Грамадства11

«Конь для нас — як чалавек». З'явіліся падрабязнасці, як быў смяротна паранены конь у Лідзе

Днямі з'явілася інфармацыя, як падчас выступлення на Дні горада ў Лідзе быў смяротна паранены конь. Пасля выхаду матэрыялу з рэдакцыяй выдання «Анлайнер» звязаўся чытач па імені Уладзіслаў і расказаў, што таксама быў сведкам таго інцыдэнту. Ён даслаў відэа, на якім бачна, якім чынам жывёла атрымала раненне. Пасля таго рэдакцыя зноў звязалася з уладальнікам каня і дырэктарам клуба «Залатая шпора» і прапанавала яму выкласці сваё бачанне сітуацыі.

Скрыншот з відэа

Інцыдэнт адбыўся 13 верасня ў Лідзе падчас правядзення Дня горада. У гэты дзень для мясцовых жыхароў і гасцей праводзілася шмат розных актыўнасцяў. У дворыку Лідскага замка ў 16:00 пачалася праграма «Лідскія ваяры», дзе выступаў клуб «Залатая шпора».

Чытачка «Анлайнера» Вікторыя расказала, што адным з нумароў праграмы было кіданне дзіды на скаку. Пазней прадстаўнік клуба ўдакладніў, што кідалі суліцу — гэта кідальная дзіда на кароткім дрэўку. Мяркуючы па відэа і фота з шоу, выкарыстоўвалі функцыянальную імітацыю зброі стандартных для кідальнай дзіды памераў 1,2—1,5 метра.

Падчас аднаго з нумароў Вікторыя назірала, як пры кіданні дзіды вершнікам яна адскочыла і трапіла проста ў грудзі каня. Як высветлілі журналісты, жывёліну пасля таго адвялі за кулісы і спрабавалі выратаваць: спачатку медыкі звычайнай хуткай, пасля — ветдоктар. Але траўма аказалася несумяшчальная з жыццём — гэтую інфармацыю пазней пацвердзіў сам уладальнік каня.

Пасля выхаду матэрыялу ў рэдакцыю таксама звярнуўся чытач па імені Уладзіслаў і расказаў, што таксама быў на мерапрыемстве, дзе паранілі каня, і здымаў тое, што адбываецца, на смартфон.

Хлопец перадаў у рэдакцыю два запісы: на першым выяўлены момант (пра яго таксама згадвала суразмоўца з першага матэрыялу) з дзяўчынай-вершніцай, дзіда якой пасля няўдалага кідка адскочыла ад шчыта і паляцела вострым наканечнікам наперад у кірунку, дзе знаходзіліся гледачы. Палёт дзіды быў спынены ўдарам аб цела каня. Гэты момант, як стала зразумела са слоў чытачоў, якія звярнуліся ў рэдакцыю, папярэднічаў таму, дзе конь ужо быў паранены смяротна.

Другое відэа тычыцца непасрэдна трагічнага інцыдэнту. Паколькі ўсё адбываецца вельмі хутка, журналісты запаволілі фрагмент, які паказвае, якім чынам дзіда трапляе ў цела каня. На запісе відаць, што дзіда ўдарацца аб драўляны шчыт, рыкашэціць ад яго, пераварочваецца вострым наканечнікам уверх, тупым канцом дрэўка ўпіраецца ў зямлю — і ў тую ж секунду на яго грудзьмі наскоквае конь.

Увага! Відэа не прызначана для прагляду ўражлівым людзям.

Менавіта так апісвала падзеі і чытачка Вікторыя:

«У нейкі момант пры чарговай спробе дзіда адскочыла і трапіла проста ў грудзі каня».

Увага на гэты момант звяртаецца таму, што ў клубе інакш каментуюць тое, што адбылося з канём падчас выступу.

«Кожны конь для нас — як чалавек»

Перад выхадам першай часткі матэрыялу журналісты «Анлайнера» звязваліся з уладальнікам клуба Паўлам Калінковым і прасілі падзяліцца сваім бачаннем таго, што адбылося. Тады ён даў кароткі каментар і адмовіўся дзяліцца падрабязнасцямі гісторыі. Паўторна да Паўла звярнуліся ўжо пасля таго, як у распараджэньні рэдакцыі з'явілася відэа інцыдэнту. Гэтым разам ён пагадзіўся выкласці сваю пазіцыю (пры гэтым не бачачы фрагменты відэа, якія даслаў у рэдакцыю чытач). Яго словы прыводзяцца практычна даслоўна:

— Для нас гэта жудасная трагедыя. Кожны конь для нас — як чалавек, як сябар. І калі гіне сябар, не вельмі хочацца з кімсьці дзяліцца інфармацыяй, пачуццямі, болем. І таму мы думалі, што можна будзе адмаўчацца. Але адмаўчацца нельга, таму што пайшла такая хваля негатыву і хайпу, што, шчыра кажучы, мы ў шоку ад таго, наколькі можа накруціцца.

Сітуацыя была такая. «Залатая шпора» выступае ў гэтага тыпу шоу ўжо 22 гады […] І кожны год мы робім такія прадстаўленні — усё было добра. Дзяўчынка (чытачка «Анлайнера») апісала сітуацыю вачыма спалоханай жанчыны, якая не разумее нічога ні ў чым.

Калі хлапчук, хлопец (яму каля 30), кідаў кароткую дзіду (называецца «суліца» або «дзіда» па-беларуску), яна даўжынёй каля метра. Адзін на мільён, магчыма, [быў] такі шанец, але ён, на жаль, трагічна спрацаваў. Гэта значыць дзіда вылецела, перавярнулася, наканечнік быў увогуле ў другім баку. Наканечнікам яна нікуды не ўтыркнулася, як дзяўчынка піша, што наканечнікам мы кагосьці тыркаем, нічога такога не было. Яна ўваткнулася тупым бокам: зламалася ад напору (конь важыць вельмі шмат, гэты конь важыць каля чатырохсот кілаграмаў, і на галопе гэта страшэнная маса), яна зламалася і вострым канцом, на жаль, нанесла траўму каню, якая несумяшчальная была з жыццём.

Але мы тады яшчэ гэтага не ведалі і таму імгненна адвялі каня і тут жа пачалі празвоньваць ветэрынараў. Пачалі вызвоньваць мяне. Я ў гэты час быў у Маскве на здымках кіно. Паралельна я з Масквы выклікаў ветэрынараў, яны паралельна самі выклікалі ветэрынараў з Мінска. Я сам Гродзенскую вобласць абтэлефанаваў усю — усіх знаёмых [ветэрынараў]-коннікаў праз дзясятыя рукі знаходзіў.

Тут жа, каб неяк каню дапамагчы, хлопцы пабеглі да медыкаў чалавечых, звычайных. Імгненна былі ўколы абязбольвальныя ўколатыя […] Мы змагаліся, але, на жаль, праз некалькі гадзін конь памёр.

І пра нас пішуць як пра жывадзёраў. А вы бачылі твары тых хлопцаў, якія там былі? Для нас коні не проста жывёлы. Гэта не сродкі перамяшчэння. Гэта нашы сябры, гэта жывыя істоты, гэта родныя нам істоты. Сітуацыя адбылася такая, што на гэты момант змяніць нічога нельга.

Натуральна, мы вынеслі ўрокі з усяго гэтага. Мы яшчэ больш будзем працаваць над бяспекай. Дзяўчынка піша, што была небяспека трапіць у людзей — поўнае трызненне. Але як даказаць? Мяне там нават не было.

Я ведаю, як я працую з хлопцамі, як я тлумачу, паказваю, што рабіць. Хлопец, які сядзеў верхам, у сядле больш за дзесяць гадоў, асабіста ў мяне ён у трэнінгу пяць гадоў, ён здае кожны год экзамен. Члены клуба «Залатая шпора» кожны год здаюць экзамен — называецца «агляд «Залатой шпоры», дзе яны паказваюць і выездку, і трукі, і дрэсіроўку, і працу са зброяй. Яны да гэтага экзамена кожны год рыхтуюцца.

То-бок гэта проста выпадковасць трагічная, і мы не можам нічога змяніць. І нам вельмі цяжка з-за гэтага, і гэта вельмі балюча. Менавіта з-за гэтага мы спрабавалі прамаўчаць, таму што дзяліцца болем, шчыра кажучы, не кожны любіць і ўмее. […]

— Павел, дзяўчына, якая звярнулася ў рэдакцыю, расказала, што яшчэ да інцыдэнту быў момант, калі дзіда трапіла ў цела іншага каня.

— Ведаеце, я вельмі здзіўлены. Па-першае, мяне там не было, я не магу стопрацэнтна сказаць. Я быў за тысячу кіламетраў у Маскве. Але я вельмі здзіўлены, як яна, па-першае, магла ўбачыць на трыбуне, што зламалася. То-бок, калі зламалася так моцна, то ніхто б яго не кідаў, таму што гэта трызненне. А калі зламалася трошкі, то як гэтая дзяўчынка ўбачыла, што яно зламалася? І потым, калі яна ўбачыла, што зламалася, чаму яна сцвярджае, што мы ледзь не рукамі праткнулі каня наканечнікам?

А сайт [назва сайта] наогул напісаў, як быццам на рыцарскім турніры проста спецыяльна дзідамі білі каня. Гэта значыць, мы проста ў шоку ад таго, што людзі могуць пісаць, шчыра кажучы.

— У распараджэнні рэдакцыі ёсць відэа ад чытача, дзе адлюстраваныя абодва гэтыя моманты. Там відаць, што дзіда трапляе ў цела каня яшчэ ў папярэдняй вершніцы.

— Калі б дзіда зламалася, яе б проста не ўзялі далей кідаць, таму што які сэнс кідаць зламаныя дзіды?

— А там была толькі адна дзіда на ўсіх?

— Чатыры, чатыры суліцы. І разумееце, мы гэтым займаліся з 2002 года. Дваццаць тры гады. Можаце сабе ўявіць працэнт выпадковасцяў, наколькі [часта] гэта ўсё прылятала?

— Яшчэ пытанне: чытач, які даслаў відэа, таксама казаў пра небяспечнасць нумара і пра тое, што можна было, напрыклад, замест драўлянага шчыта, ад якога адляталі дзіды, выкарыстоўваць мяшкі з пяском ці нешта кшталту гэтага.

— Як жа вам растлумачыць? Па-першае, з арганізацыяй… Лідскі замак — выдатны арганізатар, і мы вельмі рады з імі працаваць. […]

Па-другое, вельмі лёгка меркаваць задняй датай, праўда?

Па-трэцяе, такі тып працы («дроцікі», «суліцы», дзіды — гэта адно і тое ж) па ўсім свеце выкарыстоўваюць нашы калегі ў Францыі, Германіі, Англіі, Расіі, у Маскве. Я асабіста вось таксама перад здымкамі ў кіно ўдзельнічаў у турніры, дзе тое ж самае рабіў, разумееце? Гэта паўсюдна распаўсюджаная па ўсім свеце праца са зброяй.

Каментары1

  • Навошта гэта цыркавая жывадзерня
    27.09.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Колькі сёлета трацілі на вяселлі ў Беларусі? Сабралі рэальныя лічбы тых, хто пабываў у ЗАГСе1

Колькі сёлета трацілі на вяселлі ў Беларусі? Сабралі рэальныя лічбы тых, хто пабываў у ЗАГСе

Усе навіны →
Усе навіны

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя5

Кампанія-аднарог з беларускімі каранямі заплаціць мільёны даляраў за злоўжыванне асабістымі данымі

У Мінску затрымалі «групу нацыстаў». На відэа ў асноўным украінская сімволіка9

Як Капенгаген стварыў «зялёную хвалю» для веласіпедыстаў3

Як Расія з дапамогай карабля-шпіёна сочыць за падводнымі кабелямі Еўропы

Беларускія фуры стаяць у шматкіламетровых чэргах на мяжы Расіі і Казахстана3

Лукашэнка хоча на грошы, якія засталіся ад будаўніцтва АЭС, пабудаваць яшчэ адзін блок

Трамп запатрабаваў ад Эрдагана спыніць закупкі расійскай нафты

«Уладзімір Уладзіміравіч нічога не хавае ад мяне». Лукашэнка ў Маскве дэманстраваў даверлівыя адносіны з Пуціным

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі сёлета трацілі на вяселлі ў Беларусі? Сабралі рэальныя лічбы тых, хто пабываў у ЗАГСе1

Колькі сёлета трацілі на вяселлі ў Беларусі? Сабралі рэальныя лічбы тых, хто пабываў у ЗАГСе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць