзях. Уваччу ўсё закружылася. Я абапёрся аб сцяну, каб не страціць раўнавагі. Нервовая сударга сціснула мяне за горла».
На заўтра яго пасадзілі на цягнік да Менска, там да — Коласава і мяжы.
«Углядаюся ў надпіс: «Коммунизм сметет все границы», які бачыў гэтак даўно — у лістападзе 1926 г., калі ехаў у Савецкае гаспадарства з вераю ў магчымасць беларускае культурнае працы там — у БССР.
Тады гэтак сама была восень, але я ехаў з надзеяй на вясну ў сэрцы. Сёння варочаюся, бадзяка, у вастрожным бушлаце, працверазіўшыся на Салаўках, шчаслівы, што праз момант нага мая пераступіць мяжу краіны «будаўніцтва сацыялізму» — у адваротным кірунку. І сёння восень, але ў маёй душы цяпер светла, сонечна, радасна…»
Як і сённяшнія палітвязні, Аляхновіч да апошняга не ведаў, што яго чакае — новая справа ці вызваленне. І, апрануты ў турэмныя лахманы, не верыў у шчасце, калі перад вачыма паўстала заходняя мяжа. Як і нядаўніх беларускіх вызваленцаў, яго меркавання як грамадзяніна ніхто не пытаў — проста паставілі перад фактам выдварэння.

Аляхновіча абмянялі на Браніслава Тарашкевіча, якога былы вязень Салаўкоў вінаваціў у тым, што той «зламаў чалавечых жыццяў, кіруючы вочы сваіх землякоў на міраж за межавымі слупамі…»
Страшны канец
Напэўна, самы жудасны момант у кнізе — гэта яе канец. Жахі таталітарных сістэм, спосабы расправы з нязгоднымі — да ўсяго гэтага нас ужо падрыхтавалі гісторыя, масавая культура і, на жаль, сённяшні дзень. Але ёсць тое, што сапраўды прабірае да касцей: адчуванне непазбежнага насоўвання зла.
Такога непазбежнага зла, якое ачувалася ў беларускім паветры ў канцы лютага 2022 года: ты бачыш тэхніку з тактычнымі знакамі, чуеш плёткі пра адкладзены на час Алімпіяды напад, прамыя папярэджанні амерыканскага прэзідэнта, спадарожнікавыя здымкі з будаўніцтвам перапраў у чарнобыльскай зоне — але не можаш у гэта паверыць да раніцы 24-га.
У арыгінальным выданні 1937 года Аляхновіч завяршае сваю гісторыю біфштэксам у Стоўбцах і надзеяй на лепшае. «Цяпер — да новага жыцця, да новае працы! Кашмар мінуў», — піша ён.

У часы нямецкай акупацыі ў «Менскай газэце» цягам 1941‑1942 гадоў была надрукаваная дапрацаваная версія аповесці пісьменніка, які са зразумелых прычын вельмі спрыяў антыкамуністычнай прапагандзе новай улады. Аляхновіч дадаў эпілог і некаторыя каментары. Адзін з іх такі:
«Гэтыя ўспаміны напісаныя ў 1934 г. Тады мне й праз галаву не праходзіла, што з бальшавiкамi давядзецца шчэ раз спаткацца».
Кашмар для Аляхновіча мінуў не на доўга, у верасні 1939 года Чырвоная Армія заняла Вільню, і драматург быў вымушаны хавацца ад савецкіх катаванняў, лагераў ці расстрэлу на кватэрах знаёмых.
Гэтыя тулянні і страх перад бальшавікамі ён апісаў у аповесці «Страшны год».
Новы варыянт «У капцюрох ГПУ» падводзіць да заканчэння так:
«Канчаю. Я чуў, кажуць, што я зашмат добрага напісаў аб Саветах. Што ж зрабіць! Я пісаў праўду. А што пры ГПУ крыху лягчэй было, як пры НКВД — гэта не мая віна…»
Трэба прызнаць: твор, за які дагэтуль цкуюць Аляхновіча праўладныя прапагандысты, лепячы з яго ледзь не нацысцкую антысавецкую агітку, не дэманізуе савецкую рэчаіснасць. Наадварот, міжваенная рэспубліка паўстае ў ім, да пэўнага моманту, нават трохі рамантычнай — такой, якой яе ўяўлялі сабе беларускія дзеячы ў Заходняй Беларусі. Чытаючы, я чакаў панурых апісанняў «чырвонага пекла», але іх там няма.
Апошнія радкі аповесці:
«У капцюры НКВД я не трапіў. Пашанцавала. Калi б трапіў, ужо не пiсаў бы гэтых радкоў. І, мабыць, ужо не траплю.
Вільня 1942 г.»Па целе прабягаюць дрыжыкі ад таго, што ведаеш, як скончыцца жыццё аўтара — 3 сакавіка 1944 года яго застрэляць савецкія агенты ў ягонай кватэры ў Вільні.
Аляхновіч уратаваўся ад бальшавікоў і іхняй «сценкі» пасля рэвалюцыі, але сам паехаў за марай у савецкі Менск. Аляхновіч выжыў у Салавецкім лагеры і быў вызвалены польскім бокам, і не чакаў, што калі-небудзь сустрэне «скуластыя мангольскія твары» бальшавікоў. Аляхновіч змог схавацца ад бальшавікоў, калі яны прыйшлі ў 1939 годзе і дачакацца прыходу немцаў. Кожны раз ён не пакідаў надзеі, што цяпер вось для яго ўсё, бальшавікі больш не дацягнуцца да яго.
Але яны дабраліся. Жыццё давала столькі шанцаў, але зло, якое насоўвалася, было няўхільным. Аляхновіч некалькі разоў уратоўваўся ад бальшавікоў, але яны заўсёды вярталіся па яго душу.
Сёння тыя ж самыя небяспечныя ілюзіі засцілаюць вочы многім у беларускай эміграцыі. Хтосьці думае, што зможа праскочыць. Хтосьці — што нічога такога не зрабіў, і яго прабачаць. Хтосьці — што дамовіцца са зверам, які гуляецца з ахвярай перад тым, як зжэрці яе. Але гэта толькі самападман.
Не варта верыць і ў заходнюю мяжу як у надзейны паратунак, якую ідэйныя спадчыннікі бальшавікоў-гэбістаў не пасмеюць перакрочыць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЗ раскошным катафалкам і жалобнай працэсіяй. Каго з беларусаў хавалі ў Вільні з найбольшай помпай?
Віталь Бандарук: Да Севярынца баяліся падыходзіць нават звычайныя зэкі
Лідара «Зялёных» Змітра Кучука ў калоніі паставілі ў «нізкі статус»
Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй
Каментары
Вядомы прыклад пра Хэмінгуэя, у якога была паранойя і дэпрэсія, ён лічыў, што ФБР за ім сочыць. Пасля выявілася, што так і было.
Так што адно (змены ў псіхіцы) не адмаўляе другога (рэальнае сачэнне). І другое можа паўплываць на з'яўленне першага.
Не блытаць з проста тупымі людзьмі, якія думаюць канспіралогіяй, таму што гэта энергетычна эканомней за крытычнае мышленне.