Усяго патроху99

Траскоўшчына. Цяжкія наступствы візыту Лукашэнкі

Падарожжа Змітра Бартосіка.

У вёску Траскоўшчына, што паміж Менскам і Ракавам, я ехаў з мэтай пабачыць унікальны млын паноў Свентажэцкіх.
Краязнаўцы казалі, што гэта незвычайны і вельмі рэдкі архітэктурны помнік. Ды яшчэ аточаны прыгожым ляндшафтам. Траскоўшчына ляжыць сярод пагоркаў, парослых густым лесам. Яна нібы схавалася ад шумнага ракаўскага тракту. На ўезьдзе ў вёску ў вочы кінуўся дзіўны забараняльны знак. Нейкі жартаўнік намаляваў у крузе лічбу «37». Асацыяцыя больш чым празрыстая.

У цэнтры вёскі — невялікі панылы сквэр, двухпавярховы будынак былой школы бяз даху і аднапавярховы цагляны дамок пошты.
На ганку сядзіць пара кабет пэнсійнага веку. Адна мажная, чырванатварая, другая худзенькая. Абедзьве пад лёгкім шафэ. Я накіраваўся да іх, каб спытацца ўсяго толькі дарогі да млына. Але даведаўся значна цікавейшых рэчаў.

— Млын? Вам трэба такі млын? Можа, рэстаран хочаце зрабіць?

— Я падобны да чалавека, які можа зрабіць рэстаран?

— Падобны. Чаму не?

— А нашто вам млын наш?

— Там вельмі прыгожа.

— Панскі сад па сёньняшні дзень стаіць.

Больш за ўсё я цаню ў нашых людзях уменьне і жаданьне пераходзіць на мову суразмоўцы.
Гэта значыць — на беларускую.
Тое, чаго немагчыма дабіцца ад чыноўнікаў і афіцыянтаў сталічных рэстарацыяў, я часта назіраю ў закінутых вёсках. І гэтыя дзьве падпітыя калгасьніцы для мяне — большыя эўрапейкі, чым фанабэрыстыя гарадзкія «жэншчыны».
Гэтая якасьць, можа, і ня робіць з калгасьніцы высакародную лэдзі, але адназначна ўздымае яе ў маіх вачах над усімі начальнікамі, уключаючы самага галоўнага. Тая, што мажнейшая, распавяла мне страшную легенду гэтых мясьцін. Прычым з такой сьлязой, быццам гісторыя адбывалася літаральна ўчора.

— Там жыла пані. І пані сваю служанку, што карміла сьвіньні... Яна была сірата. І яна мыла пані ў малацэ. У каровіным купала пані. І сірата гэтая папіла гэтага малака. А пані за гэта яе пакарала. І пасадзіла яе ў пограб, а там яе зьелі пацукі. Вы толькі не падумайце, што я якая дурная. Замучылі дзевачку! Пані купалася, а дзіця таго малака папіла.

Тым часам да нас падышла інтэлігентнага выгляду бабуля. Былая настаўніца тутэйшай школы. І зацікавілася маімі дакумэнтамі.

— А вы з залежнай газэты ці зь незалежнай?

— Зь незалежнай.

— Я кожны дзень слухаю Радыё Свабода. Яны нічога ня ведаюць. Іх Лукашэнка задурыў так, што яны толькі яму вераць. А на мяне тут абзываюцца — «апазыцыя».

— Вам Лукашэнка валёнкі купіў!

Толькі тут я заўважыў у канцы вуліцы абліцаваны бэзавай пліткаю трохпавярховы палац. Дом-інтэрнат для вэтэранаў вайны і працы «Сьвітанак». Куды напярэдадні Новага 2011-га году прыяжджаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. І ягоны візыт тут узгадваюць зь ня меншымі эмоцыямі, чым страшны лёс панскай пакаёўкі.

— Вы ведаеце, адкуль платы? Лукашэнка ехаў.

— Казалі форткі ў хаце не адчыняць, на вуліцу не выходзіць.

— А вы яго бачылі?

— Нам сказалі ў хаце зачыніцца і не высоўваць носу.

— Тут жа было міліцыі столькі. Столькі сагналі гэтых снайпэраў. Яны былі ва ўсіх лясах. У такіх валёнках. А людзей... Ніводнага чалавечка не падпусьцілі. У мяне ў двары, можа, пяць чалавек стаяла.
Іду ў туалет. «Бабуся, ты куды?» «Я ў туалет іду». Карацей, было столькі. І ніводнага чалавека не пусьцілі. А прывезьлі нейкіх сваіх у аўтобусе, падстаўных. Якія там і пелі, і танцавалі. Чай пілі там.

— Дык што, нават не выпускалі ў туалет схадзіць? У сябе на падворку?

— Пыталіся. «Куды?» «Схадзіце да дванаццаці. А потым каб не выходзілі нікуды!» А я ўсё роўна ішла.

— Ну, народу спадабаўся візыт?

— Абураліся. Што нават не паказалі. Што ніхто ня бачыў яго.

