Закрыццё паветранай прасторы Літвы на мяжы з Беларуссю падоўжылі да снежня
Паветраная прастора Літвы над часткай тэрыторыі, што прымыкае да мяжы з Беларуссю, застаецца закрытай як мінімум да 1 снежня. Пра гэта паведамілі ў літоўскай арміі, піша BNS.

Абмежаванне было ўведзена 21 жніўня і першапачаткова планавалася, што яно будзе дзейнічаць толькі да кастрычніка. Прычына — пагроза бяспецы, у тым ліку рызыкі для цывільнай авіяцыі, звязаныя з парушэннямі паветранай прасторы беспілотнікамі.
Міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене адзначыла, што закрыццё будзе дзейнічаць, пакуль не набудзе моц новы заканадаўчы парадак, які дазволіць галоўнакамандуючаму аператыўна закрываць патрэбныя зоны паветранай прасторы. Цяпер працягваецца праца над практычнай рэалізацыяй: ствараюцца неабходныя тэхнічныя рашэнні, алгарытмы і сістэмы.
На мінулым тыдні Сейм прыняў папраўкі, якія дазваляюць войску хутчэй і прасцей нейтралізаваць беспілотнікі, што ўяўляюць пагрозу, а таксама пры неабходнасці звяртацца да авіяцыйных службаў з патрабаваннем неадкладна абмежаваць палёты ў асобных зонах.
Гэтыя змяненні звязаныя з інцыдэнтамі летам, калі ў паветраную прастору Літвы ўварваліся два расійскія беспілотнікі тыпу Gerbera, адзін з якіх нёс выбухоўку.
Каментары