Пра падстаўных вяскоўцаў я чуў ужо ня раз. У тых месцах, дзе бывае кіраўнік дзяржавы, заўжды зьяўляюцца шчасьлівыя пасяляне і пасялянкі.
Як у казцы пра ката ў ботах. Цікава, у якіх тэатрах яны набіраюць гэтую масоўку? Як праходзіць кастынг? Ці вялікія там ганарары? За маркізам Карабасам езьдзіць пастаянная трупа ці акторы мяняюцца?

Хто лічыць галоўным сымбалем лукашэнкаўскай эпохі бібліятэку, хто — лядовыя палацы. Але чамусьці незаслужана абмінаюцца ўвагаю бэтонныя платы.
Якія паўсталі за апошнія гады ўздоўж дарог і вуліц. І, як правіла, там, дзе адбываліся «Дажынкі» ўсіх маштабаў і дзе праехаў хоць які начальнік. Напэўна, калі скласьці ўсе гэтыя платы ў адзін, то ён разгародзіць сабой усю плянэту. Але ж да сьвятой справы стаўленьня платоў прыцягваюцца ня толькі платовыя спэцыялісты, але і цывільнае насельніцтва. Напрыклад, у халодным сьнежні 2010-га траскоўшчынскіх людзей прымушалі прыбіраць сухую траву.

— Вас прымушалі ставіць?

— Канечне. Не платы ставіць. А дзёрці траву, парадак навадзіць. Я інвалідка другой групы. Што тут рабілася! Людзей спытайце. Усіх прымушалі траву дзёрці.

Па бэтонных платах можна адсачыць маршруты галоўнага беларускага начальніка.
Аўгусьцейшыя платы, як правіла, робяцца аўралам, абы з рук, і гатовыя ўпасьці адразу пасля ад’езду борта нумар 1. Дарэчы, за тое, што мая суразмоўніца не паслухала загаду і ня стала зьбіраць траву, яе хацелі пакараць.

— Гэтыя слупы паставілі, сказалі, што зацэмэнтуюць. І да сёньняшняга дня. Некаторым зацэмэнтавалі. А мне так і кінулі. Я званіла, званіла.

— І на вас хацелі яшчэ накласьці штраф?

— Канечне, выклікалі. Я ўжо тыя паперкі парвала.

— Вы ім не заплацілі?

— Не.

— Маладзец.

— Нават і не паехала.

Пэнсіянэр Раман Раманавіч жыве, на сваё няшчасьце, якраз насупраць таго дома састарэлых, куды і прыяжджаў Лукашэнка. І тае раніцы не забудзе ніколі.

— Я прачынаюся раніцай, гадзіне а дзявятай. Думаю — што там трашчыць? А гэта плот ламаюць. Рукамі, нагамі.

— Нават без дазволу.

— Ніхто нічога не пытаў. Прыйшлі, паламалі. Вось і ўвесь дазвол.

Гаспадар паказвае месца, дзе быў ягоны нармальны драўляны плот. І дзе цяпер пустка.

— Так. Яго паламалі сіламі МНС. Яны сказалі, што паставім другі.

— І прайшло больш за год.

— І ўсё ён ставіцца. Пісаў у райвыканкам. Той спаслаўся на сельсавет. А сельсавет сказаў, што мы яго ставілі, мы яго і зьнялі. А хто яго ставіў? Сельсавет яго ня ставіў. Вось так і па сей дзень.

Калі я ўсё гэта слухаю, мяне не пакідае думка, што нехта з атачэньня прэзыдэнта тонка працуе па ягонай дыскрэдытацыі.
Бо ўсё гэта — і снайпэры ў лесе, і міліцыянты на падворках, і паламаныя платы нагадваюць кадры нямецкай кінахронікі пра аблаву на партызан.

— Вось купіў дом чалавек. А тут зь сеткі агароджа была. І стаяла з дошак зьбітая паветка з дровамі. Паветку разабралі, спалілі, а дровы зьвезьлі. І з канцамі. Вось як цікава атрымліваецца.

— Пранеслася стыхійнае бедcтва.

Я магу зразумець, навошта ставяць новыя платы. Гэта даніна прыгажосьці. Гэта каб было «красіва». Я нават магу зразумець часовы хатні арышт вяскоўцаў. А раптам скажуць прэзыдэнту нешта ня тое. Але нашто і куды ў мужыка зьвезьлі дровы? Ну не ў Дразды ж!
Карацей, хоць ты выпускай інструкцыю для тых, каго ашчасьлівіць сваім візытам галава дзяржавы. Выкасіць траву пад сьнегам, каб не нарывацца на штраф. Купіць біятуалет каб ня трапіць часам у прыцэл снайпэра. І, галоўнае, схаваць дровы.

А млын у Траскоўшчыне сапраўды прыгожы. У маўрытанскім стылі. На беразе лясной сажалкі.
Ён яшчэ прастаіць не адно стагодзьдзе. І перастаіць любыя жалезабэтонныя платы.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі34

Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам5

Лукашэнка назваў сябе трампістам21

Назвалі прычыну аварыі грузавога цягніка на Смаленшчыне3

Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш2

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя6

Кампанія-аднарог з беларускімі каранямі заплаціць мільёны даляраў за злоўжыванне асабістымі данымі

У Мінску затрымалі «групу нацыстаў». На відэа ў асноўным украінская сімволіка9

Як Капенгаген стварыў «зялёную хвалю» для веласіпедыстаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць